15 ноября создано любительское литературное объединение «Світанак» при ЦКиНТ

Культура

Яднаюцца творцы

У нашым горадзе і раёне шмат творчых людзей, якія спрабуюць свае сілы ў паэзіі і прозе. Вельмі важна, каб іх голас пачулі іншыя, асабліва аднадумцы. Таму мы і вырашылі аб’яднацца. 15 лістапада бягучага года стала днём нараджэння аматарскага літаратурнага аб’яднання «Світанак» пры Цэнтры культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна.

Удзячныя кіраўніку і супрацоўнікам цэнтра, якія ўзялі нас пад сваё крыло. Зараз у аб’яднанні 20 творцаў. Не сумняваюся, што яно будзе расці. Два разы на месяц збіраемся разам, чытаем свае творы і абмяркоўваем іх, удзельнічаем у літаратурных конкурсах, рыхтуем да друку літаратурную старонку ў «Пастаўскім краі», першы калектыўны зборнік. А нядаўна сустрэліся з творцамі Браслаўшчыны.

На «Восеньскім балі» ў Опсе Марына Кавалёнак, Вольга Лісіцкая і Жанна Мышко

У той нядзельны дзень раптоўна ціскануў першы мароз і выпаў прыгожы бялюткі снег. З найлепшым настроем і самымі ўзнёслымі паэтычнымі радкамі мы накіраваліся ў вёску Опса Браслаўскага раёна на «Восеньскі баль». На яго пастаўчан запрасілі кіраўнікі і ўдзельнікі народнага літаратурнага аб’яднання «Ветразь на­дзеі». Ва ўпрыгожаным Доме культуры нас цёпла сустрэлі яго гаспадыні — Анастасія Трашчынская і Люцыя Ролік. За кубачкам кавы з прысмакамі пазнаёмілі з творчасцю браслаўскіх аўтараў, у якіх сапраўды ёсць чаму павучыцца. Выступалі і мы. Кранальна прадэкламавала свае вершы Жанна Мышко, ускалыхнула эмоцыі прысутных Вольга Лісіцкая, чытала ўласныя  паэтычныя радкі і я.

Адчувалася, што мы добра разумеем адно аднаго, таму час праляцеў вельмі хутка. Мерапрыемства паказала, што сябраваць — гэта так добра! Спадзяёмся, што будуць і наступныя творчыя сустрэчы. Не толькі з браслаўчанамі, але і ў калектывах на Пастаўшчыне. Прынамсі, мы марым пра гэта. А мары здзяйсняюцца!

Марына Кавалёнак, кіраўнік аматарскага літаб’яднання «Світанак»
Фота даслала Марына Кавалёнак



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.