Летописцы людских судеб. Органам ЗАГС — 105 лет

Общество

Летапісцы людскіх лёсаў

У пятніцу ў аддзеле ЗАГС райвыканкама прайшоў урачысты сход, прысвечаны 105-годдзю з дня ўтварэння органаў запісу актаў грамадзянскага стану Беларусі. На яго сабраліся кіраўнікі спраў усіх сельскіх выканаўчых камітэтаў раёна. Завітаў і старшыня райсавета дэпутатаў Пётр Курто.

На правах гаспадыні прысутных вітала начальнік аддзела Аніта Несцяровіч. Яна адзначыла, што 105 гадоў — гэта цэлая эпоха ў гісторыі чалавецтва, напісаная людскімі лёсамі. А гісторыя пастаўскага ЗАГС складзена з лёсаў жыхароў раёна, бо амаль кожны з іх хоць аднойчы звяртаўся сюды па рэгістрацыю самых важных падзей у жыцці, пачынаючы са стварэння сям’і і нараджэння дзяцей, або па аднаўленне страчаных дакументаў ці атрыманне даведак.

— За 105 гадоў ЗАГСы сталі неад’емнай часткай грамадства, — гаварыла Аніта Францысаўна. — Работа ў аддзеле звязана з рознымі сферамі дзейнасці. Але галоўным прыярытэтам быў і застаецца чалавек. Ад таго, наколькі правільна і поўна зарэгістраваны акт грамадзянскага стану, часам залежыць яго лёс. Таму ад нас, хто гэтым займаецца, патрабуюцца асаблівая ўважлівасць і выдатнае веданне заканадаўства. А яшчэ — цярпенне, клопат і душэўная цеплыня да людзей, якія прыходзяць са сваёй радасцю або горам.

Пётр Курто дзякуе за бездакорную работу Галіне Гутар

Рэгістрацыю нараджэння і смерці, заключэння шлюбу паміж грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і ўстанаўлення бацькоўства, урачыстую рэгістрацыю вясельных юбілеяў ажыццяўляюць не толькі аддзелы ЗАГС, але і сельскія выканаўчыя камітэты. Кіраўнікі спраў, на якіх гэта ўскладзена, уносяць істотны ўклад ва ўмацаванне сем’яў, выхаванне павагі да традыцый, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Аніта Францысаўна шчыра падзякавала ім за адказны падыход да выканання пастаўленых задач, захаванне культурных традыцый, папулярызацыю сямейных каштоўнасцей, неабыякавасць да людзей і адданасць прафесіі, пажадаўшы моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў у далейшым. А затым перадала слова старшыні раённага Савета дэпутатаў Пятру Курто.

Адзначыўшы важнасць і сур’ёзнасць работы спецыялістаў ЗАГС і кіраўнікоў спраў сельвыканкамаў, Пётр Леанідавіч заўважыў: за ўвесь час дзяржслужбы яму ні разу не даводзілася чуць у іх адрас папрокаў ці заўваг ад насельніцтва. А гэта дорага каштуе. Ад імя райвыканкама і райсавета дэпутатаў ён пажадаў усім прысутным аптымізму, упэўненасці ў будучым і мірнага неба над галавой, пасля чаго ўручыў заслужаныя ўзнагароды найлепшым.

За бездакорную работу ў сістэме органаў ЗАГС Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджана інспектар аддзела Галіна Гутар, Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта — кіраўнік спраў Юнькаўскага сельвыканкама Наталля Сталяронак. Падзякі старшыні райвыканкама ўдастоены кіраўнікі спраў Валкоўскага і Навасёлкаўскага сельскіх выканаўчых камітэтаў Алена Мянчынская і Таццяна Врублеўская. А самы малады з усіх работнікаў сельскіх Саветаў Аксана Навумец з Варапаева, якая знаходзіцца на пасадзе ўсяго год, але ўжо паспела зарэкамендаваць сябе добрым спецыялістам, атрымала Падзячнае пісьмо і падарунак ад аддзела ЗАГС.

Пасля завяршэння ўрачыстасці кіраўнікі спраў і работнікі аддзела падвялі працоўныя вынікі за 2022 год і акрэслілі задачы на новы, 2023-і.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.