В ОАО «Ярево-агро» в уборке зерновых и зернобобовых помогает молодёжь

Сельское хозяйство

Выручаюць маладыя памочнікі

У ААТ «Ярэва-агра» зерневыя і зернебабовыя займалі больш за 700 гектараў. Плошча ў параўнанні з іншымі гаспадаркамі невялікая, і ўсё ж справіцца з уборкай сваімі сіламі няпроста.

У полі на камбайнах працуюць мясцовыя механізатары Алег Нагановіч, Юрый Шэрко, Аляксандр Гінько і работнік Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Аляксандр Вежан. На адвозцы збожжа — ярэўскія вадзіцелі Генадзій Гінько, Уладзімір Трыфанаў і Ігар Галавін з лясгаса.

А вось набраць людзей на зернясклад было праблемай. Запрасілі школьнікаў, абітурыентаў і навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Іх работа нараканняў з боку кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства не выклікае. Задаволеныя і самі хлопцы.

Уладзіслаў Бароўка — пастаўчанін. Скончыў два курсы каледжа. Сябруе з Яраславам Андрэйкаўцом, які таксама збіраецца вучыцца на механізатара. Разам хлопцы ўладкаваліся на сушылку. Косцю Чаранёву і Мікіту Высоцкаму работа на складзе знаёмая: тут яны дапамагалі і летась.

— Працаваць нескладана, — расказвалі хлопцы. — Машына прывозіць збожжа з поля, высыпае перад падлогавай сушылкай. Мы яго рассоўваем па ёй. Час ад часу пералапачваем, каб хутчэй прасыхала. Калі давядзём зерне да патрэбнай кандыцыі, ссуваем у кучу, а пагрузчык загружае яго ў кузаў аўтамабіля, той вязе на склад.

— Хлопцы стараюцца, — хваліла юных памочнікаў загадчыца склада Ала Міхалевіч. — Выконваюць усё, што трэба. На змену ім у вячэрні час заступа­юць Уладзіслава Тарасевіч, Святлана Пачко, на загрузчык — Леанід Абрамаў.

У Ярэве я была разам са старшынёй райвыканкама Сяргеем Чэпікам. Ён адзначыў, што, калі б ні заехаў на склад, тут заўсёды парадак, і заслуга ў гэтым Алы Міхалевіч. Яна ўмее размеркаваць людзей, заахвоціць іх да працы.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.