100-летний юбилей отметила жительница Поставского района Антонина Никодимовна Якубович

Общество

100-гадовы юбілей адзначыла жыхарка раёна Антаніна Нікадзімаўна Якубовіч. У той дзень ад віншаванняў яна нават прытамілася, бо прымала іх і асабіста, і па тэлефоне.

Раніцай першымі падышлі да ложка дачка Ніна і зяць Мечыслаў, пры якіх цяпер жыве імянінніца. Затым патэлефанавалі малодшая дачка з Вільнюса, сярэдняя — з Пастаў (яна якраз захварэла і вырашыла не наведвацца да маці, каб засцерагчы ад вірусаў), унукі з Расіі, Польшчы. Прыемным сюрпрызам стаў прыезд з кветкамі і падарункамі дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марыі Курто і загадчыцы аддзялення дапамогі дома Іны Вырвіч.

Доўгажыхарка больш часу праводзіць у ложку. Так сустракала і гасцей. Выразныя мудрыя вочы, шчыры погляд, маршчынкі на твары і ўдзячнасць за ўвагу.

— Ваш стогадовы юбілей — значная падзея не толькі для вас, вашых родных, але і для ўсяго раёна, — гаварылі госці, віншуючы паважаную юбілярку. — За плячыма — нялёгкае жыццё. Але сёння вы атуленыя клопатам родных. Няхай грэюць вас іх любоў і ўвага, часцей успамінаецца тое светлае, што было, радуюць унукі і праўнукі.

Антаніна нарадзілася на Лынтупшчыне, у вёсцы Каптаруны. Ёй, як і людзям яе пакалення, давялося перажыць ваеннае ліхалецце. У памяці старажылкі добра адклаліся тыя трывожныя гады, пасляваенныя голад і разруха. Таму цяпер яна асабліва радуецца мірнаму небу, дзякуе Богу, ваенным і Прэзідэнту краіны за тое, што ў Беларусі спакой і стабільнасць.

Замуж выйшла ў суседнія Вялічкі. З мужам пабудавалі дом, выхавалі трох дачок.

— Нашы бацькі былі вельмі працавітымі, — расказвала дачка Ніна Субко. — Тым не менш асаблівага дастатку не мелі: цукеркі нам, дзецям, куплялі толькі на Божае Нараджэнне, булкі елі на Вялікдзень. Гэта цяпер розныя прысмакі можам дазволіць сабе кожны дзень.

Па словах дачкі, яе бацькі былі вельмі гасціннымі. Здаралася, што сусед ці іншы вясковец заходзілі ў дом, калі сям’я снедала, абедала або вячэрала, і чалавека абавязкова запрашалі за стол. Заглядваў хто ў іншы час — Антаніна Нікадзімаўна даставала з печы ўсё, што гатавала для сям’і.

— А як яны чакалі нас у сваім доме! — адначасова з радасцю і сумам гаварыла дачка. — Убачыўшы на падворку, выходзілі на ганак, а потым заўсёды праводзілі за вароты. Бацькі пражылі разам 63 гады. І калі тата памёр, мама яшчэ некаторы час жыла адна. А стала цяжка спраўляцца — мы забралі яе да сябе. Даглядаць дом на вялікай адлегласці ад Пастаў таксама складана, і мы яго прадалі, бо балюча глядзець, як пабудовы без гаспадара прыходзяць у запусценне.

Вечарам у доме Субко сабраліся самыя блізкія. Запалілі свечкі ў выглядзе лічбы «100» на торце, абдымалі імянінніцу, дзякавалі ёй за любоў, ласку, цеплыню, успаміналі шчаслівыя моманты мінулага.

— Бабуля мае выдатную па­мяць, — дзялілася ўнучка Наталля. — Хоць скончыла толькі тры класы, прырода надзяліла яе вялікай мудрасцю, якую ў яе трэба чэрпаць і чэрпаць.

Некалі мая знаёмая адзначыла, што жыццё трэба ацэньваць не колькасцю пражытых гадоў, а іх зместам. У Антаніны Якубовіч яно атрымалася і доўгім, і насычаным. Жанчына не страціла светлай душэўнай радасці, аптымізму. Таму, напэўна, і заслужыла ва Усявышняга цёплы клопат родных. Найбольшае шчасце стогадовай юбіляркі — тры дачкі, шэсць унукаў і шэсць праўнукаў. На жаль, не ўсе змаглі прысутнічаць на ўрачыстасці, але кожны з іх патэлефанаваў.

Антаніна Нікадзімаўна размяняла другое стагоддзе. Імянінніца пад яркімі ўражаннямі ад дня нараджэння і прадаўжае радавацца жыццю.

Анна Анішкевіч
Фота даслала Наталля Субко



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.