В ОАО «Кураполье-агро» завершили косьбу и готовятся к жатве

Сельское хозяйство

У ААТ «Кураполле-агра» вясной зрабілі ўсё неабходнае, каб нарыхтаваць дастаткова кармоў для жывёлы на зімоўку і мець добрую пашу ў летні перыяд: сенажаці падкармілі мінеральнымі ўдабрэннямі, падсеялі канюшыну і злакавыя. Аднак анамальна спякотнае надвор’е і адсутнасць дажджоў на працягу двух месяцаў унеслі карэктывы ў работу аграрыяў: палі практычна павыгаралі, атрымаць запланаваную колькасць кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы пакуль не ўдалося.

Тым не менш механізатары рабілі ўсё магчымае, каб травы ўбраць своечасова: працавалі ў дзве змены. Першыя выяз­джалі ў поле ў 4 гадзіны раніцы і заканчвала работу ў абед. Іх змянялі іншыя. На касілках рупіліся Юрый Усовіч, Віктар Шымковіч, Уладзіслаў Дзядовіч і Мікалай Адзінец. Скошаныя травы зграбалі ў валкі Васілій Корнышаў, Генадзій Кухальскі, Дзяніс Курто, Аляксандр Фядотаў, Вячаслаў Барадай. На КВК-800 падбіралі зялёную масу Анатолій Шваякоў і Іван Гурзан. У гэтай рабоце курапольцам дапамагаў Віктар Шушкевіч з малочнага завода.

Сем адзінак тэхнікі былі задзейнічаны на адвозцы зялёнай масы да сянажных траншэй. Тут найвышэйшых паказчыкаў дабіліся Павел Болт і Валерый Станюш. Як і ў мінулыя гады, вялікі аб’ём работ на прэс-падборшчыку выканаў Аляксандр Яначкін: ён загарнуў у стрэйч-плёнку амаль 1 400 тон сенажу.

Грамадскі статак сельгас­прадпрыемства налічвае паўтары тысячы кароў, каля дзвюх тысяч цялушак і да тысячы галоў маладняку. У гаспадарцы будуецца новая ферма з круглагадовым утрыманнем жывёлы. Таму ўмацаванне кармавой базы — пытанне на­дзённае. Вяскоўцы спа­дзяюцца, што пасля невялікіх дажджоў, якія зрэдку сталі праходзіць, травы ажывуць, пойдзе ў рост кукуруза і ўдасца нарыхтаваць неабходную колькасць кармоў на зімоўку.

Цяпер многія механізатары аглядаюць камбайны. Яны зацікаўлены ў якасным рамонце тэхнікі і яе бездакорнай рабоце падчас уборкі зерневых і зернебабовых. Таму старанна  займаюцца наладкай вузлоў і механізмаў. Пройдзе крыху часу — і хлебаробы пачнуць жніво.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.