На Поставщине начали закладывать основу кормовой базы на зимовку

Сельское хозяйство

Горад быў у чаканні міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», а на сенажацях гаспадарак раёна кіпела работа: тут касілі травы, зграбалі ў валкі правяленую зялёную масу, а потым яе падбіралі і здрабнялі, загружалі ў прычэпы трактароў і адвозілі да сянажных траншэй — закладвалі аснову кармавой базы на зімоўку.

Рупяцца самі

У ААТ «Камайскі-агра» ў пятніцу корманарыхтоўчая тэхніка працавала ў двух аддзяленнях: сянаж закладвалі ў Камаях і Сакунах. Каля Камай травы былі складзены ў пракосы. Як расказала галоўны аграном гаспадаркі Аксана Касякова, тут парупіліся бацька і сын Яркоўскія. Іван Часлававіч — вопытны механізатар, любую даручаную работу выконвае хутка і якасна. Спорыцца справа і на касьбе. Малодшы сын, Дзмітрый, на трактар з касілкай сеў упершыню, але побач бацька, які заўсёды падкажа. Старэйшы сын Яркоўскіх, Аляксей, адвозіць зялёную масу з поля да месца закладкі сенажу. На тэхніцы з касілкамі працуюць Валерый Кірплюк, Віктар Емельяновіч, Вячаслаў Кліпа.

У полі пахла свежаскошанай травой, па ёй паважна хадзілі буслы, а механізатары Канстанцін Жвярэла, Аляксандр Чэкед, Мікалай Падрэз на трактарах з граблямі фарміравалі з правяленай масы роўныя валкі.

Сёлета гаспадарка набыла новы КВК. Яго замацавалі за Віктарам Сінкевічам, які дабіваецца высокіх вынікаў. Не адстаюць ад калегі Вадзім Дуброўскі і Руслан Кірплюк.

— У мяне і да гэтага быў КВК, — расказваў Віктар Сінкевіч. — Атрымаў яго ў 2009 годзе і 14 корманарыхтовак адпрацаваў. Сёлета тэхніку спісалі, і я планаваў перайсці на які-небудзь лягчэйшы ўчастак работы, ды не змог адмовіць кіраўніцтву.

— З-за засухі, якая доўжыцца другі месяц, травы не радуюць сваім ростам, — гаварыла галоўны аграном гаспадаркі Аксана Касякова. — Тым не менш іх трэба ўбраць у аптымальныя тэрміны з выкананнем тэхналогіі — скласці ў сянажныя траншэі або запакаваць у стрэйч-плёнку. Згодна з планам, нам трэба скасіць травы на плошчы 2 200 гектараў. У гаспадарцы ўтрымліваецца 2 200 кароў. Статак на зіму трэба забяспечыць якасным кормам. Першы ўкос — гэта толькі пачатак корманарыхтоўкі. Звычайна яна доўжыцца да сярэдзіны верасня.

Трамбуюць сянаж Леанід Счасны, Сяргей Бразоўскі і Павел Смільгінь. У стрэйч-плёнку правяленую масу загортвае Валерый Руткоўскі.

Дапамагаюць шэфы

ААТ «Камайскі-агра» ўваходзіць у склад аграпрамысловага аб’яднання, таму пастаянна адчувае падтрымку з боку малочнага завода. На корманарыхтоўцы на трактарах з касілкамі задзейнічаны Генадзій Шушкевіч і Аляксандр Ханяўка. Абодва механізатары адказныя і руплівыя. У Аляксандра ў кабіне трактара ў той дзень быў памочнік — васьмігадовы сын Арцём.

У Ханяўкаў трое дзетак: Ігар закончыў 2 курс Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, дзе атрымлівае спецыяльнасць тэхніка-механіка, Ксенія перайшла ў 11 клас, а Арцём — у 3-і. Хлопчык прызнаўся, што вельмі любіць тэхніку і для яго няма большага шчасця, чым пася­дзець за рулём.

На адным з палёў на трактары з граблямі сустрэла Аліка Смільгіня. Ён доўгі час жыў у Мулярах, працаваў механізатарам у ААТ «Камайскі-агра». Затым сям’я скарысталася льготамі для мнагадзетных і пабудавала кватэру ў Паставах. Мужчына ўладкаваўся на малочны завод.

— Дочкі захацелі быць настаўніцамі і ўжо студэнткі адной са сталічных ВНУ, — расказваў. — Сын сёлета закончыў школу і збіраецца паступаць у авіяцыйнае вучылішча. У мяне загартоўка ад нашага былога старшыні — Баляслава Півусавіча Шылько. Ён заўсёды патрабаваў якасці, беражлівых адносін да тэхнікі. Работа на трактары і камайскія палі мне добра знаёмыя. Вясной працаваў на тэхніцы з плугамі. Дапамагаў і ў «Янавіцы-агра», і ў «Дунілавічах-агра».

Правяленую масу з валкоў падбіраў яшчэ адзін механізатар малочнага завода — Алег Казакевіч. Яго «Ягуар» рухаўся паралельна прычэпу трактара, у які сыпалася здробненая трава. Напоўніўшы прычэп, механізатар адпраўляўся да сянажнай траншэі, а на загрузку пад’язджаў наступны.

Аграрыі часу на размовы не марнавалі. Крыху расказаўшы пра сябе, садзіліся ў кабіны, і кожны спяшаўся на свой участак.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.