Отвечает участковый инспектор милиции. С 3 по 7 апреля проходит профилактическая акция «Дом без насилия»

Безопасность

Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі

Каб у доме не было насілля

Сям’я — адна з найвялікшых каштоўнасцей для кожнага чалавека. Але не ўсім удаецца яе захаваць. І прычынай гэтага часта становіцца сямейнае насілле. Штогод у Беларусі рэгіструецца каля 400 фактаў прычынення лёгкіх цялесных пашкоджанняў з боку членаў сям’і і блізкіх. Прыкладна 120 беларусаў падвяргаюцца насіллю з наўмысным прычыненнем менш цяжкага і звыш 350 — цяжкага цялеснага пашкоджання, каля 150 чалавек гінуць ад рук сваіх блізкіх. За катаванне родных асуджаецца больш за 500 сямейных скандалістаў.

З мэтай прыцягнення ўвагі насельніцтва да праблем насілля ў сям’і і мінімізацыі наступстваў правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца на гэтай глебе, з 3 па 7 красавіка ў рэспубліцы праводзіцца прафілактычная акцыя «Дом без насілля». Яна паслужыла падставай запрасіць да размовы на тэму старшага інспектара прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Юрыя Смірнова.

— Юрый Аляксандравіч, якая сітуацыя з сямейным насіллем у нашым раёне?

— За мінулы год на Пастаўшчыне зарэгістравана 250 паведамленняў пра сямейна-бытавыя канфлікты. Па іх складзена 188 адміністрацыйных пратаколаў, якія накіраваны ў суд для прыняцця рашэння. Па 14 паведамленнях прыняты адпаведныя працэсуальныя рашэнні. За першы квартал гэтага года паступіла 56 паведамленняў, па 7 з іх праводзілася праверка, складзены 42 адміністрацыйныя пратаколы па ч. 2 арт. 10.1 КаАП Рэспублікі Беларусь. Зараз на прафілактычным уліку ў РАУС за здзяйсненне дамашняга насілля знахо­дзіцца 51 чалавек, з якім праводзіцца рознага роду прафілактычная работа.

— Напэўна, яна асабліва актывізуецца падчас акцыі?

— Так. У гэты перыяд адбудуцца пазачарговыя пасяджэнні саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку і назіральнай камісіі. На іх разгледзім асоб, што злоўжываюць алкаголем і дапускаюць насілле ў сям’і, маюць судзімасць, пастараемся працаўладкаваць тых, хто не мае работы. Наведаем такіх асоб па месцы жыхарства і пагутарым з роднымі. Правядзём выязныя пасяджэнні суда па накіраванні аматараў спіртнога ў лячэбна-працоўны прафілакторый, выступленні ў працоўных калектывах і ўстановах адукацыі, іншыя мерапрыемствы.

— Што рабіць, калі ў сям’і мае месца насілле? Як не стаць ахвярай дамашняга тырана?

— Калі склалася крытычная сітуацыя, пастарайцеся як мага хутчэй пакінуць кватэру або дом. Папрасіце сусе­дзяў выклікаць міліцыю ў выпадку, калі пачуюць з вашай кватэры або дома крыкі. Калі вы не можаце выйсці з іх, закрыйцеся ў пакоі з тэлефонам і набярыце 102, пазваніце сябрам і знаёмым і папрасіце іх прыйсці на дапамогу, паспрабуйце прыцягнуць увагу прахожых праз адчыненыя вокны. Выбегшы на лесвічную пляцоўку ці вуліцу, званіце, стукайце ва ўсе дзверы, клічце на дапамогу. Нават калі ніхто з суседзяў не выйдзе, гэта можа астудзіць нападаючага, а ў вас будуць сведкі ў выпадку, калі вы звернецеся ў міліцыю.

— Хто ў нашым раёне можа дапамагчы ў вырашэнні праблем насілля ў сям’і?

— У першую чаргу супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў, а таксама работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У штаце апошняга маюцца псіхолагі, спецыялісты па сацыяльнай рабоце, якія дапамогуць разабрацца ў праблеме. У выпадку неабходнасці вас размесцяць у крызісным пакоі для часовага знаходжання асоб, якія пацярпелі ад насілля ў сям’і. Калі вы пацярпелі ад фізічнага насілля, звярніцеся ў бальніцу па медыцынскую дапамогу і зафіксуйце пабоі, каб у далейшым можна было пакараць злачынцу. Галоўнае — памятайце, што вы не адзінокія, вакол ёсць людзі, гатовыя аказаць вам дапамогу і падтрымаць.

 Гутарыла Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.