Фоторепортаж: День семьи, любви и верности в Озерках

Общество

Край шчаслівых сем’яў

Гэта я пра наш горад. Такую выснову зрабіла пасля мерапрыемства, прымеркаванага да Дня сям’і, якое прайшло на СТК «Азёркі».

У нядзелю надвор’е радавала яркім сонейкам. Пасля працяглых халадоў гараджанам хацелася пабыць на ўлонні прыроды, наталіцца вясновай прыгажосцю, падыхаць свежым паветрам. Многія накіраваліся на спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі», дзе шмат розных забаў як для дарослых, так і для дзяцей. І не прагадалі. На гэты раз тут была магчымасць папрысутнічаць і паўдзельнічаць у мерапрыемстве, прымеркаваным да Дня сям’і. Райкам БРСМ, аддзел спорту і турызму райвыканкама, цэнтральная раённая бальніца, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, раённыя арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Беларускага саюза жанчын зладзілі яго з мэтай актывізацыі фізкультурна-аздараўленчай і культурна-масавай работы, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, згуртаванасці сям’і і ў рамках праекта «Паставы — здаровы горад».

Прысутных прывітала першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Пятрова. Яна адзначыла, што ўсе, хто выйдзе на старт,— ужо пераможцы, таму што прысвяцілі яшчэ адзін дзень свайму здароўю. Пажадала ўдачы ў пакарэнні спартыўнага Алімпа.

У спаборніцтвах удзельнічалі 4 сям’і. Таццяна і Дзмітрый Валкі з 7-гадовым сынам Цімафеем і 4-гадовай дачушкай Арынай прыехалі з Варапаева. Дзмітрый — майстар участка сувязі Варапаеўскай дыстанцыі пуці. Таццяна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за 1-гадовай Адэлінай. Некаторы час Валкі жылі ў Віцебску, дзе пасля заканчэння тэхналагічнага ўніверсітэта працавала Таня. Калі нарадзіўся першынец, пераехалі ў Варапаева і зразумелі, што няма нічога даражэй за родныя мясціны (Таццяна — з Варапаева, Дзмітрый — з Гуты). Купілі ў гарпасёлку дом і не збіраюцца мяняць месца жыхарства.

Галоўным інжынерам на Варапаеўскай дыстанцыі пуці працуе галава сям’і Варабей — Дзмітрый. Яго жонка Алеся прадстаўляла 1-ы ваенны шпіталь. А ў спартыўных спаборніцтвах не было роўных іх дачушкам Дарыне і Кацярыне.

Смела выходзіла на любую эстафету сям’я Саулевіч, бо была ўпэўненая, што ва ўсім падстрахуе муж і тата. Алег працуе ў раёне электрасетак. Яго надзейнае плячо пастаянна адчувалі жонка Надзея, дачушкі Аня і Амелія.

Самым малодшым удзельнікам спартакіяды быў Мікалай Ворса. Яму толькі два з паловай гады. Тата Віктар служыць на рэзервовай заставе пагранкамендатуры «Паставы», асноўны занятак мамы Вольгі — догляд сыночка.

Узаемавыручка, разуменне з аднаго погляду мужам жонкі і наадварот былі бачныя ў кожнай сям’і. Мамы, таты і дзеці з баявым настроем праходзілі кожны з этапаў.

На свята ў Азёркі завіталі і ўдзель­нікі сямейнага балю, які ладзіцца з дапамогай душпастырства сем’яў Віцебскай дыяцэзіі і пры падтрымцы дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы». Баль адбудзецца ў раённым Доме культуры 27 мая. Святлана Іванова, якая з’яўляецца адной з яго арганізатараў, расказала пра падрыхтоўку, запрасіла сем’і да ўдзелу. А затым 7 пар прыгожа выканалі два танцы.

Дзеці мелі магчымасць праявіць сваю творчасць на конкурсе малюнкаў.

Усе ўдзельнікі спартакіяды атрымалі дыпломы, салодкія падарункі, а дзеці — яшчэ і мяккія цацкі. Станоўчыя эмоцыі напоўнілі кожнага, хто слухаў выступленні народнага вакальна-інструментальнага ансамбля «Скіфы», груп «Анамалія» і «8-ы рэгіён» з Маладзечна і Бягомля.

Пакуль ішоў канцэрт і дарослыя захапляліся артыстамі, аніматары з Юнькаўскага сельскага Дома культуры на асобнай пляцоўцы забаўлялі дзетак. На СТК «Азёркі» было шмат сем’яў рознага ўзросту. Упэўнена, для кожнай з іх выхадны дзень прайшоў насычана, цікава, весела.

Больше фото в группах в ОК и ВК

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.