На Поставщине проходит районный этап конкурса «Учитель года Республики Беларусь»

Образование

Хто найлепшыя педагогі ў раёне?

Адказ на гэта пытанне павінен даць конкурс прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Вочны тур яго раённага этапа стартаваў на Пастаўшчыне ў аўторак, 17 студзеня, у СШ №1. Першая гарадская школа ў каторы раз гасцінна расчыніла дзверы для ўсіх жадаючых пагрузіцца ў атмасферу творчасці, пошуку, свабоды думкі і адкрыццяў.

Пазмагацца за званне найлепшага «сейбіта» разумнага, добрага, вечнага сёлета вырашылі 18 прадстаўніц настаўніцкай прафесіі з 12 агульнаадукацыйных і 5 дашкольных устаноў нашага краю. Адны з іх працуюць у школе больш за 30 гадоў і ма­юць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, у іншых каля 10 гадоў педагагічнага стажу і першая катэгорыя або яе пакуль наогул няма. Хтосьці з канкурсантак выкладае замежную мову, фізіку і матэматыку, а хтосьці з’яўляецца музычным кіраўніком у дзіцячым садку. Пры гэтым у кожнай свая методыка навучання, формы работы і тэхналогія выкладання.

У снежні мінулага года ўдзельніцы спаборніцтва паспяхова прайшлі яго завочны тур, падчас якога трэба было пісьмова прадставіць праект урока або занятку, сваю сістэму педагагічнай дзейнасці, а таксама зра­біць відэа- або мультымедыйную самапрэзентацыю. Усё гэта яны адправілі для ацэнкі ў раённы вучэбна-метадычны кабінет.

І вось настаў час непасрэднага знаёмства з канкурсанткамі. Прысутным у актавай зале школы іх прадставілі не па намінацыях, якіх пяць: «Пачатковыя класы», «Замежная мова», «Фізіка. Геаграфія. Гісторыя», «Выхавальнік дашкольнай адукацыі» і «Музыка. Працоўнае навучанне (абслуговая праца)», а па прыродных стыхіях, да якіх адносяцца педагогі ў адпаведнасці са сваімі знакамі задыяка. Таксама іх і балельшчыкаў пазнаёмілі з членамі журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты аддзела па адукацыі райвыканкама. А ўзначаліў судзейскую калегію яго начальнік Павел Трава. Як старшыня аргкамітэта конкурсу ён прывітаў смелых і таленавітых педагогаў.

— Конкурсы педагагічнага майстэрства сталі традыцыяй: у Беларусі яны праходзяць не першае дзесяцігоддзе, — гаварыў Павел Юр’евіч. — Безумоўна, гэта вялікае выпрабаванне, якое патрабуе ад удзельнікаў мабілізацыі сіл — сабрацца і прыгожа прадставіць тое, што напрацавана. Я ўдзячны ім і адміністрацыі навучальных устаноў за рашэнне змагацца за званне найлепшага настаўніка раёна. Упэўнены, што ўсё атрымаецца, бо тут сабраліся самыя таленавітыя і працавітыя прадстаўнікі прафесіі. Жадаю ўсім удачы і перамогі!

З музычным прывітаннем перад канкурсанткамі выступілі вучні. А затым на сцэну выйшлі яны самі, каб публічна прадставіць сістэмы сваёй педагагічнай дзейнасці: расказаць, над якімі тэмамі працавалі і чаго ў выніку ўдалося дасягнуць. Прэзентацыі ацэньваліся журы па шасці крытэрыях. Улічваліся не толькі актуальнасць, аўтарская навізна і перспектыўнасць ідэі вопыту, яго гатоўнасць да масавага выкарыстання і ўкаранення вынікаў у практыку, але і лагічнасць, пераканаўчасць выступлення, уменне канкурсанта адказваць на пытанні.

На гэтым тыдні ва ўдзельніц пачаліся адкрытыя ўрокі і заняткі ў незнаёмых класах і групах, якія будуць праходзіць па 24 студзеня ў першай, другой і трэцяй гарадскіх школах, а таксама ў дзіцячых садах №2 і №5. На іх педагогі прадэманструюць сваё прафесійнае майстэрства і ўласныя напрацоўкі на практыцы. А ў канцы студзеня — пачатку лютага журы падвядзе вынікі конкурсу і аб’явіць пераможцаў у намінацыях. Хто імі стане, мы абавязкова раскажам на старонках газеты.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.