Какие интересные экспонаты можно увидеть в музейных комнатах за пределами г. Поставы? Опрос

Культура

Сёння — Міжнародны дзень музеяў

Адчыняюць дзверы ў мінулае

Без музеяў уся гісторыя нямая. Гэты выраз міжволі ўспамінаецца напярэдадні 18 мая, калі ва ўсім свеце адзначаецца дзень гэтых культурных устаноў. Ёсць каму адзначаць дату і на Пастаўшчыне, якая здаўна прываблівае турыстаў цікавымі экспазіцыямі. Размешчаны яны не толькі ў раённым краязнаўчым музеі, але і ва ўстановах адукацыі. Павандраваць у мінулае і пазнаёміцца з традыцыямі продкаў можна ў СШ 2 імя Н. М. Асяненкі, СШ 4 імя В. Ф. Франтова, Лынтупскай, Навадруцкай, Варапаеўскай, Гуцкай, Навасёлкаўскай школах.

Якія цікавыя экспанаты можна ўбачыць у музейных пакоях за межамі горада? Чым адметныя там экспазіцыі? Пра гэта расказваюць:

Святлана Латыш, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага кутка «Спадчына» ў Навадруцкай БШ:

— Дзве нашы вёскі — Асінагарадок і Парыж — зліліся ў адно цэлае, паміж імі няма межаў. Тут перакрыжоўваюцца розныя гістарычныя эпохі. Іх матэрыяльных сведкаў можна ўба­чыць у нашым кутку, які адначасова з’яўляецца цэнтрам стварэння экскурсійных і навукова-даследчых праектаў.

Шматлікія экспанаты размяшчаюцца ў 8-і экспазіцыях. Яны вяртаюць нас не толькі ў падзеі ХХ стагоддзя, але і ў часы глыбокай старажытнасці, у Полацкае княства і Вялікае Княства Літоўскае. Асаблівае месца сярод экспанатаў займаюць калекцыя дзіўных камянёў з яшчэ дагістарычнай эпохі, рэшткі глінянага посуду, якія датуюцца ІІ тысячагоддзем да нашай эры, пацеркі полацкага перыяду, рэчы, звязаныя з вайной 1812 года, — гузікі рускіх і французскіх салдат, французскія відэльцы і інш. У этнаграфічнай калекцыі асаблівую цікавасць у наведвальнікаў выклікае выстава з 42 прасаў і пражэльнікаў. Ёсць нават прас з выявай Льва Талстога. Не ўсе мы ведаем, што ён за антыправаслаўнае веравучэнне быў адлучаны ад царквы і названы ерэтыком. Партрэт графа-вераадступніка сталі змяшчаць на заслонках паддувала чыгуннага праса. Такім чынам любая хатняя гаспадыня магла «падсмажыць» графа ў «пекле», насыпаўшы ў прас раскалённых вуглёў.

 

Аксана Танана, кіраўнік краязнаўчага кутка «Нашай памяці вякі» ў Варапаеўскай СШ:

— Музейны куток існуе з верасня 1998 года. Актыўны ўдзел у яго стварэнні прымалі вучні школы, якія ў складзе фальклорна-драматычнага гуртка збіралі легенды і паданні роднага краю, рыхтавалі народныя святы. Мясцовыя жыхары перадалі ім старыя рэчы — збаны, гладышы, прасы, начоўкі розных памераў, ручнікі, ра­дзюжкі, якія і сталі першымі экспанатамі кутка. Пасля да іх дабавіліся беларускія нацыянальныя касцюмы, вышыўка, посуд, гаспадарчыя прылады працы, вышыванкі і іншыя прыгожыя і цікавыя рэчы.

У нашым кутку, дзе ўсё дазваляецца патрымаць у руках, можна пазнаёміцца з гісторыяй пасёлка Варапаева, даведацца пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на нашай тэрыторыі, нібы на машыне часу, перанесціся ў інтэр’еры пакояў 1950—1960-х гг. Экскурсіі праводзяць самі вучні — гэта эфектыўны сродак навучання і выхавання, у тым ліку патрыятычнага.

 

Мікалай Арэх, кіраўнік краязнаўчага кутка «Вытокі» Гуцкай БШ:

— «Вытокі» бяруць свой пачатак у 1997 го­дзе. Сёння тут змяшчаецца некалькі соцень экспанатаў. Самы «ўзроставы» — акамянелы аманіт, якому каля 150 мільёнаў гадоў. У куток яго перадалі госці з Германіі, якія прыязджалі ў рамках праграмы абмену паміж школьнікамі Варапаева і горада Герцагенаўрах. Сярод адметных экспанатаў — наканечнікі стралы і кап’я, якім гадоў па 600. Каля паўтысячы гадоў каменнаму ядру, перададзенаму ў куток ураджэнцам нашых мясцін, а знойдзеныя керамічныя вырабы, абцасы вайсковага абутку датуюцца XVII-XVIII стагоддзямі.

Ёсць у краязнаўчым кутку экспазіцыі, прысвечаныя побыту нашых продкаў, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнам, шклозаводу «Гута», фальварку «Голбея», які пазначаны на картах ужо ў XVI стагоддзі. Цікавяцца гісторыяй свайго краю вучні, выпускнікі школы, прымаем у нашым міні-музеі і вучняў з іншых школ Пастаўшчыны. Будзем рады бачыць у нас у гасцях усіх, каму неабыякавая гісторыя роднага краю.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.