Школьники Новодруцкой БШ создали telegram-канал, где рассказывают о родных местах

Образование

Краязнаўчыя гісторыі ад парыжан

25 кастрычніка на платформе Telegram з’явіўся канал «Краеведческие истории», створаны навучэнцамі Навадруцкай базавай школы. У ім школьнікі з дапамогай кароткіх відэа- і тэкставых замалёвак расказваюць пра родныя мясціны.

З’яўленне канала звязана з удзелам вучняў у конкурсе «Медыятворчасць краязнаўчай накіраванасці», які праводзіцца ў рамках рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта «Збяры Беларусь у сваім сэрцы». Адна з яго намінацый «Цікавае — побач», выбраная нашымі землякамі, прадугледжвае стварэнне тэматычнай супольнасці ў сацыяльных сетках.

Названы конкурс не першы, у якім ­удзельнічаюць навадруцкія школьнікі. Больш за 10 гадоў ва ўстанове адукацыі існуе дзіцячае аб’яднанне «Юныя экскурсаводы» пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Святланы Латыш, у якое ўваходзяць вучні з 5-га па 9-ы клас. Нарадзіўшыся ва ўнікальным куточку з багатай гісторыяй, яны актыўна займаюцца краязнаўствам, зрабілі ў школе невялікі музей, для якога сабралі больш за тысячу экспанатаў. З не меншым энтузіязмам узяліся і за новую для сябе справу — стварэнне і вядзенне тэлеграм-канала. Напаўняць яго пачалі інфармацыяй пра Парыж: адкуль пайшла такая назва, калі і дзякуючы каму ў мястэчку з’явілася свая Эйфелева вежа. Потым сталі змяшчаць матэрыялы пра Асінагарадок.

— Унікальнасць нашых мясцін у тым, што тут спляліся гісторыі дзвюх вёсак — Парыжа, які раней некаторы час называўся Навадруцкам, і Асінагарадка, — расказвала Святлана Латыш. — Паміж імі няма тэрытарыяльнай мяжы, і многія падзеі, звязаныя з адным населеным пунктам, маюць непасрэднае дачыненне да другога. Узяць, напрыклад, легенду пра Напалеона. Згодна з ёй, французскі імператар, праязджаючы праз гэтыя мясціны, усклікнуў: «Тут прыгожа, як у парках Парыжа!» У той момант ён стаяў на гарадзішчы ў Асінагарадку і глядзеў на наш Парыж.

Увогуле, гісторыя Асінагарадка не менш цікавая, чым Парыжа. Акрамя гарадзішча жалезнага веку, тут знаходзіцца старажытная царква, якой больш за чатыры стагоддзі і якая нанесена на першую карту Вялікага Княства Літоўскага 1613 года. Побач з ёй — унікальная званіца, пабудаваная ў ХІХ стагоддзі ў нарвежскім стылі: яе аснова зроблена з дзікага каменю, а верх — драўляны. На гарадзішчы каля царквы пахаваны рускія і французскія салдаты, якія загінулі падчас вайны 1812 года. Крыху далей — пахаванне ўдзельнікаў Паўночнай вайны, якую ў XVIII стагоддзі вёў Пётр І са шведамі.

Усе гэтыя аб’екты можна будзе ўбачыць і прачытаць пра іх у тэлеграм-канале. У далейшым яго аўтары збіраюцца паказаць і расказаць пра цікавыя экспанаты школьнага музея, сярод якіх ёсць сапраўдныя рарытэты. Напрыклад, французскі га­дзіннік пачатку ХІХ стагоддзя, гузікі рускіх і французскіх салдат таго часу і перыяду руска-шведскай вайны. Таксама ў музеі сабраны багатыя калекцыі прасаў, паштовых марак, запалкавых пачкаў, манет і іншыя.

Канал разлічаны на рознаўзроставую аўдыторыю і за кароткі час набыў нямала падпісчыкаў. Гэта не толькі вучні і настаўнікі школы, але і іх родныя, знаёмыя, сябры, тыя, хто калісьці вучыўся і працаваў у Навадруцкай БШ. Аўтары «Краеведческих историй» маюць намер зацікавіць сваімі публікацыямі і іншых інтэрнэт-карыстальнікаў, развіваць праект пасля завяршэння конкурсу.

— Вучні літаральна гараць ім! — кажа Святлана Латыш. — Яны ахвотна здымаюць відэасюжэты, апрацоўваюць сабраны матэрыял. Нават на канікулах прыбягалі ў школу, каб сфатаграфаваць музейныя экспанаты. У іх столькі задум! Спадзяюся, што гэты энтузіязм захаваецца ў далейшым і наш канал будзе жыць.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.