С наградами вернулись с музыкальных конкурсов учащиеся Поставской ДШИ им. А. Тизенгауза

Культура

І зноў з узнагародамі вярнуліся з музычных конкурсаў навучэнцы Пастаўскай ДШМ імя А. Тызенгаўза.

На гэты раз вызначыліся юныя цымбалісты Ксенія Лысёнак, Яна Цыбулёнак, Дар’я Гучык і Гар­дзей Кірплюк, а таксама баяніст Антон Зарэцкі.

29 сакавіка ў Мінску прахо­дзіў VIII рэспубліканскі фестываль-конкурс выканаўцаў на цымбалах «Перазвоны», які сабраў больш за тры дзясяткі аматараў ігры на іх з Мінска, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Рэчыцы, Бараўлян, іншых гарадоў і мястэчак Беларусі. Ад Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў удзельнічалі чацвёра вучняў Галіны Барысюк. 2-класніца Ксенія Лысёнак і 5-класніца Яна Цыбулёнак дэманстравалі сваё выканальніцкае майстэрства ў малодшай узроставай групе, 6-класніца Дар’я Гучык і 5-класнік Гардзей Кірплюк — у сярэдняй.

Усе канкурсанты выконвалі 3 творы. Адзін з іх — абавязковы кампазітара Віктара Войціка, які ўваходзіў у склад журы. А ўзначальваў яго прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі народны артыст Рэспублікі Беларусь Яўгеній Гладкоў. Нашы цымбалісты, якім акампанавала канцэртмайстар Юлія Новікава, прадэманстравалі вельмі высокі ўзровень ігры на музычным інструменце і былі ўдастоены дыпломаў. Ксенія і Дар’я сталі лаўрэатамі ІІ ступені, а Яна і Гар­дзей — дыпламантамі І ступені.

4-класнік Антон Зарэцкі, чыім педагогам з’яўляецца Вікторыя Кірплюк, прыняў удзел у абласным конкурсе сярод навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў па класе баяна-акардэона. Ён паспяхова прайшоў унутрышкольны і занальны туры і 1 красавіка бліскуча выступіў у фінальным, заваяваўшы званне лаўрэата І ступені. Трэба сказаць, што конкурсная праграма баяністаў і акардэаністаў складалася з 5 твораў, а канкурэнтамі Антона ў яго ўзроставай групе (ад 8 да 11 гадоў) былі ажно 16 юных музыкантаў. Тым не менш гэта не перашкодзіла нашаму земляку стаць пераможцам.

Віншуем усіх канкурсантаў з узнагародамі!

Алена Шапавалава
Фота даслала Пастаўская ДШМ імя А. Тызенгаўза



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.