На ферме «Хотилы» среднесуточный удой молока от коровы составляет более 18 килограммов

Сельское хозяйство

І надоі высокія, і парадак усюды

На ферме «Хацілы» ААТ «Хацілы-агра» сярэднясутачны надой малака ад каровы ў гэтыя дні складае больш за 18 кілаграмаў. Гэта найвышэйшы паказчык сярод нерабатызаваных ферм раёна.

— Да адпаведнага перыяду мінулага года прыбавілі амаль 5 кілаграмаў, — расказвала загадчыца фермы «Хацілы» Вера Буча. — Штодзённы валавы надой на ферме складае амаль 2 700 кілаграмаў. Гэта на 700 кілаграмаў больш, чым у такі перыяд летась. Таварнасць малака — 94,6%, тлустасць — 3,8%. Вялікае малако можна атры­маць толькі тады, калі зладжана працуюць усе звенні: ветслужба, асемянатары, дзяжурныя жывёлаводы. Шмат залежыць ад добрасумленнага выканання абавязкаў аператарамі машыннага даення. Паспяхова завяршаем зімоўку. Удалося захаваць атрыманы прыплод. Абнавілі статак — у кожную групу ўвялі высокапрадукцыйных першацёлак. Раздаіць іх, вядома ж, цяжка. Але аператары стараюцца, бо разуме­юць, што ад правільнага раздою ў многім залежыць, колькі ў будучым карова дасць малака. У нашай гаспадарцы заўсёды хапае кармоў, і яны высокай якасці. Рацыён збалансаваны. Захаванне тэхналогій кармлення і ўтрымання жывёлы — на пільным кантролі ветспецыялістаў, дырэктара гаспадаркі Вячаслава Крыштафовіча.

Загадчыца фермы Вера Буча з аператарамі Ларысай Чубенкай, Анастасіяй і Вольгай Паўловіч, Ларысай Чашун

Вера Буча працавала лабарантам, давала водпускі загадчыкам іншых ферм. Фермай у Хацілах загадваў яе малодшы сын Веніямін. Летась яго перавялі начальнікам малочнатаварнага комплексу ў Волахах, а Веру Дзмітрыеўну назначылі на яго месца.

Загадчыца адзначала прафесіяналізм аператара Ларысы Чашун, якая за мінулы год надаіла ад кожнай каровы больш за 6 000 кілаграмаў малака. Год назад у калектыў улілася маладая работніца Вольга Паўловіч і надаіла 4 746 кілаграмаў. Нядаўна прыйшла сюды падменнай яе сястра Анастасія. У калектыве яшчэ працуюць Іна Качынская і Алена Нікалаева. Да нядаўняга часу падменнай была Ларыса Чубенка.

Калектыў дбае не толькі пра высокія надоі, але і пра парадак на ферме і прылеглай тэрыторыі. Па выніках агляду-конкурсу на найлепшы пакой адпачынку, які праводзілі райкам прафсаюза работнікаў АПК і раённае аб’яднанне прафсаюзаў, ферма «Хацілы» заняла 3-е месца.

— Умовы для адпачынку ў нас добрыя, — гаварылі аператары. — Пра гэта клапоціцца кіраўніцтва гаспадаркі, асабіста Вячаслаў Крыштафовіч. А мы толькі падтрымліваем парадак. Самім жа прыемна зайсці ў чыстае памяшканне, папіць чаю, пагутарыць.

Міне менш за месяц — і пачнецца летне-пашавы сезон утрымання жывёлы, які лічыцца самым спрыяльным перыядам для атрымання вялікага малака. Маладая сакавітая і пажыўная трава яшчэ больш паспрыяе павелічэнню прадукцыйнасці дойнага статка.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.