Воскрешённое захоронение, «узкоколейка жизни» и Поле Смерти. Рассказываем про Можейки и окрестности во времена Первой мировой войны

Важное История

Мажэйкі: памяці пра нежывых жыць

Роўна 102 гады назад скончылася Першая сусветная вайна. Сёння, 11 лістапада, у большасці яе краін-удзельніц адзнача­юць Дзень прымірэння і ўспамінаюць шматлікіх ахвяр тых падзей.

Тысячы салдат назаўжды палеглі і на пастаўскіх землях. Асабліва кровапралітныя баі адбываліся на тэрыторыі сучаснага Ярэўскага сельсавета. Там і цяпер можна ўбачыць шэраг сведкаў тых далёкіх падзей: захаваліся бетонныя збудаванні і воінскія пахаванні, добра чытаюцца лініі акопаў і ранейшай сеткі вузкакалеек, бачныя вялікія варонкі ад разрываў снарадаў. Расказаць пра ўсё гэта ў адным артыкуле немагчыма (ды і не варта), таму прапаную вывучаць мясцовасць паступова. Сёння — віртуальная гістарычная вандроўка ў вёску Мажэйкі і ваколіцы.

Пра адноўленае пахаванне

За паўтара кіламетра ад Мажэек у цяжкадаступнай балоцістай мясцовасці знаходзіцца невялікае пахаванне часоў Першай сусветнай вайны. Яно ўзнікла ў дні Нарацкай аперацыі 1916 года. У пасляваенны час гэта пахаванне даглядалі жыхары Мажэек, аднак у 70-я гг. мінулага стагоддзя тут «шчыра» папрацавалі чорныя капальнікі — перарылі магілы, раскідаўшы па перыметры астанкі салдат. Шукальнікі гістарычных каштоўнасцей прыходзілі сюды і пазней. Наводзіць пасля іх парадак ахвотных ужо не было.

Так раней выглядала пахаванне каля Мажэек
Адна з надмагільных пліт, якая захавалася

У 2017-м гэта зрабілі актывісты валанцёрскага руху «Заходні рубеж».

— Калі я тры гады назад упершыню трапіў на месца пахавання, перада мной паўстала жудасная карціна, — успамінаў лідар «Заходняга рубяжу» Андрэй Мацур. — У шматлікіх ямах — раскапаных магілах — стаяла вада. У ёй, як у люстэрку, адбіваліся неба, дрэвы. Стала не па сабе: нібы вокны ў пекла ўбачыў. З-пад зямлі дзе-нідзе тырчэлі перакошаныя пліты, вакол — смецце і паваленыя дрэвы. Папрацаваць давялося шмат. Сёлетняй восенню мы вярнуліся на пахаванне, правялі там яшчэ адзін суботнік і ўстанавілі крыж. Тым самым абазначылі могілкі і ўшанавалі памяць пахаваных там нямецкіх і рускіх салдат.

Падчас суботніка ў 2017 годзе
Могілкі пасля таго, як на ім папрацавалі валанцёры

Пра сумныя падзеі векавой даўнасці сучаснікам нагадваюць больш за два дзясяткі бетонных надмагільных пліт. Яны маюць форму крыжа, на некаторых з іх добра чытаюцца надпісы на нямецкай мове. Акрамя прозвішчаў загінулых, указаны воінскія часці, у якіх служылі, таксама пазначана дата смерці — 16—26 сакавіка 1916 года.

Так выглядалі могілкі каля Мажэек у 1916-м
Тыя ж могілкі з іншага ракурса

Па ініцыятыве валанцёраў дадзены аб’ект быў пашпартызаваны (зрабіць гэта дапамаглі супрацоўнікі раённага краязнаўчага музея). Цяпер пахаванне знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Пра «вузкакалейку жыцця» і 45 вандровак на Пастаўшчыну

Мажэйкі і наваколле даўно прыцягваюць увагу даследчыкаў Першай сусветнай. Сярод тых, хто цікавіцца гісторыяй гэтых мясцін і ў вогуле тэмай Вялікай вайны на Пастаўшчыне, — педагогі сярэдняй школы №1 г. Полацка Руслан Воюш і Вячаслаў Дзя­менць­еў, а таксама іх вучні.

Вучні і педагогі СШ № 1 г. Полацка. Фота зроблена непадалёк ад Мажэек

— Наведваць аб’екты Першай сусветнай вайны на Пастаўшчыне мы пачалі яшчэ ў 2013 годзе, — расказваў Вячаслаў Расціслававіч. — У ваш раён прыязджалі як мінімум 45 разоў і кожны раз знаходзілі штосьці новае. З вучнямі прайшлі амаль усю лінію фронту ад возера Варанец да вёскі Вілейты, шмат размаўлялі з жыхарамі вёсак. Упэўнены, што мы яшчэ неаднойчы вернемся на Пастаўшчыну. У нас ёсць планы стварыць інтэрактыўную карту месцаў баёў, распрацаваць патрыятычны маршрут «Па лініі фронту Вялікай вайны», стварыць музей Першай сусветнай вайны ў нашай школе.

Палачане на беразе Мажэйкаўскага возера
Знаходкі са стогадовай гісторыяй

Найбольш часта палачане прыязджалі на Ярэўшчыну. Неаднаразова былі і ў Мажэйках, суседніх вёсках. У час гутарак з жыхарамі, вывучэння літаратуры яны выявілі шэраг тапонімаў, што ўзніклі ў гэтай мясцовасці пасля падзей 1916 года. Пра іх Вячаслаў Дзяменцьеў падрабязна расказаў у дакладзе, які ў 2017 годзе прадставіў на навуковай канферэнцыі ў Брэсцкай вобласці.

«Мясцовы жыхар з вёскі Хацілы расказваў, што яго дзед памятаў, як вяскоўцы хадзілі па палях паміж Мажэйкамі і Хаціламі і збіралі забітых рускіх салдат. Пасля вясны яны пачалі аттаваць з-пад снегу. Ляжалі паўсюль. Пазней, падчас меліярацыйных работ, астанкі салдат выкопвалі з балот. Іх хавалі, дзе давядзецца, крыжоў не ставілі (улады не дазвалялі). Таму пра месцы пахавання інфармацыі амаль няма».

З даклада В. Дзяменцьева

Падчас сустрэчы з жыхаром в. Хацілы

Ціхае поле (Поле Смерці, Поле Доблесці), Лес Івана (Рускі лес), Лапінскі Лес, Балота Мерцвякоў (Мёртвае балота), Прасека Мулі, Лес Гіндэнбурга — гэтыя і іншыя назвы «прыжыліся» на асобных тэрыторыях у паўночна-заходняй частцы Пастаўскага раёна пасля Першай сусветнай вайны. Некаторыя з іх засталіся ва ўжытку мясцовых жыхароў і па сёння. Напрыклад, яны па-ранейшаму называюць Рускім лес, які цягнецца па былой лініі фронту ад Мажэек да Вілейтаў. Тут перад наступленнем канцэнтраваліся рускія войскі, размяшчаліся штабы, пункты сувязі, перадавыя санітарныя лазарэты.

Школьнікі ідуць праз Ціхае поле
Так сёння выглядаюць Лес Івана і Поле Смерці

У лясах пад Мажэйкамі прахо­дзіла і «вузкакалейка жыцця». Так называлі пабудаваную немцамі вузкакалейную чыгунку ад Ярэва да Мольдзевіч. Яна пачала дзейнічаць у пачатку 1916 года. Па ёй перавозілі боепрыпасы, правізію, будматэрыялы, асабовы склад. Да сакавіка гэта рабілася з дапамогай коннай цягі. А ўжо пазней з’явіліся бензольныя лакаматывы.

Перавозка грузаў з выкарыстаннем коннай цягі па вузкакалейцы з вёскі Ярэва на пазіцыю «Прасека Мулі»
Цягнік з бензольным лакаматывам на вакзале вёскі Мольдзевічы
Цягнік з бензольным лакаматывам перавозіць матэрыялы для бадаўніцтва умацаванняў. Вакзал Ярэва. 1916 год.

Нямецкія салдаты на ўчастку вузкакалейкі каля «Прасекі Мулі». 1916 год
Мост вузкакалейкі паміж вёскамі Рудзі і Шкірэлі

Вузкакалейкай жыцця чыгунку называлі таму, што яна выратавала многіх нямецкіх салдат ад смерці.  Насып ад яе заўважны ў лесе і сёння.

Насып былой вузкакалейнай чыгункі, лясны адрэзак паміж вёскамі Ярэва і былой пазіцыяй «Прасека Мулі»

Пра «монстра» і Chozile Enge

Наваколле Мажэек цікавае не толькі настаўнікам і вучням з Полацка. Сёлетняй вясной сюды прыязджаў даследчык Першай сусветнай вайны Уладзімір Багданаў. У адным з фотаальбомаў з яго прыватнай калекцыі ёсць нямала здымкаў, зробленых на ўчастку нямецкай абароны Chozile Enge (ён размяшчаўся паблізу вёскі Хацілы, Ксяндзоўскага і Мажэйкаўскага азёр).

Вёска Мажэйкі і навакольныя знаходзіліся на на ўчастку нямецкай абароны Chozile Enge

Укрыццё камандзіра 4-й роты лейтэнанта Цыгеля на ўчастку Хацілы. Ліпень 1916 г.

Нямецкае ўмацаванне

Гэтую мясцовасць Уладзімір Анатольевіч даследаваў упершыню. «Узброіўшыся» даўнімі картамі і здымкамі, на былым участку Chozile Enge ён 6 нямецкіх бетонных бліндажоў. Адзін з іх, метраў 18 у даўжыню, цесна суседнічае з адной з  сучасных мажэйкаўскіх дач. Яшчэ адно вялікае бетоннае збудаванне выявіў у лесе. У дзённіку паездкі даследчык жартам называе яго монстрам — настолькі ўражваюць памеры бліндажа.

 

У прыватнай калекцыі Ула­дзіміра Багданава таксама ёсць здымак, зроблены 4 лістапада 1916 года на могілках у Ярэве. На ім засведчана пахаванне нямецкіх салдат, якія ў гэты дзень загінулі пры атацы Мажэек. Падрабязна дадзеная ваенная аперацыя апісваецца ў кнізе «Битва у Нарочи».

«В 13.40 два бомбомёта, 26 тяжёлых полевых гаубиц, 16 лёгких полевых гаубиц, две 15-сантиметровые пушки, 36 полевых пушек и 24 миномёта всех калибров начали пристрелку по своим целям. Русская артиллерия отвечала слабо. В 14.30 немецкий огонь усилился до ураганного, вскоре вся деревня окуталась чёрным дымом.

В 15.29 огонь, словно колокол, окружил Можейки, блокируя их, и в 15.30 солдаты нашего полка рванулись вперёд из траншей. Одним броском были преодолены 300 м, отделявшие от противника. Перед самой деревней навстречу застрочили пулемёты. Их расчёты были просто выбиты ручными гранатами, а дальше можно было пройти деревню от края до края. Между тем особые подразделения приступили к разрушению ещё пригодных сооружений, другие собирали пленных и трофеи. Через час всё было кончено».

Пахаванне германскіх салдат, якія загінулі пры атацы на Мажэйкі. Могілкі ў Ярэва, 4 лістапада 1916 года

Сёння Мажэйкі — маляўнічая, ціхая вёска. Яна знаходзіцца на беразе вялікага возера, а таму не адчувае недахопу ў дачніках. Тут ёсць жыццё, у адрозненне ад многіх населеных пунктаў, чые назвы засталіся толькі на геаграфічных картах. Тут ёсць гісторыя — варта толькі ўважліва прыгледзецца да мясцовасці. Тут ёсць месца памяці — яе цяпер сімвалізуе крыж на пахаванні рускіх і нямецкіх салдат.

Жыццё. Гісторыя. Памяць.

У Дзень прымірэння гэтыя словы набываюць асаблівы сэнс…

Валанцёры «Заходняга рубяжу» на пахаванні каля Мажэек

Іна Сняжкова. Фота з прыватнай калекцыі і архіва Уладзіміра Багданава, 

архіва Андрэя Мацура і Вячаслава Дзяменцьева



Читайте также:

Дуки — поставская «машина времени». Предлагаем вернуться в годы Первой мировой войны
Следы Первой мировой на Поставщине. Таким Воронец вы ещё никогда не видели!
Экскурсии в прошлое. История 130-километровой брусчатки Поставы-Вильнюс



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.