Какие планы строит минчанин Константин Хурс, выкупивший усадьбу Альфреда Ромера в Королиново?

Культура

Каралінова адраджаецца нанова?

Яшчэ летам па беларускіх СМІ разляцелася навіна: мінчанін выкупіў сядзібу Альфрэда Ромера ў Каралінове. У артыкулах, прысвечаных гэтай тэме, падкрэслівалася: аб’ект аўтэнтычны, незвычайны і мае найцікавейшую гісторыю. Аднак колькі ў ёй яшчэ невядомых шырокай аўдыторыі фактаў! У гэтым пераканаўся кожны ўдзельнік парафіяльнай сустрэчы, арганізаванай у кастрычніку ў Каралінове пробашчам камайскага касцёла Яцэкам Хутманам і новым уласнікам сядзібы.

…Да пачатку мерапрыемства яшчэ ёсць час, яго вырашаю прысвяціць вывучэнню сядзібы. Унутр яе, на жаль, уваход забаронены, бо будынак (а ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю) знаходзіцца ў аварыйным стане. Памеры пабудовы ўражваюць: яе пло­шча большая за 560 квадратных метраў.

Паводле гістарычных дакументаў, раней у сядзібным доме было 14 пакояў на першым паверсе і 3 — на другім. У ім было нямала сямейных рэліквій. Да дома была дабудавана вялікая веранда з балюстрадай. Побач на 4-х гектарах размяшчаўся сад, а таксама парк.

Пра былую веліч сядзібы сёння тут мала што нагадвае. Затое нямала напамінаў пра «вучэбнае» мінулае аб’екта, у якім з сярэ­дзіны ХХ стагоддзя размяшчалася базавая школа.

Гэты здымак сядзібы ў Каралінове зроблены паміж 1919 і 1939 гадамі

 

— Там, дзе два акны на другім паверсе, была настаўніцкая. А крыху далей — майстэрня, — чую галасы жанчын, якія таксама прагульваюцца каля сядзібы.

Знаёмлюся. Адна з іх — Людміла Нікалаева (у дзявоцтве Вярбіцкая). У той дзень у Каралінова яна прыехала з Мядзела, адклаўшы нават важныя справы.

— Я родам з Ёдаўцаў. Караліноўскую школу скончыла ў 1963 годзе, тут жа вучыліся два мае браты і сястра, — гаварыла Людміла. — Тады ніхто з настаўнікаў нам пра Ромераў ні слова не казаў, толькі дома расказвалі баць­кі. Мае, на жаль, ужо пайшлі з жыцця, але я кожнае лета прыязджаю сюды і жыву ў родным доме. Цёплых успамінаў пра дзяцінства, гэту школу шмат. І ўсе яны такія жывыя! Нядаўна мне прысніўся школьны калідор, у ім стаіць бачок, з якога мы, вучні, пілі ваду. Не перастаю здзіўляцца, да якіх дробязей памяць захоўвае моманты з мінулага.

Кожнаму, хто прыйшоў на сустрэчу, гэта месца дарагое па-свойму. Пра тое, колькі ў ім пераплецена гісторыі, творчасці, лёсаў, першай распавяла дацэнт, выкладчык Белдзяржуніверсітэта Алена Шымак. У сваім выступленні яна расказала пра Альфрэда Ромера, яго продкаў і нашчадкаў.

У Каралінове Альфрэд Ромер жыў з 1874 па 1884 год, і гэта былі самыя плённыя 10 гадоў яго жыцця. Быў жанаты з Вандай Сулістроўскай. Яна амаль на 50 гадоў перажыла мужа. Памёр Альфрэд Ромер у 1897 годзе і пахаваны ў Тракаі.Жонка Ромера, відаць, была моцна прывязана да гэтых мясцін, бо, маючы магчымасць жыць у значна лепшых умовах, засталася ў Каралінове. Яе пахаванне адбылося ў 1943 годзе. Той дзень добра памятае 92-гадовая мясцовая жыхарка Ядвіга Пяткевіч, якая таксама прысутнічала на парафіяльнай сустрэчы.

— Як цяпер, бачу нашу пані Ромэрову на пахаванні. На ёй былі белыя панчошкі, чорныя туфлі, чорная сукенка і хустачка ў клетку, — прыгадвала Ядвіга Віктараўна, якой у 1943-м было 14 гадоў. — Дзеці моцна яе любілі, таму вельмі плакалі.

Падрабязна памятае жанчына і падзеі, якія адбываліся тут у гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Немцы, калі прыйшлі, нагналі ў маёнтак яўрэяў. Мы, дзеці, ха­дзілі туды гуляць, збіралі ім грыбы, ягады, і яны былі нам за гэта вельмі ўдзячныя, — працягвала доўгажыхарка. — А аднойчы прыходзім сюды — пуста, няма яўрэяў. Дзе іх падзелі, ніхто не ведае. А такія харошыя дзеткі былі! І цяпер перад вачыма стаяць, аж плакаць хочацца.

У пасляваенны час сядзібны дом Ромера стаў прытулкам для шматлікіх жыхароў Каралінова і навакольных вёсак, ад чыіх дамоў пасля вайны засталіся толькі папялішчы. Там вяскоўцы жылі, пакуль не пабудавалі новыя хаты.

— Я ў гэтым маёнтку яшчэ і замуж ішла, — па-добраму ўсміхнулася Ядвіга Пяткевіч. — Толькі ў 1950-м мы засяліліся ва ўласны дом, у якім жыву і цяпер.

Неўзабаве пасля Вялікай Айчыннай у гэтым прасторным будынку, які з 1939 па 1941 год быў абсталяваны пад бальніцу, адкрылі школу. Спачатку яна была сямі-, а пасля васьмі- і дзевяцігадовай і дзейнічала да канца 1990-х гадоў. Падрабязней пра школьны перыяд «жыцця» сядзібы Ромера расказаў былы вучань, а пасля і дырэктар установы Казімір Пракоп.

Новы ўласнік гістарычнага аб’екта мінчанін Канстанцін Хурс

— Жыхары Каралінова і навакольных вёсак заўжды вызначаліся не толькі працавітасцю, але і прагай да вучобы, — гаварыў Казімір Імпалітавіч. — Многія вучні школы атрымалі вышэйшую адукацыю, а некаторыя дасягнулі ў прафесіі вельмі высокіх вяршынь. Выпускнік караліноўскай школы Іван Віктаравіч Карыцька скончыў Вышэйшае ваенна-марское вучылішча ў Ленінградзе, удзельнічаў у першым у савецкай гісторыі падлёдным пераходзе атамнай падлодкі «К-115» з Баранцава мора ў Ціхі акіян з усплыццём у раёне Паўночнага полюса. Іосіф Віктаравіч Залуцкі атрымаў ступень доктара медыцынскіх навук, прафесара, быў вучоным-анколагам, членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі, дырэктарам НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Яго імем названы медыцынскі каледж у Маладзечне. Ураджэнец вёскі Філіпаўцы Іван Уладзіслававіч Шукель, які цяпер жыве ў Кіеве, таксама стаў доктарам медыцынскіх навук, ён палкоўнік медыцынскай службы.

Гаварылі ў той дзень не толькі пра гісторыю, але і пра будучыню аб’екта. Сёлета з’явілася на­дзея на тое, што яна ў напаўразбуранага будынка будзе. У чэрвені яго выкупіў мінчанін Канстанцін Хурс, які хоча развіваць тут мясцовы турызм і папулярызаваць беларускае мастацтва.

Першыя крокі да ажыццяўлення гэтых смелых планаў зробленыя. Інжынерная брыгада пасля грунтоўнага абследавання будынка ўжо дала тэхнічнае заключэнне аб стане яго канструкцый: цяпер вядома, што ў ім можна захаваць, а што трэба замяніць. Упершыню за доўгі час тут з’явілася электрычнасць — яе правялі пастаўскія электрыкі.

Пра кожны крок рэстаўрацыі новы ўласнік расказвае ў Instagram-акаўнце. Там можна ўбачыць і самую аўтэнтычную частку сядзібы — складзены з чырвонай цэглы склеп, які знаходзіцца ў выдатным стане і не патрабуе аднаўлення. На гэтай жа старонцы ў Instagram можна паглядзець, як выглядаў дзённік дачкі Альфрэда Ромера — Гелены Ромер-Ахенкоўскай, ці разгле­дзець фрагменты пліткі XIX стагоддзя, якая засталася на ганку.

— Самыя частыя пытанні, якія мне задаюць: навошта нам гэта трэба? і што тут будзе? — гаварыў напрыканцы мерапрыемства Канстанцін Хурс. — Але для мяне яшчэ вельмі важнае пытанне: што тут было? І вялікая каштоўнасць такіх мерапрыемстваў, як гэта, у тым, што мы можам так шмат даведацца пра гэта месца. Яго аднаўленне не будзе хуткім, але важна не спыняцца. Спадзяюся на падтрымку і жыхароў Камайшчыны, увогуле нераўнадушных да гісторыка-культурнай спадчыны людзей. І прашу: калі ў вас ёсць даўнейшыя здымкі сядзібы (у тым ліку ў той перыяд, калі тут была школа), рэчы, якія маюць да яе дачыненне, малавядомая інфармацыя — калі ласка, паведаміце.

…У 2032 годзе будзе адзначацца 200-годдзе з дня нараджэння Альфрэда Ромера. Ніхто не возьмецца сказаць, як у гэты юбілей будзе выглядаць яго сядзібны дом. Аднак хочацца спадзявацца, што некалі людзі змогуць збірацца ва ўтульным, напоўненым творчасцю будынку, у якім заўжды будзе поўна гасцей.

Іна Сняжкова
Фота аўтара і з адкрытых крыніц



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.