Наш знаменитый земляк Антон Вавилов презентовал в Поставах свои 2 книги

Общество

Таленавіты ва ўсім

На мінулым тыдні ў райвыканкаме адбылася прэзентацыя кніг нашага знакамітага земляка Антона Вавілава «Человек в науке и образовании (на рубеже тысячелетий)» и «Наша жизнь, или Непридуманные истории».

Найперш — пра аўтара. Нара­дзіўся ў Паставах, з сярэбраным медалём закончыў СШ №1, Беларускі тэхналагічны інстытут, аспірантуру. Прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка, дацэнта да прафесара, прарэктара ўніверсітэта, загадчыка кафедры, доктара тэхнічных навук. З’яўляецца кіраўніком навуковай школы, вядомым вучоным у галіне тэхналагічнага машынабудавання, энергаэфектыўнасці, прамысловай і экалагічнай бяспекі. Навукова-педагагічная дзейнасць А. У. Вавілава атрымала міжнароднае прызнанне. У 2003 годзе Інстытут біяграфій ЗША прысвоіў яму ганаровае званне «Чалавек года», а ў 2004—2006 гадах Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы — званне выдатнага выкладчыка года і інтэлектуала ХХІ стагоддзя.

Антон Уладзіміравіч — аўтар больш чым 500 навуковых прац, 20 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. І вось гэтым летам у адным з мінскіх выдавецтваў выходзіць не навуковая, а мастацкая кніга прафесара. Яна адкрывае заслону на жыццё і творчасць людзей навукі, на прыкладзе галоўнага героя паказвае, які нялёгкі шлях даводзіцца яму пераадольваць, каб дасягнуць пэўных вышынь, выклікае захапленне яго мужнасцю і настойлівасцю. І хаця вобраз галоўнага героя зборны, многае ў ім — пра самога аўтара. Кніга цікавая не толькі навукоўцам, але і іншым чытачам, бо цалкам пабудавана на жыццё­вых фактах, часам — непрадказальных і драматычных.

А другая кніга Антона Вавілава, якая ўбачыла свет у мінулым месяцы, так і называецца: «Наша жизнь, или Непридуманные истории». Кожная гісторыя прасякнута гумарам і выклікае ўсмешку. Абедзве кніжкі аўтар падарыў раённаму краязнаўчаму музею і цэнтральнай раённай бібліятэцы. Хто пажадае, зможа не толькі пачытаць іх, але і заказаць сабе ў выдавецтве. Дарэчы, многія жыццёвыя гісторыі, якія ўвайшлі ў кнігу, друкаваліся на старонках «Пастаўскага краю». Чытачы, напэўна, памятаюць «С научным подходом», «Неудачливый покупатель», «Что нам стоит дом построить» і іншыя.

На прэзентацыі Антон Ула­дзіміравіч расказаў пра сябе і гісторыю стварэння кніг, прачытаў некалькі сваіх кароткіх расказаў. Аўтара цёпла віталі намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах мола­дзі Галіна Чаплінская, старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч і дырэктар раённага краязнаўчага музея Валянціна Друсь. Навучэнцы каледжа і школ, якія прысутнічалі на мерапрыемстве, атрымалі ад яго адказы на свае пытанні. А самае галоўнае — у асобе таленавітага вучонага і творцы ўбачылі прыклад, як трэба ставіць перад сабой высокія мэты і дасягаць іх, любіць сваю малую радзіму і даражыць ёй.

Антон Вавілаў — адданы сын Пастаўшчыны. Нягледзячы на тое, што вельмі заняты чалавек, не было такога выпадку, каб не адклікнуўся на запрашэнне і не прыехаў у горад свайго дзяцінства. Удзельнічаў у розных значных мерапрыемствах, што праводзіліся ў райцэнтры, у пачатку гэтага месяца разам з іншымі навукоўцамі распрацоўваў турыстычныя маршруты Паазер’я. Невыпадкова і прэзентацыю сваіх літаратурных кніг зладзіў у Паставах. І, як прызнаўся, гэта падзея стала для яго святам. А для ўсіх нас — гонарам.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.