Поставчане поделились мыслями о законопроектах о Всебелорусском народном собрании и изменениях Избирательного кодекса

Местная власть

Найвышэйшая ступень народнай дэмакратыі

Беларусь за гады незалежнасці стварыла ўнікальную мадэль палітычнага ўпарадкавання. У краіне ёсць традыцыйныя для дэмакратычных дзяржаў інстытуты ўлады, а сама ўлада па агульнапрынятых канонах раздзелена на заканадаўчую, выканаўчую і судовую.

Наша нацыянальнае заканадаўства адпавядае міжнародным прававым актам. Але адначасова з гэтым у Беларусі на новы ўзровень выве­дзены прынцып народаўладдзя. Найвышэйшай ступенню праяўлення народнай дэмакратыі стане Усебеларускі народны сход.

Законапраекты аб Усебеларускім народным сходзе (УНС) і змяненнях Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь размешчаны на сайце «Прававы форум Беларусі» і вынесены на грамадскае абмеркаванне. Сёння сваімі думкамі дзеляцца пастаўчане.

Пётр Курто, старшыня раённага Савета дэпутатаў:

— Пачну з таго, што арганізатарам грамадскага абмеркавання законапраекта «Аб Усебеларускім народным сходзе» выступіла Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Яна ж будзе і дапрацоўваць яго, улічваючы заўвагі і прапановы, якія паступяць у ходзе абмеркавання. Многіх цікавіць, хто можа стаць дэлегатам УНС. Іх агульная коль­касць складзе 1 200 чалавек. Фарміраваць УНС мяркуецца з трох саставаў. Першы — гэта дэлегаты па пасадзе, другі — ад мясцовых Саветаў, трэці — ад грамадзянскай супольнасці. Такім чынам, сход сфарміруецца ў асноўным з простых людзей, якія і будуць вызначаць шлях, па якім рухацца краіне. Хто, як не яны, лепш за ўсіх ведае, што адбываецца на месцах, якія праблемы найбольш хвалююць людзей і якія праблемы трэба вырашаць у першую чаргу?

У мінулыя гады на УНС разглядаліся многія важныя пытанні, у тым ліку пра стратэгічныя напрамкі развіцця дзяржавы і грамадства, непарушнасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў, грамадзянскую згоду. Але яго рашэнні насілі толькі рэкамендацыйны характар. УНС не меў статусу заканадаўчага органа. Пасля абмеркавання і прыняцця закона аб УНС усе яго рашэнні стануць абавязковымі для выканання.

Што да навацый праекта абноўленага Выбарчага кодэкса, то я падтрымліваю такія, як павелічэнне ўзроставага цэнзу для кандыдатаў у прэзідэнты да 40 гадоў і што адзін і той жа чалавек можа выбірацца на гэту пасаду не больш чым на два тэрміны. Вельмі добра, што прапануецца ўвесці адзіны дзень галасавання для выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў, Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь і членаў Савета Рэспублікі, а таксама скарэкціраваць тэрміны выбарчых працэдур.

Іна Далецкая, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў:

— Усебеларускі народны сход стаў найвышэйшай ступенню праяўлення народнай дэмакратыі, аб’яднаў прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў і слаёў грамадства, дазволіў пачуць голас большасці жыхароў Беларусі. Гэта вельмі важна для прафсаюзаў, паколькі многіх нашых актывістаў выбіраюць дэлегатамі сходу, што дае ўнікальную магчымасць уносіць прапановы і ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных задач. А прафсаюзы заўсёды імкнуліся пачуць думкі і прапановы людзей, незалежна ад іх пасады, узросту і сацыяльнага статусу.

Ад грамадзянскай супольнасці ў склад УНС плануецца дэлегаваць 400 чалавек. Зразумела, гэта будуць прадстаўнікі найбольш масавых аб’яднанняў — нераўнадушныя грамадзяне, якія маюць свой пункт гледжання на развіццё дзяржавы і грамадства. Важна, што ў законапраекце прапануецца максімальна просты парадак выбрання дэлегатаў ад мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці. А права іх вылучэння атрымаюць арганізацыйныя структуры кожнага аб’екта грамадзянскай супольнасці.

Адметна, што ні ў адной іншай краіне, акрамя Беларусі, няма такога органа, як УНС. Радуе, што людзі настроены на дадзеную палітычную рэформу і чакаюць ад яе максімальнай эфектыўнасці.

Анастасія Пятрова, другі сакратар райкама БРСМ:

— Моладзі краіны выпаў унікальны шанс паўдзельнічаць у працэсе фарміравання моцнай дзяржавы ў няпросты час, які патрабуе прыняцця смелых, але ўзважаных рашэнняў. Такі орган улады, як Усебеларускі народны сход, — унікальны. Беларусы ў гэтым першапраходцы, і ім трэба будзе самім выбудаваць сістэму яго функцыянавання. Важна, што ў праекце закона аб УНС пастаўлена задача замацаваць такі механізм фарміравання сходу, які, з аднаго боку, забяспечваў бы аўтарытэт, прафесіяналізм і эфектыўнасць работы дэлегатаў, а з іншага — яго легітымнасць, гэта значыць прызнанне грамадствам прынятых рашэнняў за кошт прадстаўніцтва дэлегатаў ад усіх галін улады, грамадскай супольнасці.

Не сумняваюся ў тым, што маладыя людзі прымуць актыўны ўдзел як у абмеркаванні законапраекта аб УНС, так і ў яго дзейнасці. Мы падтрымліваем ініцыятыву стварэння УНС. Яго рашэнні будуць нараджацца ў дыскусіях і абмеркаваннях паміж самымі аўтарытэтнымі людзьмі. А чым больш людзей — тым больш прапаноў і праектаў. І гэта — шлях да развіцця.

 Запісала Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.