За круглым столом в райисполкоме обсудили проблему суицидов

Общество

У аўторак у райвыканкаме прайшло пасяджэнне круглага стала па прафілактыцы суіцыдаў і гібелі насельніцтва ад знешніх прычын. Мерапрыемства гэта традыцыйнае, ладзіцца штогод у пачатку верасня, калі адзначаецца Сусветны дзень прафілактыкі суіцыдаў.

Вядучай круглага стала выступіла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх раённага выканаўчага камітэта Марына Нагановіч. Адкрываючы сустрэчу, яна канстатавала: суіцыды і парасуіцыды ў першую чаргу звязаны з неспрыяльнай абстаноўкай у сем’ях і абумоўлены сацыяльнымі, эканамічнымі праблемамі, праблемамі са здароўем. У зале сабраліся прадстаўнікі службаў, якія павінны непасрэдна працаваць з людзьмі, — медыкі, педагогі, работнікі РАУС і тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, намеснікі кіраўнікоў устаноў і прадпрыемстваў раёна па ідэалагічнай рабоце, маладзёжныя лідары. Іх Марына Паўлаўна заклікала да цеснага супрацоўніцтва, не заставацца абыякавымі да тых, хто побач.

 

На днях адбылося пасяджэнне міжведамаснай камісіі па папярэджанні сямейнай нядобранадзейнасці, у прыватнасці насілля ў сям’і, — гаварыла выступоўца. — На ім падкрэслівалася: наймальнікі часта не зважаюць на тое, што іх работнікі ходзяць з сінякамі, нечым засмучаныя, звальняюцца без відавочных прычын. Ні адзін такі факт нельга пакідаць без увагі, бо ўсё можа скончыцца трагедыяй. Летась у нашым раёне была самая вялікая за ўвесь час колькасць парасуіцыдаў, здзей­сненых непаўналетнімі. Дзякуй Богу, усе падлеткі засталіся жывыя. Калі мы разбіраліся ў прычынах іх учынкаў, аказалася, што асноўная звязана з сям’ёй. Гэта парушэнне дзіцяча-бацькоўскіх адносін і адносін паміж бацькамі. І далёка не ўсюды прысутнічае алкаголь.

Штогадовая смяротнасць ад суіцыдаў у свеце складае 1-2% ад усіх лятальных зыходаў. Пры гэтым 20% смерцяў — ад знешніх прычын. У Беларусі летась скончылі жыццё самагубствам 1,5 тысячы чалавек, з іх 259 — у Віцебскай вобласці. У нашым раёне за першае паўгоддзе мінулага года наклалі на сябе рукі 3 чалавекі: двое мужчын і жанчына. За такі ж перыяд сёлета — 6 чалавек, сярод іх 5 мужчын. Такую статыстыку агучыў урач-псіхіятр ЦРБ Рустэм Крыніцкі.

Ён адзначыў, што праблема суіцыдаў комплексная і датычыць усіх, бо чалавек — істота сацыяльная. А жаданне смерці ў асноўным уласціва падлеткам і пажылым людзям, якія вызначаюцца эмацыянальнай няўстойлівасцю. Гэта пацвярджаюць сёлетнія выпадкі. У ліку іншых развітацца з жыццём вырашылі адзінокая 89-гадовая жанчына, якая жыла ў глухой вёсцы, і інвалід-калясачнік ва ўзросце за 70. Калі іх учынак можна зразумець (адсутнасць родных людзей, адзінота, праблемы са здароўем і фізічная бездапаможнасць), то як апраўдаць 38-гадовага мужчыну, які меў пастаянную работу і сям’ю з чатырма дзецьмі? Узнікла канфліктная сітуацыя дома — і чалавек пакінуў гэты свет, не падумаўшы пра сваіх блізкіх. Яшчэ больш жахлівы нядаўні выпадак: бацька, пагражаючы павесіцца, дэманстратыўна зацягваў пятлю на шыі ў прысутнасці 14-гадовага дзіцяці.

Для дзяцей, якія перажылі самагубства блізкіх ім людзей ці, горш за тое, бачылі яго, гэта траўма на ўсё жыццё, — працягваў Рустэм Адамавіч. — Яна можа праявіцца праз гады таксама жаданнем накласці на сябе рукі. Мы павінны памятаць, што ядро асобы фарміруецца ў дзяцінстве. І праблемы ў сем’ях, паводзіны дзяцей з асаблівасцямі развіцця неабходна кантраля­ваць у рамках устаноў адукацыі.

Па словах галоўнага ўрача раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святланы Рассеевай, сёння смяротнасць ад суіцыдаў у свеце перавышае колькасць смерцяў ад ВІЧ-інфекцыі, раку малочнай залозы і многіх іншых захворванняў. У найбольшай ступені гэта праблема прысутнічае ў развітых краінах, вельмі актуальная ва Усходняй Еўропе. Што да Беларусі, то ў нас выразна прасочваецца сувязь суіцыдаў з ужываннем алкаголю і дэпрэсіяй, на якую мала хто звяртае ўвагу. Як правіла, спісваюць яе праяўленні на асаблівасці характару чалавека. А між тым дэпрэсія — гэта хвароба, якую неабходна лячыць, у некаторых выпадках — медыкаментозна. І людзям трэба зразумець: не варта саромецца звяртацца па дапамогу да спецыялістаў — псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў.

Калі з падлеткамі 10—19 гадоў мы працуем — у школах і сярэдніх спецыяльных навучальных установах ёсць сацыяльныя педагогі і псіхолагі, то дарослае насельніцтва не ахоплена такой работай, — выказала занепакоенасць Святлана Анатольеўна. — І тут будуць вельмі дарэчы гутаркі ў працоўных калектывах, псіхалагічныя трэнінгі. Трэба выяўляць дэманстратыўных асоб і звяртаць на іх павышаную ўвагу. Кожны чалавек павінен ведаць нумар тэлефона даверу. Канешне, не ўсе самазабойствы можна прадухіліць. Але калі мы папярэдзім хоць адно ці два, гэта ўжо будзе вялікая справа.

Працягваючы тэму суіцыдальных паводзін непаўналетніх, педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна Інэса Турла ўзняла праблему міжасобасных адносін у школе — канфліктаў з аднакласнікамі і настаўнікамі. Нярэдка яны перарастаюць у булінг — агрэсіўнае ганенне на падлетка з боку равеснікаў. Як адзначыла Інэса Іванаўна, у гэтым навучальным годзе па дапамогу ў СПЦ ужо звярнуліся двое непаўналетніх, якія мелі такія праблемы. Пра тое, як яны вырашаюцца, расказала кіраўнік цэнтра Наталля Селіванава.

Булінг — вельмі вялікая праблема ў школах, — уключылася ў размову дзіцячы псіхолаг ЦРБ Вольга Русак. — І часам дзеці застаюцца непачутымі, калі прыходзяць да педагогаў. Выйсце тут адно — адправіць такое дзіця да спецыяліста, каб той выслухаў і дапамог яму.

Вольга Валер’еўна выказала гатоўнасць супрацоўнічаць з усімі школамі раёна і прадыктавала прысутным свой нумар тэлефона. Абмяняліся кантактамі і іншыя ўдзельнікі круглага стала. Ці будзе ён мець эфект, пакажуць час і непрадузятая статыстыка.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.