Чемпионат Беларуси по футболу. Вторая лига. ФСК «Поставы»–ФК «ДЮСШ-Орша» – 3:3

Спорт и туризм

Зноў упусцілі перамогу

ФСК «Паставы»–ФК «ДЮСШ-Орша» – 3:3

Абедзве каманды перад гульнёй паміж сабой шанцаў на медалі не мелі. Іх канкурэнты ў барацьбе за «бронзу» — міёрцы і гарадокцы — апошнім часам гуляюць вельмі ўдала. Дадзеным матчам пастаўчане планавалі ўзяць рэванш у аршанскай каманды за асечку ў першым крузе. Аднак у іх узніклі сур’ёзныя кадравыя праблемы: адсутнічалі асноўны варатар і 4 вядучыя футбалісты. Тым не менш ужо на 1-й хвіліне маглі вызначыцца. Зрабіць гэта ім не дазволіў 16-гадовы аршанскі галкіпер Станіслаў Мядз­вецкі. Сапернік разлічваў на свае вострыя контр­атакі і з другой спробы на 15-й хвіліне дабіўся свайго: з блізкай адлегласці ўдарыў па варотах Андрэй Раманаў — 0:1. Неўзабаве ФК «ДЮСШ-Орша» мог павялічыць сваю перавагу, але наш рэзервовы варатар Дзяніс Маршын выбіў мяч з лініі варот. А перад перапынкам пастаўчане ўзмацнілі націск. У выніку на 37-й хвіліне цэнтрфорвард Герман Чалей з пенальці аднавіў раўнавагу. Але праз 5 хвілін зноў выйшаў наперад сапернік. Скарыстаўшыся памылкай абаронцаў, гол у нашы вароты забіў Мікіта Іваноў — 1:2.

У другім тайме гульнявой ініцыятывай прадказальна завалодалі пастаўчане. Незадаволеныя аршанцы адышлі ў абарону. ФСК «Паставы» стаў праводзіць небяспечныя атакі. Праз гадзіну барацьбы наш капітан Андрэй Вілейта абыграў свайго апекуна і трапна стрэліў у далёкі вугал варот — 2:2. Канцоўка супрацьстаяння засталася за нашай камандай. Пасля ўдараў Паўла Пучынскага і Мікіты Давідоўскага мяч, на жаль, прасвісцеў побач са штангай. Да таго ж нашы землякі ледзь не зрэзалі мяч ва ўласныя вароты. Затое на 76-й хвіліне гарадскі стадыён выбухнуў воклічамі «малайцы!», бо пасля падачы вуглавога вопытны апорны паўабаронца Ігар Павініч ударам галавой правёў вельмі прыгожы гол — 3:2.

Пастаўчане маглі развіць сваю перавагу, але нападаючы Герман Чалей не скарыстаўся зручным момантам. З-за гэтага крыўднага эпізоду ён прабіў пасля свістка, чым зарабіў другое папярэджанне і быў выдалены. Аршанцы на апошняй хвіліне здолелі адыграцца: іх трэнер Дзмітрый Суздальцаў, які гуляў у скла­дзе каманды, навясным ударам аднавіў раўнавагу — 3:3.

У дадатковы час у нашых былі дзве магчымасці выр­ваць перамогу. На жаль, капітан Андрэй Вілейта прамахнуўся. На дадатковай 3-й хвіліне яго збілі ў штрафной. Прызначаны пенальці моцна прабіў наш малады абаронца Мікіта Зелянкевіч. Але галкіпер саперніка ўгадаў траекторыю палёту мяча і прынёс сваім таварышам баявую нічыю.

Супраць аршанцаў змагаліся Маршын, М. Зелянкевіч, Пучынскі, Рогач, Касенка, Каралёнак, Якаўлеў, Павініч, Давідоўскі, Вілейта (к), Чалей.

Перад трохтыднёвай паўзай у першынстве наш наступны сапернік — «Полацк-2019»—саступіў (1:4) на выездзе ў Міёрах. Аднаасобны лідар — віцебскі «Велес» — з лікам 1:0 перамог саперніка ў Сянно. Астатнія матчы тура прайшлі вынікова: «Газавік» (Віцебск)—ФК «Лепель» — 16:0, «Ніва» (Талачын)—«Гарадскія львы» (Гарадок) — 1:8. У актыве пастаўчан — 15 ачкоў, яны па-ранейшаму на 6-м месцы ў турнірнай табліцы. А зараз распачнуць барацьбу ў розыгрышы Кубка Віцебскай вобласці.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.