В филиале «Поставское хлебоприемное предприятие» встретили первую машину с зерном нового урожая

Сельское хозяйство

Першы хлеб сустрэлі хлебам

У гэтыя дні кіпіць работа не толькі на жніўных палях раёна, але і ў філіяле «Пастаўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства» Полацкага камбіната хлебапрадуктаў.

У суботу тут чакалі першую машыну са збожжам новага ўраджаю. Прыёмка першага хлеба — заўсёды знамянальная падзея як для тых, хто яго вырасціў, так і для работнікаў хлебапрыёмнага прадпрыемства.

На стале ў майстра Яны Татарчук на ручніку — духмяны бохан. Ён прызначаны для галоўнага агранома ААТ «Камайскі-агра» Аксаны Касяковай, бо якраз з гэтай гаспадаркі і чакалі машыну са збожжам. Прывітаць здатчыкаў прыехала намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Андрэева.

Аксана Касякова і Таццяна Андрэева прымаюць хлеб  ад Яны Татарчук і Маі Шылько

— План дзяржзаказу раёна наступны: 6 900 тон пшаніцы, 300 — піваварнага ячменю і 2 000 тон рапсу, — расказвала яна. — Першая ластаўка — з Камай. Сустракаем урачыста. Папярэдне было ўзята некалькі проб зерня. Пшаніца нядрэнная. Склады хлебапрыёмнага прад­прыемства прадэзынфікаваныя, пабеленыя. Гатова і лабараторнае абсталяванне. Працуе на ім малады, адказны спецыяліст Яна Татарчук.

На перавозцы збожжа «Камайскаму-агра» аказваюць дапамогу вадзіцелі Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. Кузаў машыны, напоўнены залацістай пшаніцай, герметычна закрыты. Пад’ехаўшы да хлебапрыёмнага прадпрыемства, вадзіцель здымае брызент, Яна Татарчук пробаадборнікам набірае ў некалькіх месцах зерне ў вядро і адпраўляе ў лабараторыю. Збожжа правяраецца па шэрагу паказчыкаў: на засмечанасць, заражанасць шкоднікамі хлебных запасаў, натуральную вагу, вільготнасць, якасць клейкавіны. Пасля гэтага прымаецца рашэнне: адпраўляць яго на дапрацоўку або адразу ў засекі. Пшаніца з Камай чыстая, яе вільготнасць складае 14,5%, клейкавіна — 20%. Зерне не патрабуе дапрацоўкі і пойдзе на выпяканне хлеба або выраб макароны.

Прыняць зерне — толькі паўсправы. Яго яшчэ трэба давесці да патрэбных кандыцый, акрамя гэтага, пільна сачыць падчас усяго тэрміну захоўвання. Сёлета работамі тут кіруе Мая Шылько. Да гэтага жанчына працавала на дунілавіцкім свінагадоўчым комплексе, які належаў Полацкаму камбінату хлебапрадуктаў. Калі яго закрылі, кіраўніцтва прапанавала ёй і яшчэ 8 чалавекам работу на хлебапрыёмным прадпрыемстве. Тут таксама дапамагаюць гаспадаркам раёна сушыць і ачышчаць зерне рапсу. Такой паслугай ужо скарысталіся ААТ «Ярэва-агра» і «Сцяг Перамогі-агра». З панядзелка сушаць пшаніцу з Ярэва.

Прыёмка збожжа ідзе без затрымак: некалькі хвілін на забор проб — і машына адпраўляецца ў вагавую, а адтуль — на разгрузку, затым зноў вяртаецца ў гаспадарку па новую партыю.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.