Чемпионат Беларуси по футболу. ФК «Сенно»–ФСК «Поставы» – 2:4

Спорт и туризм

Фіналісты вызначаны

ФК «Сянно»–ФСК «Паставы» – 2:4

Гэтым заключным выязным матчам пастаўчане завяршалі гульнявую праграму 17-га тура, і ім ужо быў вядомы другі ўдзельнік рэспубліканскага фіналу ад Віцебшчыны — ФК «Газавік». Напярэдадні з лікам 3:1 ён абыграў міёрцаў і датэрмінова выйшаў у раўнд плэй-оф. Пасля выезду ў Паставы «Газавік» правядзе матч і ў 1/4 розыгрышу Кубка рэгіёнаў Беларусі з салігорскім «Партызанам». Наймацнейшая каманда Прыдзвіння выявіцца ў заключным туры, так як лідар — каманда «Велес-2020» — дабіўся валявой перамогі (5:1) у Гарадку. ФК «Міёры» прыме дома аўтсайдара з Талачына, які дома з лікам 2:5 саступіў камандзе Полацка. На 5-м месцы чэмпіянат краіны ў віцебскім дывізіёне завершаць аршанцы. З лікам 7:0 на выездзе яны разграмілі лепяльчан. У выніку пастаўчане маглі прэтэндаваць толькі на 6-е выніковае месца.

Паядынак у Сянно ФСК «Паставы» пачаў актыўна, завалодаўшы гульнявой перавагай. Сведчаннем яго дамінавання на полі сталі два прыгожыя галы. Іх на 5-й і 16-й хвілінах правялі апорныя паўабаронцы Кірыл Каралёнак і Ігар Павініч. Але нашы ранавата расслабіліся. Саперніку ўдалося скараціць розніцу ў ліку. Матч пайшоў на сустрэчных курсах, а перад свістком на перапынак капітан сенненцаў Арцём Ладноў дабіўся поспеху — 2:2.

У другім тайме пастаўчане прыбавілі і выйшлі наперад. Імклівую атаку пасля выверанай перадачы Кірыла Каралёнка на 65-й хвіліне завяршыў нападаючы Яўген Ясюковіч — 2:3. Сапернік лічаныя разы пераводзіў мяч на палову поля пастаўчан. Становішча ФК «Сянно» яшчэ больш ускладнілася пасля выдалення аднаго з ігракоў, а праз сем хвілін нашы скарысталіся колькаснай перавагай. Абаронца Мікіта Зелянкевіч, які выйшаў на замену, устанавіў канчатковы пераможны лік на табло — 2:4. Пастаўчане ў канцоўцы маглі дабіцца буйной перамогі, але варатар Андрэй Чашун з пенальці трапіў у перакладзіну.

Паспяхова згулялі ў Сянно Чашун, Маршын, Рогач, Голубеў, Камісарчук, Звяруга, Каралёнак, Хаткевіч (Зелянкевіч), Павініч (к), Ясюковіч. Перад заключным турам першынства турнірная табліца выглядае так: 1-е месца — «Велес» (45 ачкоў), 2-е — «Газавік» (44), 3-е — ФК «Міёры» (35), 4-е — «Гарадскія львы» (Гарадок) (33), 5-е — ФК «ДЮСШ-Орша» (24), 6-е — «Полацк-2019» (20), 7-е — ФСК «Паставы» (19), 8-е — ФК «Лепель» (14), 9-е — ФК «Сянно» (5), 10-е — «Ніва» (4). Тым часам засталася неразыгранай толькі адна пуцёўка ў рашаючы раўнд. Патэнцыяльнымі сапернікамі віцебскіх каманд сталі яшчэ «Нёман-Белкард» (Гродна), «Новая Прыпяць» (Альшаны), ФК «Свіслач», «Спартак» (Шклоў), «Вікторыя» (Мар’іна Горка), «Жодзіна-Паўднёвае», ГАЛХУ (Гомель), ФК «Горкі», «Крумкачы» (Мінск), «Юні» (Мінск). А нашы згуляюць дома 25 верасня з «Газавіком».

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.