О поступлении, учебе и службе рассказали старшеклассникам представители силовых структур

Образование

Пра паступленне, вучобу і службу расказалі старшакласнікам на прафарыентацыйнай сустрэчы прадстаўнікі сілавых структур.

Мерапрыемства ладзілася на мінулым тыдні ў СШ №1, і на яго былі запрошаны юнакі 10—11 класаў усіх школ горада. На сустрэчу з імі прыехалі намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні РАУС Павел Свірбутовіч, супрацоўнікі Дзярж­аўтаінспекцыі і АМАН упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, старшы інспектар групы прафарыентацыйнай работы аддзела ідэалагічнай работы Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Аляксандр Брысюк, старшы выкладчык кафедры тактычнай і агульнавайсковай падрыхтоўкі ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Дзмітрый Вяршыла і курсант 5 курса БДУІР Максім Крыўко, які ў свой час закончыў пастаўскую СШ №2.

Перад пачаткам сустрэчы госці разгарнулі ў фае школы выставу зброі і экіпіроўкі супрацоўнікаў АМАН і ДАІ, якая прыцягнула ўвагу як старшакласнікаў, так і іншых навучэнцаў. Усё можна было не проста паглядзець, але і ўзяць у рукі, прымераць. Ахвотным прапаноўвалі адказаць на пытанні віктарыны і паўдзельнічаць у конкурсах.

Затым школьнікі перамясціліся ў актавую залу, дзе пайшла размова пра службу ў органах унутраных спраў, патрабаванні да кандыдатаў і перавагі для тых, хто паступіць у Акадэмію МУС і на ваенны факультэт БДУІР. Прадстаўнікі гэтых навучальных устаноў і РАУС падрабязна расказалі пра парадак паступлення і афармлення неабходных дакументаў, спецыяльнасці, на якія вядзецца набор, асаблівасці вучэбнага працэсу і ўмовы падрыхтоўкі, асобна спыніліся на распарадку дня, быце і адпачынку курсантаў. Навучэнцам былі прадэманстраваны відэафільмы пра акадэмію і ваенны факультэт БДУІР. Таксама юнакоў пазнаёмілі з перспектывай службы пасля іх заканчэння, закранулі такія паняцці, як афіцэрскі абавязак і гонар.

Сустрэча была цікавай і карыснай. Школьнікі даведаліся шмат новага і змаглі вырашыць для сябе, пасту­паць у сілавыя ВНУ або не. Некаторых зацікавіла служба ў міліцыі і арміі, яны падыходзілі да гасцей і задавалі ім пытанні. А двое 11-класнікаў яшчэ да прафарыентацыйнай сустрэчы звярнуліся ў РАУС па пытанні афармлення дакументаў для паступлення ў Акадэмію МУС. Пра свой выбар яны расказалі карэспандэнту «ПК».

Максім Альфер, СШ №3:

— Мне з дзяцінства падабалася ўсё, што звязана са службай у арміі і міліцыі. Але сам апрануць форму не марыў. Збіраўся падаваць дакументы ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт прамысловага будаўніцтва, пакуль у пачатку другой чвэрці не атрымаў пісьмо з Акадэміі МУС з запрашэннем стаць яе курсантам. Зацікавіўшыся, адправіўся ў раённы аддзел унутраных спраў, дзе мне падрабязна расказалі пра паступленне і вучобу ў гэтай ВНУ. І я загарэўся жаданнем там вучыцца. Хачу быць следчым або займацца аператыўна-вышуковай работай. Ужо амаль сабраў медыцынскія даведкі для праходжання ваенна-ўрачэбнай камісіі ў Віцебску.

Мікіта Дань, СШ №2 імя Н. М. Асяненкі:

— Як і большасць равеснікаў, я доўга не мог вызначыцца, кім быць. Прываблівала прафесія праграміста, разглядаў для паступлення Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Але там вельмі высокія прахадныя балы, і я баяўся не прайсці па конкурсе. А ў пачатку 11 класа непасрэдна ўбачыў, як працуюць міліцыянеры, і сам захацеў стаць адным з іх. Лічу, што служыць у міліцыі прэстыжна, і цяжкасці службы мяне не палохаюць. Мару лавіць злачынцаў, таму выбраў факультэт крымінальнай міліцыі Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.

Алена Шапавалава
Фота даслала СШ №1



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.