Сельгаспрадпрыемствы раёна практычна завяршылі ўборку азімага ячменю. Ён займаў плошчу ў 2 672 гектары. Культура нядрэнна ўрадзіла: з кожнага гектара атрымалі ў сярэднім 26,8 цэнтнера. Летась мелі 21,4 ц/га. А ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» і «Хацілы-агра» намалацілі адпаведна па 68,4 і 53 цэнтнеры з гектара.
Хлебаробы пераключыліся на ўборку азімага рапсу. А на вызваленыя ад збожжа палі выехалі трактары з плугамі. У ААТ «Сцяг Перамогі-агра» ворывам займаюцца мясцовыя механізатары Сяргей Шчарбакоў і Сяргей Борыс, а таксама Алік Смільгінь і Валерый Тарговіч з малочнага завода. Іх сустрэла ў той час, калі яны, завяршыўшы работу на полі каля Біюцяў, пераехалі на поле за Пацкавічамі.
— Другі месяц рэдкі дзень абыходзіцца без дажджу, — гаварылі механізатары. — Камбайнеры, вадзіцелі ў няпростых умовах надвор’я ратуюць сёлетні ўраджай, а мы рыхтуем аснову пад будучы. Складана і ім, і нам. У сераду аралі каля Логавінцаў. І калі ўліў дождж, то ледзьве выехалі з поля. Сёння справа пайшла шпарчэй, бо ў гэтай мясцовасці ўчасткі вышэйшыя.
Развітаўшыся, механізатары селі ў кабіны трактароў, апусцілі плугі і рушылі наперад. Плугі, урэзаўшыся ў глебу, пераварочвалі яе пласты, загортваючы ржышча азімага рапсу. Наперадзе немалы аб’ём работы, але ён пад сілу вопытным аграрыям.
Анна Анішкевіч

