Работы поставчан стали частью экспозиции на научно-практическом семинаре в Минске

Культура

Нам засталася спадчына…

Пра неабходнасць берагчы і прымнажаць культурнае багацце нашых продкаў на мінулым тыдні гаварылі на прадстаўнічым семінары ў Мінску. Падчас яго эксперты з розных краін свету наведалі выставу, у экспазіцыі якой былі і работы пастаўчан.

З 15 па 17 лістапада ў Беларусі праходзіў міжнародны навукова-практычны семінар «Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны краін СНД у кантэксце глабальных выклікаў». У мерапрыемстве прынялі ўдзел вядучыя эксперты ў сферы аховы нематэрыяльнай спадчыны з Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана. Сярод іх былі прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, навукова-даследчых арганізацый, устаноў культуры і адукацыі. Яны расказалі пра асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі па захаванні культурнай спадчыны, прэзентавалі ўнікальны вопыт сваіх дзяржаў па ідэнтыфікацыі і інвентарызацыі нематэрыяльных каштоўнасцей.

У рамках семінару ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага была арганізавана выстава «Нематэрыяльная культурная спадчына Беларусі». У ёй прынялі ­ўдзел найлепшыя майстры з усіх рэгіёнаў Беларусі. Віцебшчына прэзентавала традыцыйнае ткацтва распісных дываноў Паазер’я, мастацкія практыкі саломапляцення, выцінанкі і іншыя. На выставе былі прадстаўлены і работы пастаўчан — народных майстроў Рэспублікі Беларусь Вольгі Гукавай і Таццяны Петух. У экспазіцыю ўвайшлі маляваныя дываны і вырабы з саломкі іх аўтарства.

Дарэчы, да саломапляцення з боку экспертаў цяпер павышаная ўвага. Напрыканцы лістапада гэты беларускі элемент можа быць уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Пакуль у ім чатыры беларускія элементы: абрад «Калядныя цары», Будслаўскі фэст, вясенні абрад «Юр’еўскі карагод» і культура ляснога бортніцтва Беларусі.

Як адзначыў на семінары міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч, у нашай краіне работа па выяўленні і вывучэнні нематэрыяльнай культурнай спадчыны арганізавана на самым высокім узроўні. Ахоўваюцца 164 элементы, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 7 з іх — з Пастаўскага раёна.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.