Акция «Ваша помощь» проводится в Беларуси по инициативе Белорусского Общества Красного Креста

Общество

Ваша дапамога

Так называецца акцыя, якая праводзіцца ў Беларусі па ініцыятыве Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

Пастаўчанка Яніна Альбінаўна Ліпніцкая некалькі гадоў таму аўдавела, а паўгода назад пахавала старэйшага сына, Валерыя. Пасля такога гора вельмі пахіснулася здароўе. Цяпер у жанчыны I група інваліднасці. Па хаце ледзьве ходзіць з дзвюма ляскамі. Калі трэба выбрацца ў бальніцу, да яе прыязджае спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Аксана Дробышава і дастаўляе, куды трэба, на інваліднай калясцы.

А нядаўна да жанчыны завітала старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава з валанцёрамі арганізацыі Аксанай Дробышавай і Людмілай Казаковай.

— 1 кастрычніка, у Дзень пажылых людзей, у Беларусі па ініцыятыве БТЧК стартавала дабрачынная акцыя «Ваша дапамога», — расказвала Таццяна Шахава. — У яе рамках я і валанцёры арганізацыі наведваем пажылых грамадзян, людзей з інваліднасцю, цікавімся, у чым яны маюць патрэбу, прапануем сваю дапамогу. Валанцёры з дзяржкаледжа зграбаюць апалае лісце каля дамоў нашых падапечных, перакопваюць ім агароды, складваюць дровы; а з ліку людзей пенсійнага ўзросту, але яшчэ энергічных, актыўных — прапануюць схадзіць у магазін па прадукты ці іншы неабходны тавар, у аптэку па лекі. Але найчасцей тыя, да каго мы наведваемся, жадаюць пагутарыць, расказаць пра сваё мінулае.

Абрадавалася такім гасцям і Яніна Альбінаўна. Таццяна Шахава падарыла жанчыне цёплы плед, звязаны валанцёрам БТЧК, і сродкі гігіены. Людміла Казакова пакінула ёй нумар свайго тэлефона. Доўгімі восеньскімі вечарамі яны абавязкова знойдуць тэму для размовы.

— Як добра, што дзяржава клапоціцца пра такіх абяздоленых, як я, — гаварыла Яніна Ліпніцкая. — У мяне ёсць яшчэ малодшы сын, Уладзіслаў, вялікая і добрая радня, але ў кожнага хапае сваіх спраў. Часта наведваецца пляменніца, якая жыве ў Паставах, тэлефануюць іншыя родныя. А дапамагае ва ўсім сацыяльны работнік Соф’я Дзягцяр. Яна даглядае мяне не як дачка, а як мама. Такая ласкавая, чулая. Я стараюся яе не затрымліваць, бо разумею, колькі яшчэ адзінокіх чакаюць Сонечку. Шмат малюся. І заўсёды рада тэлефоннаму званку ад знаёмых.

Акцыя прадоўжыцца да 3 снежня — Дня інвалідаў. Запланавана шмат мерапрыемстваў,  у тым ліку аказанне гуманітарнай дапамогі людзям з інваліднасцю, правядзенне трэнінгаў, майстар-класаў па прапагандзе здаровага ладу жыцця, заняткаў фізкультурай, правілах догляду цяжкахворых і аказанні ім першай дапамогі, прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў.

Падтрымаць кампанію «Ваша дапамога» можна праз сістэму АРІП (адзіны код — 444), адправіўшы SMS-ахвяраванне на нумар 553 з тэкстам 501 444 і сумай (для абанентаў life і МТС).

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.