У гэтыя дні на палях усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна можна бачыць тэхніку. У нядзелю з першым намеснікам старшыні райвыканкама — начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзіем Лютынскім адправілася на сяўбу ў «Дунілавічы-агра». Па дарозе мы прыпыніліся каля поля перад Коўзанамі. Механізатар ААТ «Навасёлкі-Лучай» Анатолій Счасны збіраўся садзіцца ў кабіну трактара з плугамі.
— Толькі што паабедаў, — гаварыў Анатолій. — Суп, катлеты — усё смачнае і каларыйнае. Так што працаваць буду плённа! Вясной доўга раскачвацца няма як — час прыспешвае.
СП «Дунілавічы-агра», як звычайна, першым у раёне пачало сяўбу яравых на сяргеевіцкіх пясчаных землях. На гэты раз тэхніка была згрупавана за Калітамі. На палях абапал дарогі, якая вядзе праз лес, яшчэ ляжыць тоўсты пласт снегу. Нават не верыцца, што дзесьці ўжо працуе сеялка. Яе ўбачылі адразу за вёскай. Механізатар Станіслаў Заяц на трактары з загрузчыкам засыпаў насенне ячменю ў новую сеялку Дзмітрыя Лысёнка.
Гаспадарка напярэдадні пасяўной атрымала два новыя энерганасычаныя трактары «Беларус-3522». Адзін з іх даверылі Дзмітрыю. На ім з новай 9-метровай сеялкай і выехаў у поле. У суботу засеяў 30 гектараў, у нядзелю да абеду — 27. Працуе механізатар хутка і якасна.
Яшчэ адзін вопытны механізатар Юрый Зелянкевіч таксама на новым «Беларусе-3522» з новым культыватарам рыхтаваў глебу пад сяўбу.
Генадзій Лютынскі пацікавіўся, ці задаволены ён тэхнікай.
— Новая ёсць новая, — дзяліўся Юрый. — Пакуль нагрузкі не даю — абкатваю: праеду некалькі слядоў, выйду з кабіны праверу гайкі, балты, падрэгулюю.
Гутарыла з механізатарамі — і адчувала іх баявы настрой. За плячыма зімовыя дні рамонту, падрыхтоўкі да веснавых работ. І вось яна — сяўба! Важна набраць тэмпы і не збаўляць іх. Толькі б паспрыяла надвор’е!
Анна Анішкевіч





