Дзень вёскі прайшоў у Камаях: свята пакаленняў і народнай мудрасці

Культура

Вераснёўскі дзень падарыў жыхарам аграгарадка Камаі душэўнае свята — дзень вёскі. Гэта была не проста мерапрыемства, а дружная сустрэча пакаленняў, дзе кожны адчуваў сябе часткай адной вялікай сям’і.

Свята пачалося з урачыстага благаславення і цёплага прывітання пробашча мясцовага касцёла ксяндза Яцэка Хутмана. Яго словы пра веру, мір, еднасць і важнасць захавання хрысціянскіх традыцый сталі духоўнай асновай свята. Эстафету віншаванняў пераняў старшыня Камайскага сельскага Савета Генадзій Урбанайць. Ён шчыра падзякаваў жыхарам за іх любоў да роднага краю і штодзённую працу, якая робіць Камаі прыгажэйшымі і больш утульнымі.

Дзень вёскі прайшоў у Камаях: свята пакаленняў і народнай мудрасці

Дзень вёскі прайшоў у Камаях: свята пакаленняў і народнай мудрасці

Дзень вёскі прайшоў у Камаях: свята пакаленняў і народнай мудрасці

Адметнасцю сёлетняга свята стала тое, што яно праходзіла пад знакам шанавання сям’і і чалавечай мудрасці. Сапраўдным прыкладам для пераймання стала сямейная пара Зінаіды і Івана Харытонавых, якія сёлета адзначылі знамянальны юбілей — залатое вяселле. Гэты сямейны саюз выклікаў шчырыя апладысменты і захапленне ўсіх прысутных. Юбілярам жадалі моцнага здароўя і яшчэ шмат шчаслівых гадоў сумеснага жыцця.

Паколькі бягучы год аб’яўлены Годам беларускай жанчыны, асаблівая ўвага была ўдзелена менавіта прадстаўніцам прыгожай паловы чалавецтва. Са сцэны гучала шмат кранальных слоў у адрас працавітых, мудрых, таленавітых і адданых сваёй справе камайскіх жанчын. Яны — сапраўдны гонар аграгарадка. Простыя вяскоўкі даказалі, што яны здольныя не толькі на працоўныя подзвігі, але і валодаюць неверагодным творчым патэнцыялам. Выходзячы на святочную сцэну з гумарыстычнымі сцэнкамі, вясёлымі песнямі і танцамі, яны дарылі гледачам хвіліны пазітыву.

Дзень вёскі прайшоў у Камаях: свята пакаленняў і народнай мудрасці

Дзень вёскі прайшоў у Камаях: свята пакаленняў і народнай мудрасці

Дзень вёскі прайшоў у Камаях: свята пакаленняў і народнай мудрасці

Успомнілі на свяце і найстарэйшую жыхарку аграгарадка — Веру Каравацкую, якой мінуў 91 год. Нягледзячы на паважны ўзрост і няпросты жыццёвы шлях, жанчына застаецца жыццялюбівай, з нязломнай верай. Яе мудрасць і добрая ўсмешка натхняюць маладзейшае пакаленне цаніць кожнае імгненне жыцця.

Не засталіся без увагі і тыя, хто кожны дзень шчыруе на палях і фермах ААТ “Камайскі-агра”. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Віталій Цыронак асабіста падзякаваў работніцам гаспадаркі за іх старанную, самаадданую працу і высокія вынікі.

Насычанай і разнастайнай была канцэртная праграма. Сапраўдным падарункам для аматараў паэтычнага слова стала выступленне мясцовага паэта Валерыя Лешчыка, які добра вядомы пад сваім творчым псеўданімам Ян Рыба. Яго пранікнёныя і блізкія кожнаму сэрцу вершы пра родную вёску, каханне і чалавечыя лёсы выклікалі шчыры водзыў у душы кожнага слухача.

Дзень вёскі прайшоў у Камаях: свята пакаленняў і народнай мудрасці

Дзень вёскі прайшоў у Камаях: свята пакаленняў і народнай мудрасці

Дзень вёскі прайшоў у Камаях: свята пакаленняў і народнай мудрасці

Падчас урачыстасці былі ўшанаваны гаспадары найпрыгажэйшых вясковых падворкаў. Гэтыя людзі ўпрыгожваюць кветкамі і дэкаратыўнымі элементамі свае сядзібы, падаючы выдатны прыклад суседзям. Старшыня сельскага Савета Генадзій Урбанайць уручыў руплівым гаспадарам падзякі.

Прыцягвала ўвагу і багатая выстава «Дары восені», якая разгарнулася ў фае сельскага Дома культуры. Мясцовыя жыхары прынеслі плады са сваіх агародаў і садоў, якімі сёлета шчодра аддзячыла камайская зямля. Вочы разбягаліся ад спелых гарбузоў, буйной, адборнай бульбы, сакавітых буракоў і салодкай морквы. Гэтая выстава стала сапраўдным сімвалам багацця, шчодрасці і гасціннасці мясцовага краю. А колькі розных вырабаў ствараюць таленавітыя жыхары Камай сваімі рукамі! Іх таксама можна было ўбачыць на выставе.

Свята вёскі ў Камаях пакінула пасля сябе цёплы і светлы след. Яно паказала, што самае галоўнае багацце гэтага краю — яго людзі: працавітыя, таленавітыя, з добрымі, шчодрымі сэрцамі і залатымі рукамі.

Алена Кашаева, загадчыца Камайскага сельскага Дома культуры



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.