По примеру Святой Семьи стараются жить супруги Анна и Сергей Богушевичи из Воропаева

Духовность

Другі год запар Ганна і Сяргей Багушэвічы з Варапаева Божае Нараджэнне будуць адзна­чаць у малодшай дачкі Дзіяны ў Мінску. Туды прыязджае з Полацка і старэйшая, Іна. Радасць і пацеха для ўсіх — 10-гадовая унучачка Арына. Дзяўчынка першы год наведвае заняткі ў нядзельнай школе пры полацкім касцёле Святога Андрэя Баболі і любіць задаваць шмат пытанняў па рэлігіі. Найцікавей ёй слухаць бабулю з дзядулем.

Ганніна радзіма — вёска Цівунцы, дзе большасць вяскоўцаў былі католікамі. У гады яе дзяцінства найбліжэйшы касцёл знаходзіўся ў Гадуцішках. Гэта быў няпросты час, калі рэлігія была пад забаронай.

— Да першай споведзі мяне рыхтавала мама, — успамінала Ганна Антонаўна. — Малітвы вучыла на польскай мове і мала што разумела. Затое мама даступна тлумачыла мне пра Бога, Духа Святога, Езуса Хрыста, Яго бацькоў — Марыю і Юзафа, наказвала жыць па прыкладзе Святой Сям’і. Калі ксёндз прымаў экзамен перад першай споведдзю, то з прысутных там дзяцей у мяне былі найлепшыя веды. У падарунак я атрымала ружанец, на якім малюся ўжо 55 гадоў.

Грэюць сэрца ўспаміны пра рэлігійныя святы. Самае чаканае з іх — Божае Нараджэнне. У Ганны Багушэвіч захаваліся многія цацкі, якімі ўпрыгожвалі ёлку ў яе дзяцінстве. Шануе іх як рэліквію. А на ёлцы ў доме — сучасныя.

— Традыцыі ў сям’і былі такімі, як і ў іншых католікаў нашай мясцовасці, — расказвала жанчына. — Зранку мама завіхалася каля печы, гатавала посныя стравы. Клёцкі, якія падаваліся на вячэру з падсало­джаным цёртым макам, пякла цётка. У яе былі праблемы са здароўем, сваёй сям’і не мела і жыла з маёй бабуляй. На вігілійную вячэру яны абавязкова прыходзілі да нас. Я ў бацькоў была адна, таму заўсёды радавалася гасцям. Белую аплатку разам з віншавальнай паштоўкай дасылаў дзядзька з Польшчы. Ёй часта дзяліліся з тымі вяскоўцамі, якія яе не мелі. У бабулі было радыё, па якім слухалі Імшу з Польшчы ці Ватыкана.

Пасля школы Аня паступіла ў Вільнюскі політэхнічны тэхнікум. І там пачаўся новы этап яе рэлігійнага жыцця. Разам вучыліся дзяўчаты-каталічкі з Лынтуп. Пастаянна хадзілі ў Вострую Браму, у касцёлы Святой Ганны, Пятра і Паўла.

Сяргей нарадзіўся ў Балтыйску, дзе яго бацька, ураджэнец вёскі Крыўкі, праходзіў тэрміновую службу і там сустрэў сваё каханне. Хлопчыку не было і года, калі сям’я прыехала ў Беларусь.

Мой шлях да веры быў значна даўжэйшым, чым у Ані, — уключаецца ў размову Сяргей. — Мама — праваслаўная, родам з Украіны. Там мяне і ­дзвюх малодшых сясцёр хрысціла дома нейкая бабуля. Бацька — католік. Працаваў брыга­дзірам, быў членам партыі. Тым не менш сябраваў з бацюшкам з ажунскай царквы. Час ад часу мы ў ёй бывалі.

Сяргей з Аняй разам вучыліся ў варапаеўскай школе, сімпатызавалі адно аднаму. Іх пачуцці абудзіліся, калі хлопец вярнуўся з арміі.

— Да глыбокай веры я прыйшоў дзякуючы Ані, — расказваў мужчына. — Яна вяла мяне паступова: спачатку было вянчанне, затым — хрост дачок. Адкрыўся касцёл у Лучаі, пазней пабудавалі ў Варапаеве, і мы сталі рэгулярна ўдзельнічаць у набажэнствах.

Сёння Багушэвічы — практыкуючыя католікі. Сяргей з’яўляецца членам парафіяльнай рады варапаеўскага касцёла, удзельнікам кола жывога ружанца.

Прыкладам для іх была і застаецца Святая Сям’я, галоўнае для якой – паслухмянасць Богу, любоў да Яго і адно да аднаго.

Сяргей, як Святы Юзаф, працавіты, разважлівы, клапатлівы муж і бацька. Ганна — такая ж добрая і чулая, як Святая Марыя. Бацькоў радуе, што іх вера перадалася дочкам. Дзіяна — удзельніца касцельнага хору, які прыязджае з Мінска на розныя ўрачыстасці ў храмы Беларусі. Іна наведвае касцёл у Полацку.

Сабраўшыся за вігілійным сталом, Багушэвічы з дзецьмі будуць успамінаць сваіх родных і дзякаваць за некалі пасеянае ў іх душах зярнятка веры, якое дало багаты плён. Запаліўшы свечку, памоляцца, а дзелячыся аплаткай, пажадаюць адно аднаму спакою ў сэрцы, мірнага неба, Божай ласкі і цудаў. Калядная ноч — самы час верыць у тое, што ў Бога няма нічога немагчымага, калі давяраць Яму.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.