Механизатор ОАО «Новоселки-Лучай» Юрий Гвоздов награжден медалью «За трудовые заслуги»

Сельское хозяйство

За працоўныя заслугі – медаль

27 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ 78 аб узнагароджанні 23 работнікаў аграпрамысловага комплексу краіны медалём «За працоўныя заслугі». Сярод іх і механізатар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Юрый Гваздоў. Узнагароду ён атрымаў у мінулую пятніцу з рук намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Леаніда Зайца на ўрачыстым ушаноўванні найлепшых жывёлаводаў вобласці ў Віцебску.

Уклад Юрыя ў вытворчасць малака ў гаспадарцы вельмі вялікі: летась нарыхтаваў 31 252 тоны травяной масы на сянаж і сілас, накасіў і здрабніў 4 786 тон травы і 1 409 тон кукурузы ў свежым выглядзе на корм жывёле.

Патомнага хлебароба, здаецца, добра ведаюць усе чытачы «Пастаўскага краю», бо пра яго пісалі шмат. У Навасёлках Юрый працуе амаль 30 гадоў. На працягу 20-і на «Ягуары» дабіваўся высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы кармоў. Кіраўніцтва цэніць высокакваліфікаванага, стараннага і адказнага работніка, які беражліва адносіцца да замацаванай за ім тэхнікі. Два гады таму механізатару даверылі новы корманарыхтоўчы камбайн. За значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна Юрыю Гваздову ў 2017 годзе было прысвоена званне «Чалавек года Пастаўшчыны». Яго здымак неаднаразова заносіўся на раённую Дошку гонару. А цяпер скарбонку ўзнагарод папоўніў медаль «За працоўныя заслугі».

Вельмі рады за Юрыя найперш родныя. Бацька, Парфірый Сцяпанавіч, — вядомы ў раёне бульбавод, які шмат гадоў вырошчваў другі хлеб на палях былога калгаса «Гігант». За высокія паказчыкі ў рабоце ў 1977 годзе ўзнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы III ступені. Па стане здароўя быў вымушаны на пэўны час развітацца з тэхнікай. А калі вярнуліся сілы, заняўся бульбаводствам на прысядзібным участку. Гэта ён першым на рынку ў Паставах прапануе пакупнікам свежую раннюю бульбу (дарэчы, сёлета яна ў гаспадара ўжо пасаджана), і большасць гараджан набываюць яе менавіта ў Гваздова-старэйшага. Ганарацца Юрыем яго дочкі: Дар’я, якая выкладае англійскую мову ў Глыбоцкай гімназіі, і 10-класніца Марыя. Не хаваюць радасці мама Яўгенія Аляксандраўна і жонка Алена.

У гэтыя дні механізатар даводзіць да ладу свой камбайн, на якім прыкладна ў канцы мая ўключыцца ў корманарыхтоўку, дапамагае ў тэрміновым рамонце тэхнікі і калегам.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.