Касцёл Святога Антонія Падуанскага ў Паставах прызначаны адной з юбілейных святыняў

Духовность

Касцёл Святога Антонія Падуанскага ў Паставах загадам біскупа Віцебскай дыяцэзіі прызначаны адной з юбілейных святыняў.

13 лістапада бягучага года падчас сустрэчы святароў і кансэкраваных асоб біскуп Алег Буткевіч аб’явіў аб пачатку правядзення ўрачыстасцей з нагоды 25-годдзя заснавання Віцебскай дыяцэзіі. Яны будуць праходзіць да 1 снежня 2024 года.

Віцебская дыяцэзія была створана 13 кастрычніка 1999 года па просьбе кардынала Казіміра Свёнтка загадам Папы Яна Паўла II. Па сваіх межах яна супадае з Віцебскай вобласцю. Першым біскупам стаў ксёндз Уладзіслаў Блін, які на той час з’яўляўся пробашчам архікатэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве. Цяпер дыяцэзіяй кіруе біскуп Алег Буткевіч.

У рамках святкавання сярэб­ранага юбілею біскуп назваў 5 святыняў, якія будуць мець асаблівыя прывілеі. Імі сталі катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску, дыяцэзіяльны Санктуарый Маці Божай Браслаўскай, касцёлы Святога Андрэя Баболі ў Полацку, Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім і Святога Антонія Падуанскага ў Паставах.

Пастыр дыяцэзіі ўручыў пробашчам касцёлаў адпаведныя памятныя дошкі. Іх размясцілі на бачных месцах храмаў, каб кожны, хто ўваходзіць у іх, ведаў: тут усе вернікі, якія пакаюцца і выканаюць учынкі міласэрнасці, змогуць атрымаць поўны адпуст для саміх сябе ці ахвяраваць яго за душы вернікаў, што знаходзяцца ў чысцы.

Для атрымання поўнага адпусту неабходна прыступіць да сакраманту споведзі, прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца, наведаць з пілігрымкай юбілейныя касцёлы ў нашай дыяцэзіі і там пабожна ўдзельнічаць у юбілейных урачыстасцях ці правесці там пэўны час у малітве або разважаннях, якія трэба завяршыць малітвай «Ойча наш», апостальскім сімвалам веры і заклікамі да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пажылыя, нямоглыя і ўсе, хто з уважлівых прычын не выходзіць з дому, змогуць атрымаць поўны адпуст, калі не будуць мець ніякай прывязанасці да граху, выканаюць згаданыя вышэй умовы і духоўна далучацца да юбілейных святкаванняў, ахвяруючы міласэрнаму Богу ўласны боль ці нязручнасці жыцця.

Падрыхтавала Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.