Член Совета Республики Национального собрания РБ Елена Пантюхова о Дне письменности

Культура

Алена Панцюхова, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадзюсар РУП РТЦ «Тэлерадыёкампанія Вiцебск»:

— У суботу, 2 верасня, Гарадок прыме ўдзельнікаў і гасцей Дня беларускага пісьменства. А тэлеканал «Беларусь 4. Віцебск» у гэты дзень у 18.15 пакажа фільм «Паўночны Гарадок» пра гісторыю і сучаснасць Гарадоччыны. Здымачная група працавала ў раёне ў розныя поры года, знаёмілася з людзь­мі, славутымі мясцінамі. Мы пабывалі ў гідралагічным заказніку «Карыцінскі мох», прайшліся экалагічнай сцежкай, наведалі старажытную дубраву, здымалі дуб-волат, якому не менш за 400 гадоў, сплаўляліся на байдарках. У фільме раскажам пра аўтара знакамітай паэмы «Тарас на Парнасе» Канстанціна Вераніцына. Цытаты твора, прагучаць у выкананні акцёра Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Пятро Ламана.

Адна з навінак, якую прэзентуюць на Дні беларускага пісьменства, — прагулка па вераніцынскіх сцежках. У Гарадку ёсць помнік і памятныя знакі, прысвечаныя аўтару «Тараса на Парнасе» і галоўнаму герою яго паэмы. Падчас вандроўкі можна будзе даведацца і пра іншых знакамітых ураджэнцаў гэтай зямлі, пачуць вершы, напісаныя мясцовымі паэтамі. Брукаваная дарога, яўрэйскія могілкі ХVІІІ стагоддзя, Алея каваных ліхтароў, мемарыяльны комплекс «Бессмяротнасць», Дом рамёстваў, урочышча Вераб’ёвы горы — вось толькі некаторыя аб’екты, якія можна наведаць падчас розных маршрутаў.

Сталіцай Дня беларускага пісьменства заўсёды выбіраюць горад з багатай гістарычнай спадчынай. Часта ўспамінаю 2006 год, калі свята праходзіла ў Паставах. Я тады працавала карэспандэнтам абласной тэлерадыёкампаніі. Мы вялі прамую трансляцыю з мерапрыемстваў. Увогуле, люблю ваш горад. Не раз працавала на Міжнародным фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік». І цяпер, здараецца, наведваюся на Пастаўшчыну. Прыемна бачыць, як развіваецца раён, прыгажэе райцэнтр і як беражліва тут адносяцца да помнікаў архітэктуры, захоўваюць традыцыі продкаў.

Святкуючы Дзень беларускага пiсьменства, мы аддаём данiну павагi ўсiм, хто ствараў нашу культуру, садзейнiчаў асвеце i ўзняў на высокi ўзровень беларускае мастацкае слова. Продкi пакiнулi нам неацэнны скарб — родную мову, выдатнымi ўзорамi якой з’яўляюцца творы Францiшка Багушэвiча, Максiма Багдановiча, Янкi Купалы, Якуба Коласа, Уладзiмiра Караткевiча, Iвана Мележа. Сярод іх і ўраджэнец Пастаўшчыны Уладзімір Дубоўка. Заслугоўвае ўвагі і павагі сучасны пастаўскі пісьменнік, краязнавец Ігар Пракаповіч — аўтар шэрага паэтычных зборнікаў, вучэбных дапаможнікаў, навукова-педагагічных прац.

Але вернемся да свята ў Гарадку. Арганізатары рыхтуюць для гарадачан і гасцей шмат новых скульптурных форм, сярод якіх — знак самога свята. Яго аўтар — студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ігар Сілко. За аснову будучага аб’екта малады скульптар узяў стыль літар першага «Буквара». Дарэчы, Ігар быў на пленэры ў Паставах і пасля яго стварыў каменны трон, на якім чалавек з коцікам у руках.

Брэндам Дня беларускага пісьменства стануць кнігі — іх будзе шмат, таму кожны чытач абавязкова знойдзе сваю. На адной з інтэрактыўных пляцовак будуць працаваць дыджэі, вядучыя адной з найбольш папулярных рэгіянальных радыёкампаній «Віцебск». Там зможаце пазнаёміцца з тымі, каго вы ведаеце толькі па голасе, паўдзельнічаць у гульнях, віктарынах, конкурсах, атрымаць прызы. Свята абяцае быць насычаным і цікавым. Упэўненая, у Гарадок вам захочацца вярнуцца.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.