Посмотрите, какие почтовые марки изготовили из ткани мастерицы Татьяна Петух и Кристина Бресская

Важное Культура

Напярэдадні Дня народнага адзінства ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылася прэзентацыя кнігі ў тэхніцы абрэзкавага шыцця «Віцебшчына: гісторыя, культура, спадчына», прысвечанай 85-годдзю вобласці. Удзел у яе стварэнні прымалі майстрыхі Пастаўскага Дома рамёстваў «Стары млын» Тацяна Петух і Крысціна Брэская.

Старонкі кнігі — гэта абрэзкавыя маркі з выявай культурнай і духоўнай спадчыны, важных момантаў у гісторыі Віцебшчыны, знакавай архітэктуры і прыроды вобласці. Ідэя перанесці спецыяльныя знакі паштовай аплаты на тканіну належыць спецыялістам абласнога метадычнага цэнтра, якія паставілі мэтай захаваць такім чынам матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці беларусаў, папулярызаваць традыцыйную культуру. Увасабляць яе ў жыццё даручылі народнаму клубу абрэзкавага шыцця «Рошва» Полацкага раённага Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, які актыўна працуе па розных праектах. Той у сваю чаргу прыцягнуў да работы майстроў амаль з усіх раёнаў вобласці.

У красавіку нас сабралі на два дні ў Полацку, — расказвала Крысціна Брэская. — Пазнаёмілі з задумкай, раздалі павялічаныя карцінкі марак і матэрыялы для работы, правялі майстар-класы па тэхніцы абрэзкавага шыцця. Усяго было 26 карцінак. Кожны з нас сам выбіраў, што хоча адшываць. Я ўзяла марку, прысвечаную 1030-годдзю праваслаўя на беларускіх землях, якая была выпушчана летась да гэтай даты. А для Таццяны Мікалаеўны, якая не змагла паехаць у Полацк, — па карціне яе любімага мастака Марка Шагала «Над Віцебскам».

На работу майстрам далі два з паловай месяцы. На першы погляд, часу шмат. Але працэс абсалютнага капіравання малюнка і перадачы пераходу колераў з дапамогай тканіны аказаўся вельмі няпростым і працаёмкім. Яшчэ складаней было зрабіць надпісы і розныя знакі. Тым не менш усё атрымалася і ўнікальная кніга з’явілася. На яе прэзентацыі аўтарам уручылі падзякі і невялікія падарункі.

Работу яшчэ адной майстрыхі «Старога млына», Вольгі Гукавай, уключылі ў абласную выставу «Гордасць за Беларусь», якая адкрылася ў рамках святкавання Дня народнага адзінства ў абласным краязнаўчым музеі і прысвечана дасягненням у галіне культуры, спорту, аховы здароўя прадпрыемстваў, арганізацый і навучальных устаноў Віцебшчыны з моманту заснавання незалежнай Рэспублікі Беларусь. На ёй прадстаўлены маляваны дыван Вольгі Мікалаеўны.

Акрамя таго, 12 верасня ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці распачала работу выстава творчай дзейнасці Пастаўскага Дома рамёстваў, які сёлета адзначыў сваё 25-годдзе. Там можна ўбачыць абсалютна ўсё, чым займаюцца нашы народныя ўмельцы. А ў самім Доме рамёстваў 13 верасня адкрылася выстава клуба «Рошва», якая апавядае пра слаўных людзей полацкай зямлі.

Алена Шапавалава
Фота даслала Таццяна Петух



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.