Итоги сельскохозяйственной кампании в Поставском районе. Интервью с Геннадием Лютынским

Важное Сельское хозяйство

Зладжаная работа – важкі каравай

Жніво на Пастаўшчыне амаль дасягнула фінішу. Падвесці вынікі гэтай адказнай сельскагаспадарчай кампаніі карэспандэнт «ПК» Анна Анішкевіч папрасіла першага намесніка старшыні райвыканкама — начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзія Лютынскага.

Генадзій Лютынскі на жніве ў ААТ «Камайскі-агра» з найлепшым камбайнерам Вадзімам Дуброўскім і галоўным аграномам Аксанай Касяковай

— Генадзій Іосіфавіч, ці задаволеныя вагой раённага каравая?

— Па валавым намалоце збожжа Пастаўскі раён на 6-м месцы ў вобласці — маем больш за 60 000 тон зерня. Каравай цяжэйшы за леташні амаль на 20 000 тон. Па ўраджайнасці мы — на 4-м (35,7 ц/га). Наперадзе нас Віцебскі, Аршанскі і Верхня­дзвінскі раёны, якія з гектара атрымалі 41,7, 40,7 і 36,1 цэнтнера адпаведна. Так што нам ёсць да чаго імкнуцца.

— Дзякуючы чаму і каму ў нашым раёне ўдалося дасягнуць такіх паказчыкаў?

— Дзякуючы выкананню тэхналогій вырошчвання зерневых культур, спрыяльнаму надвор’ю, абноўленай тэхніцы, працавітасці людзей. Найлепшых вынікаў сёлета, як і заўсёды, дабіліся хлебаробы ААТ «Хацілы-агра». Жніво ў Хацілах — гэта хуткасць і якасць, аператыўнасць і бездакорнасць, зладжа­насць. Хацілаўцы ў сціслыя тэрміны ўбралі зерневыя і зернебабовыя на 1 930 гектарах, намалацілі 13 150 тон збожжа, атрымалі 68,1 цэнтнера з гектара. Гэта самая высокая ўраджайнасць у раёне. У вобласці наперадзе толькі сельгаска­аператыў «Ларынаўка» Аршанскага раёна (77,4 цэнтнера з гектара).

На 3 140 гектарах правялі жніво ў ААТ «Навасёлкі-Лучай». Пры сярэдняй ураджайнасці 48,6 цэнтнера з гектара валавы намалот склаў 15 250 тон, што на 5 500 больш, чым летась. 11 000 тон уклалі ў раённы каравай камайцы. У іх сярэдняя ўраджайнасць — 30,6 цэнтнера з гектара. Амаль 8 000 тон збожжа маюць у ААТ «Кураполле-агра» — на 4 000 тон больш, чым летась (ураджайнасць — 33,6 ц/га).

— Нядрэнна ўрадзіў і рапс?

— Азімы ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» вырошчвалі на 400 гектарах. З кожнага атрымалі 31,6 цэнтнера. Гэта трэці паказчык у вобласці. 25,7 цэнтнера з гектара — ураджай­насць азімага рапсу ў «Сцягу Перамогі-агра». 19 ц/га даў яравы рапс у ААТ «Хацілы-агра».

— А як справы з выкананнем дзяржзаказу?

— Дзяржаве прадалі 6 908 тон зерня, план выканалі на 108%. Найбольшы ўклад у гэту справу ўнеслі ААТ «Камайскі-агра» (1 314,6 т), «Кураполле-агра» (1 132,5 т), «Навасёлкі-Лучай» (1 077,2 т).

— Што яшчэ парадавала на сёлетнім жніве?

— Адказныя адносіны да работы людзей. Больш за 30 камбайнераў намалацілі па 1 000 і больш тон збожжа. А Віктар Рогаў з ААТ «Навасёлкі-Лучай» дасягнуў дзвюхтысячнага намалоту. У раёне больш за 20 вадзіцеляў-тысячнікаў.

Вялікую дапамогу на ўборцы аказалі людзьмі і тэхнікай шэфскія арганізацыі: ДЭУ-33, ДРБУ-132, ЖКГ, лясгас, дзяржкаледж, малочны завод, Варапаеўская дыстанцыя пуці, «Рассвет Пастаўскі», «Паставымэбля», дунілавіцкая школа і іншыя.

— Падчас уборкі зерневых мы прывыклі ўшаноўваць найперш камбайнераў і вадзіцеляў. Але за кадрам застаецца шмат людзей, якія таксама шчыра працуюць на ўраджай.

— Згодзен. Адна справа — убраць вырашчанае, другая — давесці яго да парадку і захаваць. Кругласутачна кіпіць работа на зернесушыльных комплексах, дзе збожжа ачышчаюць, сушаць. Вялікая адказнасць ляжыць на загадчыках складоў і аператарах. Каларыйныя і смачныя абеды гатавалі хлебаробам повары, якія таксама заслугоўваюць пахвалы. Непрыкметнай здаецца на першы погляд работа аграномаў. А яны — галоўныя тэхнолагі палёў. Шмат значыць інжынерная служба. І, вядома, справы ладзяцца ў той гаспадарцы, на чале якой дбайны гаспадар. Рэспект такім кіраўнікам, як Вячаслаў Крыштафовіч, Юрый Шымчык. На іх імкнуцца раўняцца Васілій Касцень, Уладзіслаў Шаршнёў.

— Надвор’е сёлета спрыяла тэмпам жніва, тым не менш цяжкасці былі?

— Без іх не абыходзіцца ні адзін этап сельскагаспадарчых работ. На жніве ў некаторых гаспадарках праблемай была палегліца. Псавалася і тэхніка. Але камбайнеры цярпліва ўбіралі цяжкія ўчасткі, інжынерныя службы забяспечвалі своечасовы рамонт камбайнаў, кіраўнікі гаспадарак клапаціліся пра бяспечныя ўмовы працы ­ўдзельнікаў уборачнай кампаніі.

— Жніво завяршылі, а расслабляцца не выпадае: работ у земляробаў увосень восем…

— Сапраўды. Усе яны павінны выконвацца своечасова і ў поўным аб’ёме, бо ў сельскай гаспадарцы адна работа падганяе другую. Паралельна са жнівом механізатары ўбіралі салому, рыхтавалі глебу да сяўбы азімага рапсу. Ён у раёне пасеяны на 3 700 гектарах. Найбольшыя плошчы пад гэту культуру адведзены ў ААТ «Камайскі-агра» (900 га), «Навасёлкі-Лучай» (600 га), «Кураполле-агра» (500 га). Дбаем і пра будучы ўраджай азімых. Пад іх у раёне адвялі 14 500 гектараў. Рыхтуецца глеба да іх сяўбы. Яе ўжо распачалі практычна ўсе гаспадаркі.

— Генадзій Іосіфавіч, што скажаце пра паўночны шоўк?

— Лён вырошчвалі на 2 212 гектарах. Ён вырас нядрэнны. Моцныя дажджы і вятры ў сярэдзіне ліпеня пакруцілі пасевы, таму церабіць было складана. Тым не менш на ўсёй плошчы даўгунец быў пакла­дзены пад жнівеньскія росы. Ужо трасту рулоняць і звозяць у шохі. Сярэдні нумар вышэйшы за ­адзінку.

— Сваёй чаргі чакаюць другі хлеб і каралева палёў…

— Бульбу ў раёне вырошчваюць ААТ «Навасёлкі-Лучай» (36 га), «Камайскі-агра» (3 га) і «Хацілы-­агра» (2 га). На яе ўборцы значную дапамогу акажуць студэнцкія сельскагаспадарчыя атрады з ліку навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Згодна з распараджэннем райвыканкама, яны распачнуць работу на бульбяных палетках 5 верасня.

Кукуруза займае 5 272 гектары. У ААТ «Хацілы-агра» яе ўжо ўбіра­юць. Неўзабаве распачнуць і іншыя гаспадаркі. Згодна з планам, на зімоўку трэба закласці 133 600 тон кукурузнага сіласу.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.