Iграй, гармонiк! Цымбалы, звiнiце! У мiры, сяброўстве, народы, жывіце!

Важное Культура

Паважаныя ўдзельнікі і госці фестывалю! Шаноўныя сябры!

Шчыра вітаю ўсіх на ўрачыстым адкрыцці XXXIII Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік»! Вельмі прыемна, што на гасціннай пастаўскай зямлі не перастае гучаць народная музыка, якая не ведае межаў і аб’ядноўвае людзей розных пакаленняў.

Фестываль займае важнае месца ў шэрагу буйных культурных праектаў Беларусі, дорыць гасцям і ўдзельнікам шмат станоўчых эмоцый і цудоўных сустрэч.

Тут збіраюцца аматарскія калектывы і асобныя выканаўцы, апантаныя ідэяй захавання самабытных музычных і песенных традыцый свайго народа.

У Год міру і стваральнай працы фестываль набывае асаблівы сэнс, служыць умацаванню сяброўства і супрацоўніцтва паміж краінамі, абуджае ў сэрцах людзей добрыя пачуцці.

Упэўнены, што свята музыкі нікога не пакіне абыякавым і падорыць публіцы радасць сустрэчы з сапраўдным мастацтвам.

Жадаю ўсім удзельнікам творчых поспехаў, арганізатарам музычнага форуму — плённай працы, а гасцям — яркіх уражанняў!

Анатолій Маркевіч, міністр культуры Рэспублікі Беларусь

Фота Сяргея Вшыўкава

Паважаныя госці, удзельнікі і арганізатары фестывалю! Шаноўныя пастаўчане!

Шчыра віншуем з урачыстым адкрыццём XXXIIІ Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік»! На Пастаўшчыне шануюць, зберагаюць музычную спадчыну, любяць і ўмеюць сустракаць гасцей. Традыцыі продкаў, якія беражліва захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне, дапамагаюць кожнаму чалавеку дакрануцца да сваіх вытокаў, напоўніць жыццё сэнсам.

Сёлетні фестываль, які праходзіць у Год міру і стваральнай працы, збірае найлепшыя прафесійныя і аматарскія калектывы не толькі з усіх абласцей Беларусі, але і з замежных краін.

Кожны фрагмент фестывалю арганічна звязаны з агульнай ідэяй: раскрыць багацце, разнастайнасць і хараство народных музычных традыцый у самабытнай рэгіянальнай афарбоўцы, у асаблівасцях розных школ выканальніцтва. Насычанае фестывальнае жыццё, жывыя зносіны ствараюць трывалую аснову для развіцця і ўзбагачэння нацыянальнай культуры, удасканалення навыкаў і майстэрства яго прыхільнікаў.

Спадзяёмся, што ўдзельнікам і гасцям прадстаўнічага музычнага форуму надоўга запомняцца гэтыя дні творчай і сяброўскай атмасферай, цёплым прыёмам жыхароў Пастаўшчыны. Няхай і далей звіняць цымбалы, гучыць гармонік, квітнеюць народныя таленты!

Жадаем усім святочнага настрою, творчых адкрыццяў і натхнення, хвілін асалоды ад сустрэч з мастацтвам! Шчасця вам і дабрабыту!

Аляксандр Субоцін,старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта
Уладзімір Цярэнцьеў,старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў



Паважаныя ўдзельнікі і госці міжнароднага фестывалю!

У прыродзе раскашуе лета. Вельмі сімвалічна, што менавіта ў яркую, квітнеючую, непаўторную па харастве пару года на пастаўскай зямлі разгортваецца такое ж яркае, як лета, свята народнай музыкі. Цымбалы і гармонік — сімвалы нашай, беларускай, культуры і нацыянальны здабытак. Яны расказваюць пра мінулае і клічуць у будучыню, даюць веру і надзею, у іх жыве душа народа.

Як і ў мінулыя гады, мы старанна рыхтаваліся да фестывалю. А сёння з радасцю сустракаем вас, дарагія ўдзельнікі і госці. Абяцаем, што ўсім бу­дзе ўтульна і камфортна ў нас, што пастаўчане не паскупяцца ні на гасціннасць, ні на апладысменты для артыстаў.

У год, аб’яўлены ў Беларусі Годам міру і стваральнай працы, кожны з нас добра разумее, што менавіта музыка і мастацтва спрыяюць міру і згодзе паміж людзьмі, умацоўваюць эканамічныя і культурныя сувязі паміж краінамі. Нагадаю, што за ўвесь час існавання міжнароднага фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» на яго пляцоўках выступілі прафесійныя і самадзейныя калектывы больш чым з 20 краін.

Няхай жа і ў гэтыя дні ўсіх нас заварожваюць і яднаюць глыбіня і прыгажосць народнай музыкі і песні!

Яшчэ раз шчыра вітаю вас, дарагія госці! Жадаю сонечнага надвор’я і такога ж настрою, радасных сустрэч з даўнімі сябрамі і новых знаёмстваў, сапраўднай асалоды ад народнай творчасці.

Сяргей Чэпік, старшыня раённага выканаўчага камітэта



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.