Не толькі хлебаробы, але і выкладчыкі, навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа завяршылі сельскагаспадарчы год і адзначылі дзень ураджаю.
Паспяхова справіўшыся з усім комплексам работ на падсобнай гаспадарцы, яны давялі да парадку тэхніку і агрэгаты, паставілі яе на зімовае захоўванне. А ў мінулую сераду падвялі вынікі трэцяга працоўнага семестра і ўшанавалі самых працавітых і старанных. Мерапрыемства прымеркавалі да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Каледж з’яўляецца галоўнай кузняй кадраў для сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна і іншых. Практычна ўсе прафесіі, якія атрымліваюць тут навучэнцы, звязаны з аграпрамысловым комплексам, і ў будучым гэта свята стане для іх прафесійным.
Перад пачаткам мерапрыемства ў фае ўстановы была арганізавана выстава дароў восені з выпечкай, самаварам і баранкамі. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах запрашалі ўсіх пачаставацца. Ушаноўванне тых, хто вызначыўся на сельгасработах, прайшло ў актавай зале. Па традыцыі духмяны каравай з мукі новага ўраджаю паднеслі дырэктару навучальнай установы Сяргею Шамовічу. А ён расказаў пра вынікі сельскагаспадарчага года.
З ранняй вясны тут вырошчвалі ў цяпліцы расаду памідораў, капусты, перцаў, кветак. Пазней яе высадзілі ў адкрыты грунт. Сёлета ўпершыню вырошчвалі бульбу. Адказнымі за яе былі навучэнцы групы №231 з майстрам вытворчага навучання Дзянісам Авізічам. Напакалі 4 тоны клубняў, і гэтага дастаткова для патрэб сталовай, у якой харчуюцца навучэнцы. Назапасілі яблыкаў, буракоў, морквы. Моркву вырошчвалі навучэнцы групы №229 пад кіраўніцтвам Валянціны Клянтак. Зерневыя сеялі і даглядалі Віктар Кірплюк і Дзяніс Авізіч. Дзяніс з навучэнцам 3-га курса Аляксандрам Сакаловым, які праходзіў вытворчую практыку на базе каледжа, пасеялі азімыя зерневыя. Слесар-рамонтнік Арцём Жук быў задзейнічаны на ўздыме зябліва.
На базе каледжа было створана 5 студатрадаў, якія аб’ядналі 123 чалавек. Яны ўбіралі бульбу на палях ААТ «Навасёлкі-Лучай». Многія будучыя трактарысты-машыністы, слесары аказвалі дапамогу механізатарам сельгаспрадпрыемстваў у пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне. Сяргей Шамовіч падчас свята ўручыў падзякі прыкладна тром дзясяткам чалавек.
З падарункамі прыехалі старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Васілій Катовіч, намеснік дырэктара ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Шапель і першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Пятрова.
Падчас мерапрыемства навучэнцы каледжа парадавалі прысутных цікавымі творчымі нумарамі.
Анна Анішкевіч


