Директор Поставского государственного колледжа Сергей Шамович рассказал об особенностях приема и обучения учащихся

Важное Образование

Гарачая пара наступіла ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах краіны — стартавала ўступная кампанія. Вось і ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы зараз пік актыўнасці: выпускнікі здаюць апошнія кваліфікацыйныя экзамены, а з 15 чэрвеня пачаўся прыём дакументаў у абітурыентаў. Пра асаблівасці прыёму і навучання тут карэспандэнт «ПК» гутарыць з дырэктарам каледжа Сяргеем ШАМОВІЧАМ.

— Сяргей Сцяпанавіч, каго набіраеце на наступны навучальны год?

— Падрыхтоўку спецыялістаў мы вядзём на двух узроўнях — прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На ўзровень ПТА плануем набраць 3 вучэбныя групы (усяго 77 чалавек) выпускнікоў 9-х класаў. Гэта будуць слесары па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання і слесары па рамонце аўтамабіляў з дадатковымі кваліфікацыямі трактарыста-машыніста і вадзіцеля катэгорыі «С», а таксама прадаўцы-кандытары. Тэрмін навучання па ўсіх трох кваліфікацыях — 3 гады. На ўзровень ССА набіраем групу з 25 чалавек тэхнікаў-механікаў з дадатковай рабочай прафесіяй «Слесар па рамонце аўтамабіляў» і такую ж колькасць повараў з дадатковай рабочай прафесіяй «Афіцыянт». Паступіць на гэтыя кваліфікацыі таксама можна пасля 9 класаў. Тэхнікам давядзецца вучыцца 3 гады і 7 месяцаў, поварам — 3 гады і 6 месяцаў.

Заўважу, што ўсе іншагароднія навучэнцы і жыхары раёна забяспечваюцца інтэрнатам, плата за пражыванне ў якім чыста сімвалічная — каля 10 рублёў за месяц. Для тых, хто навучаецца на ўзроўні ПТА, арганізавана 3-разовае бясплатнае харчаванне ў сталовай каледжа. На ўзроўні ССА такога няма, але тут маладыя людзі атрымліваюць стыпендыю і могуць харчавацца ў буфеце навучальнай установы, дзе прапануюць у тым ліку гарачыя стравы, за зусім невялікія грошы. І, самае галоўнае, мы працаўладкоўваем усіх сваіх выпускнікоў у арганізацыі і на прадпрыемствы раёна і не толькі.

— Куды менавіта яны адпраўляюцца пасля атрымання дыплома?

— У нас заключаны дагаворы на падрыхтоўку спецыялістаў з усімі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, пастаўскімі філіяламі Віцебскага аблспажыўтаварыства і АТП №16 г. Глыбокае, УП ЖКГ, ДРБУ-132, ТЦСАН, малаказаводам, лясгасам, ільнозаводам, аддзелам па адукацыі і ўпраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, ААТ «Паставымэбля», КБУП «Рассвет Пастаўскі», прыватнымі кампаніямі «Паст-Тэк», «ТрайТэк», «Гуцал» і «Санта Рытэйл». Па пісьмовых заяўках з арганізацый іншых раёнаў даём накіраванні туды. Але ў першую чаргу рыхтуем кадры для Пастаўшчыны. Прычым у залежнасці ад патрэб базавых арганізацый у пэўных спецыялістах можам мяняць пералік спецыяльнасцей, на якія аб’яўляем набор.

— Ведаю, што немалую ўвагу ўдзяляеце перападрыхтоўцы і аказанню платных адукацыйных паслуг.

— Так, гэта наша пазабюджэтная дзейнасць, неабходная для таго, каб жыць і развівацца. На платнай аснове мы рыхтуем вадзіцеляў катэгорыі «В» (легкавы аўтамабіль) і ажыццяўляем перападрыхтоўку кіроўцаў транспартных сродкаў з катэгорыі «В» на «С» (грузавы аўтамабіль) і з «С» на «СЕ». Сёння кошт навучання ў нас ніжэйшы, чым у ДТСААФ і суседніх раёнах.

Таксама зараз ідзе падрыхтоўка электрагазазваршчыкаў. Гэтай прафесіі навучаюцца каля 20 чалавек, палова з якіх — за ўласны кошт. К пачатку ацяпляльнага перыяду плануем падрыхтаваць групу качагараў з выдачай ім адпаведных дакументаў. Раней вялі падрыхтоўку карыстальнікаў ПЭВМ, і гэтыя курсы былі папулярныя ў людзей старэйшага пакалення. Ёсць цікавасць да іх і цяпер, таму будзем аб’яўляць набор, але з напрамкам «Работа ў Excel і з базамі даных». Акрамя таго, збіраемся аднавіць падрыхтоўку майстроў па манікюры.

— Для якаснага навучання неабходна добрая матэрыяльная база.

— Яна ёсць. Слесараў, трактарыстаў і вадзіцеляў мы рыхтуем даўно, таму маем шмат рознай тэхнікі, станкоў і стэндаў. Па новых спецыяльнасцях стэнды закупляем, некаторыя робім самі, у тым ліку з навучэнцамі ў гуртках тэхнічнай творчасці. Нядаўна набылі спецыяльны камп’ютарны клас, у якім маладыя людзі займаюцца курсавым праектаваннем. Ёсць яшчэ адзін камп’ютарны клас, дзе праводзяцца заняткі па ПЭВМ. У класе тэхнікаў-механікаў устаноўлена інтэрактыўная дошка і зроблены сучасны рамонт.

Грунтоўны рамонт праведзены і ў інтэрнаце. Ён у нас блочнага тыпу з пакоямі на двух і трох чалавек, туалетам і ўмывальнікам у кожным блоку. У інтэрнаце арганізавана дзяжурства выхавальнікаў, маецца відэаназіранне, працуюць усемагчымыя гурткі, каб навучэнцы маглі з карысцю бавіць вольны час. Так што бацькі, адпускаючы сваіх дзяцей на вучобу з вёскі ці іншых раёнаў, могуць быць спакойныя: яны ў камфортных умовах, пад наглядам і занятыя справай.

— А з якіх раёнаў да вас паступаюць?

— З Мядзельскага, Шаркаўшчынскага, Браслаўскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Міёрскага. Дарэчы, сёлета ўжо ёсць заявы адтуль. Бываюць і абітурыенты з Мінска, іншых абласцей. А ўсё дзякуючы вялікай агітацыйнай рабоце, якой мы актыўна займаемся пачынаючы з сакавіка. У каледжы створаны агітбрыгады, падрыхтаваны разнастайныя агітацыйныя матэрыялы: буклеты, відэаролікі, фотаслайды, прэзентацыі. І з імі нашы брыгады ездзяць па школах Пастаўшчыны, а таксама па суседніх раёнах і расказваюць пра каледж. Размяшчаем сваю рэкламу ў розных сацыяльных сетках.

— Але вернемся непасрэдна да ўступнай кампаніі. Раскажыце, калі ласка, пра тэрміны падачы дакументаў, конкурсны адбор і іншае.

— На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі прыём дакументаў у абітурыентаў пачаўся 15 чэрвеня і прадоўжыцца па 23 жніўня, залічэнне — 25 жніўня. На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі пры­маць дакументы будзем з 20 ліпеня па 3 жніўня, залічэнне — 10 жніўня. Увесь гэты час штодзень, акрамя нядзелі, з 9.00 да 18.00 у каледжы працуе прыёмная камісія, яе тэлефон — 2-59-89. Пералічваць дакументы, якія неабходна падаваць пры паступленні, не стану: іх даволі шмат, і спіс ёсць на нашым сайце. Скажу толькі, што ўступных экзаменаў у нас няма, адбор абітурыентаў будзем весці на аснове конкурсу сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Таму, паважаныя выпускнікі 9-х класаў, прыходзьце, будзем чакаць! І гатовы даць вам грунтоўныя веды па выбраных спецыяльнасцях. Для гэтага ў каледжы ёсць усё неабходнае, у тым ліку вельмі вопытны педагагічны калектыў.

— Дзякуй, Сяргей Сцяпанавіч, за гутарку. І поспехаў вам у гэты гарачы час!

Алена Шапавалава. Фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.