К 290-летнему юбилею Антония Тизенгауза музей и ДШИ им.А.Тизенгауза подготовили выставку и концерт старинной музыки

Культура

Акунуліся ў эпоху Тызенгаўзаў

Сёлета спаўняецца 290 гадоў з дня нараджэння адной з самых значных асоб у гісторыі нашага горада — надворнага падскарбія Вялікага Княства Літоўскага, грамадскага і палітычнага дзеяча графа Антонія Тызенгаўза, які ў XVIIІ стагоддзі валодаў Паставамі і ператварыў іх з драўлянага ў прыгожае каменнае мястэчка. Да юбілейнай гадавіны раённы краязнаўчы музей вырашыў падрыхта­ваць выставу, прысвечаную роду Тызенгаўзаў і іх нашчадкам — Пшэздзецкім. Даведаўшыся пра гэта, дырэктар Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Ганна Цыбулёнак прапанавала музейным работнікам аб’яднацца і спалучыць выставу з канцэртам старадаўняй музыкі. Што ў выніку атрымалася, змаглі ацаніць тыя, хто прыйшоў у мінулую пятніцу ў Канцэртную залу па вуліцы Чырвонаармейскай.

У яе фае разгарнулася экспазіцыя літаратуры пра знакаміты род і партрэтаў яго «беларускіх» прадстаўнікоў, сярод якіх размясціліся гербы Тызенгаўзаў і Пшэздзецкіх. Там жа на адпаведны лад наведвальнікаў настройвалі педагогі і выхаванцы школы мастацтваў: на электронным піяніна яны выконвалі класічныя творы XVII стагоддзя. Глыбей акунуцца ў музыку таго і крыху пазнейшага часу можна было на самім канцэрце. Падчас яго вядучыя Вераніка Крывічаніна і Паліна Кладніцкая нагадалі, хто такія Антоній і Канстанцін Тызенгаўзы і што яны зрабілі для развіцця Пастаў, навукі і мастацтва.

Ну а адкрыў канцэртную праграму ў адпаведнасці з традыцыяй XVIIІ стагоддзя танец паланэз. Яго, а затым вальс выканалі навучэнцы харэаграфічнага аддзялення ДШМ. Пазней «Паланэз», а таксама «Менуэт», «Маленькая прэлюдыя до-мінор», «Двухгалосная інвенцыя мі-мажор», «Трохгалосная інвенцыя рэ-мажор» І. С. Баха, Г. Ф. Гендэля, А. Шнітке, творы іншых кампазітараў гучалі ў выкананні юных піяністаў, скрыпачоў, цымбалістаў, дамрыстаў. Сюрпрызам для прысутных у зале сталі мазуркі, напісаныя Канстанцінам Тызенгаўзам. Нямногія ведаюць, што ён быў не толькі вучоным-арнітолагам, але і музыкантам, меў прыгожы голас і граў на некалькіх інструментах. Акрамя таго, у канцэрце прагучала яго «Вітальная Тамашу Зану», якую выканаў хор навучэнцаў. Яна стала завяршальным акордам цудоўнага вечара класічнай музыкі.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.