Следующей пунктом на маршруте участников проекта «Поставщина. Каждый шаг — история» стала Лынтупщина

История

Гасцінная і цікавая Лынтупшчына

Менавіта яна была 12 мая ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў адукацыйна-краязнаўчага праекта «Пастаўшчына. Кожны крок — гісторыя». Яго стваральнікі, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі, работнікі Пастаўскага раённага краязнаўчага музея праехалі па маршруце Апідамы—Лынтупы—Раманішкі і засталіся ўражаныя гісторыка-культурнай спадчынай гэтых мясцін.

Гідам у краязнаўчым падарожжы быў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Лынтупскай СШ Сяргей Васільеў. У Апідамах ён расказаў пра самабытны помнік драўлянага дойлідства — стараверскую царкву, перабудаваную пасля пажару ў 1920-х гг. Правёў па ёй экскурсію, паведаміўшы цікавыя факты з жыцця мясцовай абшчыны, заснаванай тут яшчэ 400 гадоў назад. Пасля ўдзельнікі праекта накіраваліся на вясковыя могілкі. Яны самыя старажытныя ў Пастаўскім раёне, датай іх заснавання лічыцца 1700-ы год. Магілы ХVIII стагоддзя можна ўбачыць і сёння.

Ёсць там і напамін пра трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай: у Апідамах пахавана сям’я Рысевых, забітая фашыстамі. Зусім нядаўна выяўлены яшчэ адзін помнік у гонар ахвяры вайны. Устаноўлены ён Андрэю Гашчанку 1894 года нараджэння. На помніку маецца надпіс: «Ахвяра фашызму. 1942. Памяць ад брата Івана». Музейныя работнікі паспрабуюць устанавіць новыя факты пра гэтага чалавека.

У гарпасёлку госці паглядзелі касцёл і палац Бішэўскіх, пабывалі на цывільных могілках, ля брацкай магілы і месцаў пахавання яўрэяў і мясцовых жыхароў, забітых у гады вайны. Шмат уражанняў пакінула наведванне Раманішак, дзе знаходзіўся ся­дзібны дом Даўгял, музея лынтупскай школы. Яго кіраўнік і дырэктар установы адукацыі Наталля Кузьмінова паказала шэраг унікальных экспанатаў, якія збіраліся на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Школьнікі расказалі пра гісторыю Лынтупшчыны.

Паездка ў Лынтупы стала завяршэннем 1-га этапа праекта, — адзначыла адна з яго арганізатараў Наталія Федаровіч. — Цяпер задача — прааналіза­ваць, што атрымалася, а што — не, зрабіць высновы, удасканаліць работу і з новымі сіламі распрацоўваць новыя маршруты. У раёне шмат мясцін, якія мы яшчэ не наведалі ў рамках праекта, — Дунілавічы, Лучай, Парыж, Камаі, Манькавічы… Таму наперадзе шмат вандровак і ўражанняў.

Іна Сняжкова
Фота Аксаны Журавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.