XXXII чемпионат Беларуси по волейболу. На площадке ФОКа в минувшие выходные играли команды 1-й лиги

Спорт и туризм

Наперадзе – рашаючы адрэзак

У другі раз сёлета на пляцоўцы ФАКа ў мінулыя выхадныя сабраліся каманды 1-й лігі. Матчы чарговага, 4-га, тура першынства выклікалі вялікі глядацкі інтарэс. Акрамя задавальнення ад прагляду відовішчных сустрэч, аматары валейбола атрымалі ў падарунак каляровыя буклеты з разнастайнай інфармацыяй аб ходзе першынства і яго ўдзельніках.

Падвяла рэалізацыя

«Легіён-2» (Гродна)–«Атлант» (Паставы) – 3:1
1 дзень. 3:1 (27:25; 23:25; 25:20; 25:22)

Змагацца ў стартавым паядынку валейбалістам было асабліва прыемна, бо ў зале не было свабодных месцаў. Падтрымаць нашу каманду прыехалі нават школьнікі з Навасёлкаўскай СШ і зноў — старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік.

Барацьба атрымалася роўнай і напружанай. Праўда, у першай партыі пастаўчане не даціснулі свайго саперніка пры ліку на табло 24:22 на сваю карысць. Правесці рашаючую камбінацыю не ўдалося, бо ў абароне гродзенцы згулялі бездакорна, дагналі «Атлант» і выйшлі наперад. У наступным сэце яны ледзь не адыгралі вялізны адрыў у 8 мячоў. «Атлантаўцы» з цяжкасцю яго выйгралі, але ў саперніка ў далейшым быццам адкрылася другое дыханне.

У ролі даганяючых цяпер аказаліся пастаўчане. Лідары нашай каманды сталі часта памыляцца пры завяршэнні атак. Найбольш перахваляваўся дыяганальны Дзмітрый Грыневіч, а гродзенцы ў патрэбны момант яшчэ больш узмацнілі тэмп і дабіліся свайго.

У наступнай сустрэчы лідар чэмпіянату з Салігорска нечакана сустрэў вельмі моцнае супраціўленне ад базавага клуба маладзёжнай зборнай Беларусі, затраціў шмат сіл, каб яго перамагчы з лікам 3:1.

Партнёры віншуюць Андрэя Казлоўскага (№13), які найбольш вызначыўся ў абодвух матчах

Найлепшы матч сезона

«Атлант» (Паставы)–«ДЮСШ-Шахцёр» (Салігорск) – 3:1
2 дзень. 3:1 (18:25; 25:14; 25:21; 25:21)

У нядзелю ў трэцім матчы тура гродзенцы даволі ўпэўнена абыгралі (3:1) выхаванцаў сталічнага РДВАРа-2007. Перад наступнай сустрэчай галоўны трэнер пастаўчан Павел Вавінскі пацвердзіў, што наша каманда зрабіла аналіз памылак і гатова да змагання з лідарам. Аднак спачатку дублёры наймацнейшага айчыннага клуба выйгралі ў пастаўчан на моцных сілавых падачах, а заключны адрэзак першай партыі — з перавагай ажно ў 7 ачкоў. Да гонару «атлантаўцаў», яны псіхалагічна выстаялі і загулялі з максімальнай канцэнтрацыяй, сталі змагацца і за «безнадзейныя» мячы, а лідара атак Андрэя Казлоўскага падтрымалі Васіль Скалабан і капітан Аляксандр Каспер.

Пастаўчане ўзмацнілі сваю гульню над сеткай. На флангах саперніку цяжка было стрымаць трапныя ўдары Дзмітрыя Грыневіча. Салігарчане, якія правалілі другую партыю, у наступнай сталі лідзіраваць, але ў канцоўцы нашы загулялі феерычна і самааддана. На замену выйшаў Аляксей Канаш і тройчы вызначыўся. Некалькі важных ачкоў прынёс распасоўшчык Руслан Сімагасціцкі, а рэзервовы блакіруючы Яраслаў Недзведзь вызначыўся на складанай падачы па лініі. Галоўны трэнер фаварыта Юрый Дудко спрабаваў пераламаць няўдалы ход гульні серыяй тайм-аўтаў і перастаноўкамі ў звеннях. Аднак у «Шахцёра» гэта не атрымалася.

Пасля рашаючай пераможнай камбінацыі «атлантаўцы» заслужылі бурных авацый. Вельмі радаваліся перамозе над моцным сапернікам Каспер, Сімагасціцкі, Бабровіч, Скалабан, Грыневіч, Казлоўскі, Канаш, Недзведзь, Панавас, Зарэцкі, Літвіновіч.

Далей у чэмпіянаце краіны — месяц перапынку. Наступны тур папярэдняга раўнда пройдзе ў пачатку красавіка зноў у Салігорску, але там з лідарам нашы не згуляюць. У турнірнай табліцы сітуацыя крыху памянялася. «ДЮСШ-Шахцёр» захаваў лідзіруючыя пазіцыі (18 ачкоў), але да яго наблізіся гродзенцы (17). На 3-м месцы замацаваліся пастаўчане (11) з адрывам ад мінчан у 9 ачкоў. Заключны тур папярэдняга этапа адбудзецца 22—23 красавіка ў нашым райцэнтры, а фінал у пачатку мая прыме беларуская сталіца.

Уладзімір Шык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.