В минувшие выходные в ОАО «Камайский-агро» начали уборку озимой пшеницы сорта «амелия»

Важное Сельское хозяйство

Схіляе каласы «амелія». Так называецца сорт азімай пшаніцы, якая ў ААТ «Камайскі-агра» займае 1 650 гектараў. У мінулыя выхадныя тут пачалі яе ўборку. У нядзелю да дажджу паспелі абмалаціць са 176 гектараў.

З першым намеснікам старшыні райвыканкама Гена­дзіем Лютынскім і галоўным аграномам сельгаспрадпрыемства Аксанай Касяковай ­едзем у поле за Шкіралямі. Землі тут малаконтурныя. Па адным з участкаў павольна рухаецца новенькі камбайн «Палессе». За штурвалам — Іван Яркоўскі. Іван Часлававіч — чалавек у сельскай гаспадарцы вопытны. Яму давяраюць найбольш адказныя работы, усюды спраўляецца выдатна. 11 сезонаў убіраў зерневыя на «Палессі». Калі два гады таму гаспадарка атрымала чатыры новыя камбайны, адзін з іх прапаноўвалі Часлававічу. Той адмовіўся на карысць старэйшага сына Аляксея. Потым на два сезоны «выпаў» са жніва. А сёлета кіраўніцтва ўгаварыла Івана Яркоўскага сесці на больш удасканаленае «Палессе». Прыгнаў камбайн з Глыбокага. Па дарозе слухаў работу матора, ацэньваў зручнасць кабіны. Цяпер адаптуе да работы.

— Камбайн сучаснага тэхнічнага ўзроўню, павышанай камфортнасці, нескладаны ў кіраванні, — расказваў механізатар. — Я ўгаворваў сына памяняцца, але Лёша адмовіўся.

Пакуль намалотамі Яркоўскі-старэйшы пахваліцца не можа: ён толькі выехаў у поле. Затое іншыя ўжо, як кажуць, адчулі смак, бо ўбралі 400 гектараў азімага ячменю, амаль 800 — азімага рапсу. На рахунку Мікалая Махоня 300 тон рапсу і больш за 500 тон зерневых, ва Уладзіміра Карыцькі — 270 тон рапсу, 450 — зерневых, Генадзія Юрэвіча — 174 і 400 тон, а ў Ігара Кузьміча — 216 і 370 тон адпаведна. Па колькасці намалочанага зерня камайцы лідзіруюць сярод камбайнераў раёна.

На адвозцы рупяцца ва­дзіцелі Міхаіл Шылько, Павел Кеўліч, Сяргей Бедунько, Цімафей Пушкароў, Яўгеній Мілта, Валерый Кірплюк, Казімір Чапскі, Віктар Тамашэвіч.

Кіпіць работа на зернесушыльным комплексе. Аператары Анатолій Кундра, Юрый Вербіловіч і Дзмітрый Косараў ужо прасушылі 1 000 тон рапсу і амаль 2 000 тон збожжа.

На другім участку каля Шкіралёў пшаніцу ўбіраў Аляксей Яркоўскі. Ён пацвярджае словы бацькі, што ад новага камбайна адмовіўся, бо задаволены сваім «Палессем», на якім працуе трэці сезон.

— Яркоўскія — залатыя хлебаробы, — гаварыла Аксана Касякова. — Прыклад ва ўсім для сыноў — бацька. Аляксей і Дзмітрый на яго раўняюцца. Ні ад аднаго з іх я не чула: «Не хачу, не буду!» За што б ні ўзяліся, выканаюць добрасумленна. Папацець на жніве прыходзіцца, але ж хлеба без поту не бывае.

Пакідаем пшанічнае поле. Ззаду за камбайнамі чародамі шпацыруюць буслы. На зжатыя палеткі заязджаюць трактары з прэс-падборшчыкамі і фарміруюць акуратныя цюкі саломы. Яе аператыўна зво­зяць да месца складзіравання.

Кожнае жніво не падобнае да папярэдняга. Сёлета планы на ўраджай аграрыям перакрэ­сліла засуха. Тым не менш у «Камайскім-агра» нядрэнна ўрадзіў азімы ячмень: сярэдняя ўраджайнасць склала  41,9 цэнтнера з гектара. Восенню пасевы пад гэту культуру плануюць павялічыць да 550 гектараў. Ужо вя­дзецца ворыва пад сяўбу.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.