Литературное любительское объединение «Світанак» презентовало сборник стихов «Першыя крокі»

Культура

«Першыя крокі» – курс на Алімп

19 лютага ў канцэртнай зале Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза адбылася прэзентацыя зборніка вершаў «Першыя крокі» літаратурнага аматарскага аб’яднання «Світанак».

Адна з актыўных удзельніц літаб’яднання Вольга Лісіцкая выйшла на сцэну з двума зборнікамі ў руках: «Рунь» і «Першыя крокі». Першы ўбачыў свет у далёкія 90-я, другі — напрыканцы мінулага года. У абодвух — плён працы 17 «світанкаўцаў». Вядучыя Вольга Лойка і Таццяна Карпава назвалі прозвішчы тых, хто ўвахо­дзіў у аб’яднанне, якое дзейнічала яшчэ пры рэдакцыі райгазеты. Гэта Аркадзь Нафрановіч, Ніна Захарэвіч, Леанід Трубач, Яўстафій Абрамовіч, Зінаіда Шыман, Ігар Пракаповіч, Іосіф Атрахімовіч, Іосіф Малец, Уладзімір Мінаеў, Фёдар Панцялееў, Аляксандр Гарбуль і іншыя. Вольга Лісіцкая і Ігар Пракаповіч з асаблівай удзячнасцю гаварылі пра супрацоўніка рэдакцыі, таленавітага аўтара Алеся Касцяня, які аб’ядноўваў мясцовых творцаў, арганізоўваў сустрэчы. На жаль, многіх даўно няма на гэтым свеце.

Літаб’яднанне перажывала рознае. Яго дзейнасць то разгаралася, то тлела. Але мясцовыя паэты і празаікі не пераставалі пісаць, а райгазета — друкаваць іх творы. Таксама яны прымаюць удзел у розных паэтычных конкурсах. Сённяшнія самыя актыўныя аўтары — гэта Ігар Пракаповіч, Марына Кавалёнак, Вольга Лісіцкая, Наталія Карнілава, Святлана Аліхвер, Сафія Скабёлкіна, Нэла Лось. «Рыхтуючыся да прэзентацыі, я пагартала тыя нумары газеты, у якіх змяшчаліся мае вершы, — дзялілася са сцэны Наталія Карнілава. — Дык у літстаронках пад назвай «Світанак» або проста ў паэтычных падборках фігурыруюць дзясяткі аўтараў». У зборнік таксама ўвайшлі вершы Таццяны Гінько, Святланы Івановай, Марыі Курыловіч, Уладзіміра Свірковіча, Вадзіма Ліпніцкага, Віталія Мацюшонка, Жанны Мышко, Марыны Наябрскай, Таццяны Рубцовай, Людмілы Цыбульскай, Леакадзіі Янцэвіч-Дзевятоўскай.

Сёння літаб’яднанне мае статус аматарскага, і пад сваё крыло яго ўзяў Цэнтр культуры і народнай творчасці раёна. Ён жа арганізаваў і прэзентацыю зборніка, якая прайшла вельмі цёпла. Адзін за другім на сцэну падымаліся аўтары. Шчыра прызнаваліся, як шмат для іх значыць аб’яднанне, пранікнёна чыталі свае вершы. Вядучыя трапна характарызавалі кожнага, падкрэслівалі адметнасць твораў. Прысутныя ў зале не шкадавалі апладысментаў. Гучалі і песні. Іх падарылі ўдзельніцы вакальнай студыі «Славія» Яна Запольная і Вераніка Шорац, а таксама Наталія Сцегніенка, Ганна Бартось і Людміла Логінава. Прычым прагучалі дзве песні на музыку Людмілы і словы мясцовых паэтаў Марыны Кавалёнак і Марыны Пылінскай.

Асобных слоў заслугоўваюць Марына Кавалёнак і Вольга Лісіцкая. Менавіта дзякуючы іх невычэрпнай энергіі, вялікай настойлівасці ўдалося згуртаваць пастаўскіх паэтаў і празаікаў, удыхнуць у літаб’яднанне новае жыццё. Марына ўзначаліла аматарскае аб’яднанне. На свяце яна шчыра дзякавала аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Цэнтру культуры і народнай творчасці , якія пайшлі насустрач мясцовым творцам, а таксама ўсім, хто спрычыніўся да добрай справы. І запэўніла прысутных, што за першымі крокамі будуць і наступныя: новыя вершы і проза, аўтары і творчыя сустрэчы, літаратурныя старонкі ў «Пастаўскім краі» і зборнікі твораў.

Мне здаецца, што сама прэзентацыя «Першых крокаў» абавязкова натхніць мясцовых аўтараў на творчасць. Што да самога зборніка, то яго трэба пачытаць (вершы і проза вартыя ўвагі). Праўда, у продажы кніжкі няма. Але яна ёсць у цэнтральнай раённай бібліятэцы і ў аўтараў. З многімі з іх вы, напэўна, знаёмыя.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.