Жатва-2022. И в выходные дни кипит работа на полях Поставского района

Главное Сельское хозяйство

Хто на Viva Braslav, а хто – у поле

Рух па дарозе з Пастаў на Браслаў у мінулыя выхадныя быў асабліва ажыўленым: аматары штогадовага музычнага фестывалю, які праходзіць на беразе возера Дрывяты ў Браславе, спяшаліся туды. А па абодва бакі дарогі ўбіралі збожжа камбайны ААТ «Хацілы-­агра». Зернеўборачныя машыны прыгожа плылі па пшанічным полі, хутка набіралі бункер за бункерам і, падаючы сігналы вадзіцелям, што яны напоўненыя, высыпалі «золата» ў прычэпы трактароў. Некаторыя вадзіцелі легкавікоў, што праязджалі міма, спыняліся, каб палюбавацца работай хлебаробаў, якім не да адпачынку.

Камбайнеры ААТ «Кураполле-агра» Іван Гурзан, Ілья Бароўка і вадзіцель ДРБУ-132 Міхаіл Якушонак, напэўна, таксама не супраць пабываць на самым маштабным маладзёжным фестывалі, але разуме­юць, што менавіта ад іх залежыць, ці будзе краіна з хлебам.

Ілья Бароўка дэбютаваў на жніве два гады таму. Тады прыйшлося замяніць на камбайне баць­ку, які шмат сезонаў убіраў збажыну. Скончыў пастаўскі, а затым — гарадоцкі каледж. Як і маладым гараджанам, магчыма, і яму хочацца мець васьмігадзінны рабочы дзень, два выхадныя. Толькі ў сельскай гаспадарцы графік больш напружаны і водпуск бывае ў асноўным зімой.

Задаволены ўраджаем камбайнер ААТ «Камайскі-агра» Вадзім Дуброўскі

Вадзіцель Міхаіл Якушаў родам з Шаркаўшчынскага раёна. Скончыўшы пастаўскі каледж, уладкаваўся ў ДРБУ-132. Затым служыў у арміі і пасля яе прыйшоў у гэту ж арганізацыю. Сёлета на перыяд жніва камандзіраваны на дапамогу хлебаробам ААТ «Кураполле-агра», працуе на ГАЗелі. У суботу Міхаіл падышоў да кіраўніка сельгаспрадпрыемства Васілія Касцяня і пацікавіўся распарадкам дня ў нядзелю. Калі даведаўся, што пра выхадныя пакуль трэба забыць, не засмуціўся,бо разумее важнасць уборачнай кампаніі.

— Жніво сёлета пачалося на два тыдні пазней, чым летась, — гаварыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі, калі мы ехалі з ім у ААТ «Камайскі-агра», дзе ў суботу распачалі ўборку азімай пшаніцы. — Час у сельскай гаспадарцы цяпер гарачы: акрамя жніва, убіраем салому, нарыхтоўваем кармы з траў другога ўкосу, вядзём ворыва пад сяўбу азімых. Нагрузка на хлебаробаў вялікая. Добра, што яны разумеюць ступень адказнасці і стараюцца. Пра тое, каб вырашчанае ўбраць у сціслыя тэрміны, клапоцяцца і спецыялісты, і механізатары, не лічацца з часам. Дазваляе надвор’е — працуюць увесь светлавы дзень. Дзякуй ім усім за старанне і руплівасць!

Не да адпачынку камбайнерам ААТ «Кураполле-агра» Івану Гурзану, Ільі Бароўку і вадзіцелю ДРБУ-132 Міхаілу Якушаву

У «Камайскім-агра» ўбіралі збожжа каля Старчун. З першым камбайнам у полі і да апошняга — галоўны аграном Аксана Касякова.

— Зерневыя саспелі практычна адначасова, таму трэба рупіцца, — гаварыла яна. — У нас на жніве задзейнічана 10 камбайнаў. Сёлета па стане здароўя не ўбірае збажыну вопытны Іван Яркоўскі. Яго камбайн замацавалі за Ігарам Лукашэнкіным. Сярод навічкоў і Арцём Шэршань. Яны раўняюцца на ветэранаў жніва Уладзіміра Карыцьку, Мікалая Махоня і іншых.

Вадзім Дуброўскі хоць і малады, але на ўборцы зерня — ас. Пачынаў памочнікам у бацькі. Ужо шмат сезонаў працуе самастойна. Неаднаразова быў у ліку тысячнікаў раёна. Восенню і вясной сеяў зерневыя, цяпер убірае іх. Ураджаем задаволены. У суботу да абеду намалаціў тры бункеры.

— Бацька на пенсіі, але па-ранейшаму жыве жнівом, — гаварыў Вадзім. — Таму часта чакае мяне з поля, каб даведацца пра хлебаробскія справы. У гаспадарцы працуе і мой малодшы брат. Ён заняты на корманарыхтоўцы. Работы цяпер вельмі шмат, і каб управіцца, нельга марнаваць час.

На прасаванні саломы — Віктар Тамашэвіч і Грыгорый Ефішаў

Толькі камбайны ўбралі адзін участак і пераехалі на другі, як на трактарах з прэс-падборшчыкамі прыбылі Віктар Тамашэвіч і Грыгорый Ефішаў. Салома сухая, таму яе адразу рулоняць.

— Прэс-падборшчык новы, і я гэтай работай займаюся ўпершыню, — расказваў Віктар. — Грыгорый — мой настаўнік. Рулонілі з ім сена, цяпер — салому. За змену накручваю 140 рулонаў.

Віктра Тамашэвіч — лынтупскі. Пэўны час працаваў на будаўніцтве Беларускай АЭС. Калі работы там завяршыліся, атрымаў прапанову паехаць у камандзіроўку ў Бангладэш. Але параіўся з жонкай і вырашыў, што трэба займацца выхаваннем двух сыноў — 10 і 5 гадоў, і застаўся дома. Уладкаваўся ў ААТ «Камайскі-агра» і не шкадуе пра гэта. За перыяд, калі апрацоўваў пасевы супраць шкоднікаў, атрымаў зарплату 3 700 рублёў, і ёй задаволены.

Суботні дзень радаваў сонечным надвор’ем. Кожны правёў яго па-рознаму. Удзельнікі жніва ўсяго раёна пакінулі поле з цямном. У нядзелю зноў рана загулі маторы камбайнаў, ды моцны дождж, на жаль, паставіў жніво на паўзу.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.