Учитель белорусского языка и литературы Яния Анкудович выпустила не одно поколение выпускников

Образование

Заўсёды рады сустрэчы

Маладой настаўніцай беларускай мовы і літаратуры прыйшла ў Навасёлкаўскую сярэднюю школу Янія Яў­гень­еўна Анкудовіч. Кожны яе ўрок — адкрыццё новага свету ў творах Коласа і Купалы, гуках роднай мовы. Дзяцей падкуплялі не толькі ўменне настаўніцы даступна растлумачыць правіла, зацікавіць літаратурным творам, але і адкры­тасць, камунікабельнасць, дабрыня. Многіх вучняў Янія Яўгеньеўна навучыла чытаць сэрцам, а не вачыма, паказала ўсю прыгажосць друкаванага слова. Дзякуючы ёй адны адкрылі ў сабе любоў да літаратуры, іншыя — цягу да мастацтва, падарожжаў.

А якую вялікую ролю ў адукацыйным працэсе адыгрывалі пазакласныя мерапрыемствы, якія праводзіла Янія Анкудовіч! Яна кіравала драматычным гуртком. Яго ўдзельнікі ставілі «Паўлінку», «Раскіданае гняздо» і нават «Слово о полку Игореве». Выпускала адзін клас — замацоўвалі новы. Ужо школьнікамі сталі ўнукі яе першых выпускнікоў. Многія выпускнікі пайшлі шляхам любімай настаўніцы. Сярод іх Галіна Іжмайловіч, якая паспяхова выкладае беларускую мову і літаратуру ў СШ №1. Яе вучні з года ў год займаюць прызавыя месцы на абласным і рэспубліканскім этапах прадметнай алімпіяды.

Галіна Іжмайловіч, Аляксей Драгун, Таццяна Вішнеўская са сваёй класнай мамай Яніяй Яўгеньеўнай Анкудовіч

Прыклад Яніі Яўгеньеўны ў пэўным сэнсе вызначыў прафесійны шлях і Таццяны Вішнеўскай. Дзяўчына закончыла Полацкі дзяржаўны педагагічны каледж імя П. Машэрава і цяпер працуе выхавальнікам у дзіцячым садку, размешчаным у мікрараёне 6 гарадка.

Аляксей Драгун свой лёс звязаў з лясной гаспадаркай. Ён — ляснічы Груздаўскага лясніцтва.

— Лёша быў у класе найменшага росту, а яшчэ вельмі сціплым, — успамінала Янія Анкудовіч. — На ўрачыстых лінейках заўсёды туліўся да маёй рукі, калі падрос — да пляча. А цяпер вунь як узмужнеў!

Аляксей, нібыта маму, прытуляе да сябе класнага кіраўніка і дзякуе ёй за тую своеасаблівую любоў да чужых дзяцей, якіх яна не дзяліла на выдатнікаў і сераднячкоў, паслухмяных і не вельмі. Яна ўмела знайсці падыход да кожнага.

— Класны кіраўнік заўсёды стаяла за нас гарой, — успамінала Таццяна Вішнеўская. — А калі заслугоўвалі, адзін на адзін магла спытаць па поўнай строгасці. У нашым класе вучылася больш дзяўчат, чым хлопцаў. Адразу не маглі здружыцца. Класнаму кіраўніку ўдалося нас з’яднаць, навучыць жыць па прынцыпе мушкецёраў: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

Галіна Іжмайловіч, Аляксей Драгун і Таццяна Вішнеўская навасёлкаўскую школу закончылі ў розны час. Але, як прызналіся, настальгія па школьных гадах не пакідае.

— Толькі пабудаваная школа, калектыў маладых настаўнікаў, некаторыя педагогі — сямейныя пары, насычанае пазакласнае жыццё, — успамінала Галіна Іжмайловіч. — Янія Яўгеньеўна — наш класны кіраўнік і педагог-арганізатар. Якія цікавыя і разнастайныя мерапрыемствы мы рыхтавалі! У іх удзельнічалі як вучні, так і настаўнікі. Сярод гледачоў былі не толькі бацькі вучняў, але і іншыя вяскоўцы.

Янія Яўгеньеўна памятае кожнага са сваіх вучняў і з кожным рада сустрэчы. Вось і на гэты раз разам з Галінай Іжмайловіч, Аляксеем Драгуном, Таццянай Вішнеўскай яны прайшлі па школьных паверхах і класах. Выпускнікі засталіся прыемна ўражаныя пераменамі каля школы і ў ёй. Установа непазнавальна абнавілася.

Янія Анкудовіч па-ранейшаму працуе ў школе і ўсе сілы, сваю любоў і талент аддае вучням. А яе выпускнікі ганарацца тым, што менавіта паважаная Янія Яўгеньеўна была іх класным кіраўніком. Сёння многія прыйдуць на вечар сустрэчы. Вядучай на ім будзе любімая настаўніца.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.