Народный женский клуб «Юнчанка» отпраздновал 25-летний юбилей

Главное Культура

З юбілеем, «Юнчанка»!

25 гадоў таму на базе Юнькаўскага сельскага Дома культуры быў створаны народны жаночы клуб «Юнчанка». Ён аб’яднаў жанчын з Юнек і навакольных вёсак і хутка стаў вядомы не толькі на Пастаўшчыне, але і за межамі раёна. На сваіх сустрэчах удзельніцы клуба дзяліліся адна з адной сакрэтамі вядзення хатняй гаспадаркі, абменьваліся вопытам у садова-агародных справах, падтрымлівалі здаровы лад жыцця, стваралі ўпрыгажэнні для дома, а таксама спявалі і зараджаліся пазітывам на доўгі час.

Заснавальніца «Юнчанкі» — Іна Дзеравянка. Ідэю стварэння калектыву падтрымаў дырэктар Юнькаўскага СДК Вячаслаў Грынько. Ён стаў першым акампаніятарам і прыгожай ігрой на акардыёне суправаджаў любое мерапрыемства і сустрэчы ўдзель­ніц клуба.

У 2005 годзе калектыў атрымаў званне «Народнае аматарскае аб’яднанне». Гэта падзея натхніла жанчын на плённую працу і новыя тэмы для сустрэч. Пад кіраўніцтвам Вольгі Назаранкі яны заняліся стварэннем прыгожых вырабаў.

Калектыў народнага жаночага клуба «Юнчанка» з яго кіраўніком Валерыем Жук’яном

Ішоў час. Мяняліся кіраўнікі «Юнчанкі». Але яе ўдзельніцы па-ранейшаму збіраюцца ў мясцовым Доме культуры. У свой час клуб узначальвала Ніна Мальцава (2008 г.). Яна падтрымлівала добры настрой у калектыве і кулінарнае майстэрства ўдзельніц, дапамагала раскрыць іх творчы патэнцыял. Вольга Нікалаева (2017 г.) працягнула справу. Вялікая заслуга яе ў тым, што калектыў набыў прыгожыя, больш сучасныя касцюмы. Алена Грыбко (2020 г.) абнавіла праграму дзейнасці жаночага клуба, пашырыла песенны рэпертуар. Кожны з кіраўнікоў унёс вялікі ўклад у развіццё «Юнчанкі» і натхніў удзельніц клуба на творчыя дасягненні.

За 25 гадоў існавання народны жаночы клуб «Юнчанка» заслужыў шмат узнагарод не толькі на раённым узроўні, але і на абласным. З задавальненнем яго ўдзельніцы выступаюць на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Міжнародным фестывалі народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», на абласным свяце аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст» і іншых. Менавіта «юнчанкі» нароўні з ансамблем «Паазер’е» прадстаўлялі раён на «Славянскім базары» ў далёкім 1998 годзе.

Кожнае мерапрыемства, кожны агляд раскрываюць перад калектывам новыя магчымасці. І ўдзельніцы актыўна рыхтуюцца да іх: ствараюць дзівосныя вырабы, знаходзяць новыя вясёлыя песні, выпякаюць духмяныя пірагі і розныя прысмакі. Той, хто з імі сустракаўся хоць раз, назаўсёды запомніць гэту сустрэчу. Са шчырымі ўсмешкамі, узнёслым настроем, вясёлымі песнямі і частушкамі вітаюць жанчынкі гасцей. Не забудуць і смачна пачаставаць іх, а пад пачастункі пацешыць цікавымі гісторыямі, байкамі або проста размовамі.

У 2022 годзе жаночы клуб узначаліў новы кіраўнік, які не проста натхняе жанчын, але і прымушае ўсміхнуцца. Гэта малады хлопец Валерый Жук’ян. З яго з’яўленнем у творчасці калектыву з’явіліся маладзёжныя павевы.

Сёння з вялікім гонарам хочацца падзякаваць за працу тым, хто з першага дня быў з клубам, ствараў яго гісторыю і рабіў вядомым не толькі ў раёне. А гэта Ірына Авізіч, Ірына Васкрасенская, Галіна Гродзь, Іна Дзеравянка, Марына Касцюк, Кацярына Лапушынская, Вольга Машкевіч, Вольга Назаранка, Ганна Сарока, Галіна Хацяновіч, Галіна Якубовіч, Ніна Мальцава, Вольга Лягкова, Валянціна Філімонава.

Народны жаночы клуб «Юнчанка» — калектыў актыўных, творчых і яркіх вясковых жанчын, якія заўсёды маюць новыя задумы і памкненні. Жадаем клубу рухацца толькі наперад і новых дасягненняў. З юбілеем «Юнчанка»!

Таццяна Карпава, вядучы навуковы супрацоўнік ЦкіНТ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.