Какая работа по увековечению памяти о погибших проводится на Поставщине? Интервью с Галиной Чаплинской

Важное История

Памяць пра мінулае гарантуе будучыню

За шматвяковую гісторыю пастаўская зямля станавілася арэнай многіх войнаў, а ў гады Вялікай Айчыннай, як і ўся краіна, адчула на сабе цяжар нямецкай акупацыі, жорсткія баі і радасць Перамогі. Нямала салдат і партызан, якія змагаліся за вызваленне Пастаўшчыны, засталіся тут навечна. І мы, нашчадкі пераможцаў, павінны зрабіць усё для таго, каб захаваць памяць пра іх, а таксама пра ахвяр вайны, расстраляных і спаленых зажыва, замучаных у фашысцкіх лагерах і гета. Пра тое, якая работа праводзіцца ў гэтым напрамку, карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава гутарыць з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галінай ЧАПЛІНСКАЙ.

— Галіна Мікалаеўна, колькі ўсяго на тэрыторыі раёна пахаванняў загінулых у ходзе войнаў?

— Агульная іх колькасць — 61. На дзяржаўным уліку знаходзяцца 38, з іх 22 — перыяду Вялікай Айчыннай вайны: 8 пахаванняў ваеннаслужачых Чырвонай арміі і ўдзельнікаў супраціўлення і 14 — ахвяр вайны, мірных жыхароў, расстраляных і замучаных фашыстамі падчас акупацыі. Адно воінскае пахаванне ў вёсцы Сіўцы адносіцца да Першай і Другой сусветных войнаў. Ёсць таксама 9 воінскіх могілак і адна індывідуальная магіла часу Першай сусветнай, дзве брацкія магілы — 1812 года ў Асінагарадку і перыяду грамадзянскай вайны ў Грыдзьках. У трох індывідуальных магілах пахаваны воіны, якія ўдзельнічалі ў вайне ў Афганістане. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна зарэгістраваны 23 пахаванні замежных ваеннаслужачых, 2 з іх адносяцца да савецка-польскай вайны і 21 — да Першай сусветнай.

У Паставах і Пастаўскім раёне налічваецца 45 памятных месцаў ваеннай гісторыі, сярод якіх 39 помнікаў землякам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай. Гэта 26 абеліскаў, 10 стэл і 3 скульптурныя кампазіцыі. За ўсімі воінскімі пахаваннямі і памятнымі месцамі замацаваны арганізацыі і ўстановы раёна, якія штогод праводзяць неабходныя работы па іх рамонце і добраўпарадкаванні.

— Нягледзячы на тое, што з пераможнага салюта 1945-га прайшло амаль 80 гадоў, вядомыя яшчэ не ўсе імёны савецкіх воінаў і партызан, якія аддалі свае жыцці ў барацьбе з фашызмам.

— Так, і ў нашым раёне вядзецца актыўная архіўна-даследчая работа па іх устанаўленні. Гэтым зай­маюцца работнікі краязнаўчага музея ў цесным кантакце з Віцебскім абласным музеем М. Ф. Шмырова, упраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, роднымі загінулых і мясцовымі краязнаўцамі. Дзякуючы ім з 2021-га па 2022 год устаноўлены 112 прозвішчаў тых, хто застаўся навечна на пастаўскай зямлі. Яны будуць унесены ў пашпарты воінскіх пахаванняў і аўтаматызаваны банк даных «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь».

Усяго ў брацкіх магілах на тэрыторыі нашага раёна пахаваны 811 воінаў Чырвонай арміі і ўдзельнікаў супраціўлення. Мы ведаем прозвішчы 785 з іх, 26 пакуль застаюцца невядомымі. Таксама ўстаноўлены імёны 323 мірных жыхароў, загінулых ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у перыяд акупацыі. 145 з іх сёлета ўвекавечаны на трох гранітных мемарыяльных плітах у вёсцы Альцы Дунілавіцкага сельсавета і ў г.п. Лынтупы. Устанаўленню імёнаў бязвінных ахвяр у многім садзейнічала крымінальная справа, узбуджаная Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па факце генацыду насельніцтва краіны падчас Вялікай Айчыннай вайны. З 23 чэрвеня 2021 года на Пастаўшчыне створана і дзейнічае раённая рабочая група, якая гэтым займаецца.

— А што яшчэ робіцца на Пастаўшчыне па ўвекавечанні памяці пра загінулых?

— Традыцыйнымі сталі акцыі па добраўпарадкаванні месцаў іх пахаванняў і помнікаў воінскай славы. Штогод у рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Увекавечанне памяці пра загінулых пры абароне Айчыны» з раённага бюджэту вы­дзяляюцца значныя фінансавыя сродкі на добраўпарадкаванне і рамонт воінскіх пахаванняў. Напярэдадні 9 Мая і Дня Незалежнасці ладзяцца патрыятычныя акцыі, аўтапрабегі і іншыя мерапрыемствы з удзелам грамадскасці, ваеннаслужачых, прадстаўнікоў органаў улады і моладзі.

У 2022 годзе наш раён прыняў ­удзел у рэспубліканскім праекце «Захаваем гісторыю», арганізаваным грамадскім аб’яднаннем «Патрыёты Беларусі». Яго мэта — знайсці ўсе памятныя месцы часу Вялікай Айчыннай вайны, алічбаваць іх і сабраць інфармацыю на адным рэсурсе. У рамках рэалізацыі праекта на Пастаўшчыне алічбаваны ўжо 9 памятных месцаў. Інфармацыйныя таблічкі з QR-кодамі ўстаноўлены на 6 воінскіх пахаваннях, 2 пахаваннях ахвяр вайны і 1 помніку воінскай славы. Работа працягваецца і сёлета. Райкам ГА «БРСМ» праводзіць акцыю па алічбаванні воінскіх пахаванняў «Лічбавая зорка». Прадстаўнікамі рэспубліканскага саюза моладзі алічбаваны 3 пахаванні. Апошняе ўрачыстае мерапрыемства прайшло 22 чэрвеня ў Кашыцах.

Фондам ветэранаў дыпламатычнай службы Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі рэалізуецца гуманітарны праект «Кніга памяці. Рэспубліка Беларусь», прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яго арганізатары збіраюцца выдаць кнігі-альбомы воінскіх пахаванняў па ўсіх абласцях і Мінску. У красавіку гэтага года выйшаў першы том праекта, прысвечаны Гомельскай вобласці. Зараз рыхтуецца да друку другі — пра Віцебскую вобласць, у якім будзе прадстаўлены і наш раён. Для яго праведзена вялікая работа па зборы інфармацыі і фотафіксацыі ўсіх воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Пастаўшчыны.

— Наколькі, на ваш погляд, важна захоўваць памяць пра мінулае і яго герояў?

— Вельмі важна! Асабліва сёння, калі так неспакойна ў свеце, ёсць спробы перапісаць гісторыю, абясцэніць уклад савецкага народа ў Вялікую Перамогу, заваяваную цаной мільёнаў жыццяў, развязаць новую сусветную вайну. Кожны з нас сваім жыццём, работай, службай, выхаваннем дзяцей павінен падтрымліваць сістэмныя дзеянні дзяржавы, трапятліва ставіцца да свайго гістарычнага мінулага, каб зберагчы і ўмацаваць адзінства нашай Радзімы. Гэта неабходна рабіць перш за ўсё для нашых дзяцей і ўнукаў. Яны павінны ведаць цану міру і свабоды, якія здабываліся многімі пакаленнямі. Наш абавязак — памятаць пра тыя падзеі і не даць іншым забыць пра іх, тым больш сказіць праўду пра гісторыю нашай краіны. Тады вайна не паўторыцца.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.