Экспозиция репродукций картин Николая Рериха открылась в Поставах

Культура

Запрашаем у свет Рэрыха

У кожным гістарычным перыядзе ёсць людзі, якія апярэджваюць час на шмат крокаў наперад. Адным з такіх быў Мікалай Рэрых — выдатны рускі мастак і мысліцель, сцэнограф, філосаф, пісьменнік, археолаг, акадэмік, грамадскі дзеяч.

За 73 гады свайго жыцця ён стварыў каля 7 000 карцін, якія сёння знаходзяцца ў Рускім і іншых музеях, Траццякоўскай галерэі, прыватных калекцыях па ўсім свеце. З нядаўняга часу далучыцца да творчасці знакамітага мастака могуць і пастаўчане: у выставачнай зале Пастаўскага раённага краязнаўчага музея ў палацы Тызенгаўзаў размясцілася экспазіцыя рэпрадукцый карцін Мікалая Рэрыха.

Выстава мае назву «Из древних чудесных камней сложите ступени грядущего». Падчас яе адкрыцця (а яно адбылося 24 студзеня) гледачы даведаліся шмат цікавых фактаў пра жыццё і творчасць мастака. Расказалі іх ганаровыя госці мерапрыемства — намеснік старшыні Віцебскага аддзялення рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Рускае грамадства» пры пасольстве Расіі ў Беларусі Валянціна Маісеенка, кіраўнік рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд Рэрыхаў» Ірына Вазміцель, яе супрацоўнік Андрэй Пшонка.

Выступоўцы адзначылі, што два дзясяткі высакаякасных копій карцін былі створаны яшчэ ў 90-я гг. па ініцыятыве Беларускага фонду Рэрыхаў. Іх убачылі жыхары шэрага беларускіх гарадоў. Ладзілася аналагічная выстава і ў розных рэгіёнах Віцебшчыны. Залы для яе размяшчэння былі розныя — ад камерных да прасторных. Аднак пастаўская — адна з самых незвычайных і сімвалічных. А ўсё таму, што ў гэтым гістарычным будынку ў часы Тызенгаўзаў знаходзілася больш за 600 карцін (арыгіналаў і копій) сусветнавядомых мастакоў. Палац нагадваў сапраўдную мастацкую галерэю. І вось тут зноў можна натхніцца, наталіцца прыгажосцю і энергіяй ад яркіх ва ўсіх сэнсах работ.

На адкрыцці прагучала цытата Мікалая Рэрыха: «Кожная карціна павінна быць святам, выпраменьваць радасць стварэння, радасць прыгажосці і тое, што мы хочам выказаць з самых вялікіх глыбінь жыцця». І яму так пісаць удавалася. Пераканацца ў гэтым можа кожны, наведаўшы новую выставачную экспазіцыю. Яна будзе знаходзіцца ў палацы Тызенгаўзаў да 7 лютага.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.