Пчеловодам Тамаре и Александру Диковичам работы хватает круглый год

Важное Общество

Мёд не даецца лёгка ні пчале, ні пчаляру

У маляўнічым ціхім месцы — на хутары Абалонь Шаркаўшчынскага раёна — знаходзіцца Полаўскае лясніцтва. Абапал дарогі, якая да яго вядзе, пасаджаны клёны, ліпы розных сартоў, каштаны, глог. Гэта сад меданосаў. Навокал — вялікі яблыневы сад, а за ім — лес. Тэрыторыя вакол будынка лясніцтва, нягледзячы на сёлетняе сухое лета, патанае ў шматколернасці кветак. Удыхаю іх водар, захапляюся прыгажосцю і дагледжанасцю. Ведаючы, што побач пчальнік, асцерагаюся пчол.

— Не бойцеся, — зразумеўшы маю трывогу, кажа ляснічы Аляксандр Дзіковіч. — Вуллі — за высокай агаро­джай. І ў пчол — свая дарога.

Але ўсё ж, перш чым адправіцца на пчальнік, надзяваю шапку-маску пчаляра. Вуллі размешчаны пад разгалістымі яблынямі, нястомныя працаўніцы-пчолы гудуць ля сваіх хатак, за імі вельмі цікава назіраць.

Пчаляры Тамара і Аляксандр Дзіковічы

— Пчолы ў нас пароды бакфаст, — распачынае экскурсію па сваіх уладаннях ляснічы Полаўскага лясніцтва Аляксандр Дзіковіч. — Яны прадукцыйныя і мірныя. Не любяць шуму, рэзкіх рухаў. Каб зразумець пчол, чалавеку не хопіць жыцця. Кожны дзень адкрываю для сябе штосьці новае, веды пра іх паглыбляю праз інтэрнэт. Паколькі цяпер маім памочнікам з’яўляецца жонка, удасканальваем майстэрства разам.

Тамара здымае з вулея дах, Аляксандр акуратна акурвае кораб. Мне нават у масцы стаяць побач крыху няўтульна. А пчаляры спакойна дастаюць рамкі, аглядаюць соты і расказваюць пра гэтых дзіўных насякомых. Мяне ўразіла не толькі пчаліная «магія», але і тое, з якой любоўю муж і жонка адносяцца да працавітых пчол, як захоплены сваім заняткам.

Знаёмства з пчалярствам у Аляксандра адбылося ў дзяцінстве, калі хадзіў да дзеда на хутар каля Кеўлічаў. Хлопчык дапамагаў дзядулю адпампоўваць мёд, назіраў за яго работай. Першыя два вуллі Аляксандр Дзіковіч атрымаў у дар ад свайго знаёмага пару дзесяцігоддзяў таму, калі ўзначальваў Варапаеўскае лясніцтва. З пераводам у Полаўскае, дзе меўся вялікі пчальнік, заняўся справай дасканала.

— Усяму вучыў мяне мой папярэднік Міхаіл Мацвеевіч Хамянок, — успамінаў Вінідзіктавіч. — Ён жыў побач з лясніцтвам і любіў прыходзіць да нас. Ахвотна дзяліўся сваім багатым вопытам, даваў парады. Сам заўсёды чытаў шмат спецыяльнай літаратуры. Цяпер у дапамогу — інтэрнэт.

У Полаўскім лясніцтве 115 пчоласем’яў. Частка іх размешчана на месцы. Астатнія на 4-х платформах качуюць па палях з канюшынай, малінай, рапсам. Меданосная база мае вялікае значэнне для багатага медазбору. Таму леснікі сеюць яшчэ і фацэлію, іншыя травы.

З расказу Аляксандра Дзіковіча я даведалася, што пчолы ў залежнасці ад узросту выконваюць розныя функцыі: адны збіраюць мёд, другія ахоўваюць вулей ад чужакоў, трэція выкормліваюць лічынак, трутні займаюцца выключна працягам роду. Каралева ў вулеі — пчаламатка. У кожнай сям’і пчол свой мікраклімат, але працавітыя ўсе.

Многія думаюць, што ў пчалаводстве ўсё проста: завёў пчол — і чакай, калі яны нанясуць мёду, потым адпампаваў яго і зноў адпачывай. На самай справе работы хапае круглы год. У свае першыя палёты пчолы адпраўляюцца ранняй вясной, са з’яўленнем першацветаў. Пара медазбору і галоўны сезон для пчаляра — лета. Хутка пачнецца падрыхтоўка да зімоўкі. Зімой пчолы збіраюцца ў шчыльны клубок і пастаянна мяняюцца месцамі, награваючы паветра ў вулеі да 36,6 градуса. Звонку можна паслухаць іх ціхае шапаценне.

Паназіраўшы за работай Тамары і Аляксандра Дзіковічаў, яшчэ раз пераканалася: мёд не даецца лёгка ні пчале, ні пчаляру.

Сёлета ў Полаўскім лясніцтве адпампавалі больш за 2 тоны мёду. У пластыкавым посудзе ён нагадвае каштоўны бурштын. Літр мёду каштуе 15 рублёў. Набыць яго можна на складзе лясгаса па адрасе: г. Паставы, вул. Вакзальная, 95.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.