В ОАО «Курополье-агро» весенние полевые работы притормозились, но не остановились

Сельское хозяйство

У тых гаспадарках, дзе землі пясчаныя, дажджу ўжо чакалі: загорнутае ў глебу насенне патрабавала вільгаці. А вось у ААТ «Кураполле-агра» нават у сухое надвор’е на многіх участках, асабліва ў браслаўскай зоне, тэхніка прабуксоўвала. План яравой сяўбы ў гаспадарцы складае 1 440 гектараў. І каб укласціся ў аптымальныя тэрміны, трэба было максімальна выкарыстоўваць кожную гадзіну.

Механізатарам на трактарах з культыватарамі прыходзілася рабіць па два сляды, каб падсушыць глебу. Тым не менш курапольцы першымі ў раёне пасеялі раннія яравыя зерневыя і зернебабовыя (яны займаюць амаль 400 гектараў). Гэтаму паспрыялі праведзенае на ўсёй плошчы восенню зяблевае ворыва, доб­ра падрыхтаваная ў зімовы перыяд тэхніка, зладжаная праца ўсіх удзельнікаў пасяўной.

Пастаянна з запасам рыхтавалі глебу Уладзіслаў Дзядовіч, Мікалай Адзінец, Валерый Яначкін, Валерый Баравік, Віктар Шымковіч, Анатолій Шваякоў, Анатолій Пронька. Зернебабовыя шпаркімі тэмпамі сеялі вопытныя механізатары Павел Болт і Юрый Усовіч. Насенне ў поле падвозіў Дзяніс Курто. Усе выдатна справіліся з даручаным заданнем. А завяршыўшы яго, Павел пераключыўся на сяўбу рапсу (пад яго адведзена 200 га), Юрый паехаў дапамагаць ільнозавадчанам сеяць лён.

У сераду пайшоў дождж. І механізатары, задзейнічаныя на палявых работах, былі вымушаны прыгнаць тэхніку з поля ў майстэрню. У чацвер кожны з іх аглядаў свой трактар і прычапное да яго. Некаторым на дапамогу пры неабходнасці прыходзіў газа­электразваршчык Андрэй Бялоў.

— Андрэй — кваліфікаваны спецыяліст, — хваліў Бялова галоўны інжынер гаспадаркі Юрый Цяляк. — Тэхніцы ўласціва ламацца, і ў многіх выпадках выручае прафесіяналізм Андрэя.

Нягледзячы на пераўвільготненую пасля дажджу глебу, работы ў ААТ «Кураполле-агра» не спыніліся. Мікалай Ворсін, за якім замацавана «Дзвіна», і Ілья Савіцкі на «Расе» падкормлівалі азімыя зерневыя, Вячаслаў Барадай — сенакосы і пашу.

Як толькі дазволіць надвор’е, механізатары прадоўжаць рыхтаваць глебу пад сяўбу кукурузы. Пад каралеву палёў тут адведзена 600 гектараў.

Пад абед у чацвер выглянула сонца — і настрой у курапольцаў палепшыўся. Яны былі гатовыя зноў уключыцца ў палявыя работы.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.