Проект «Имена героев — в названиях улиц» начали районный краеведческий музей, Поставы ТВ и Поставский край

История

Імёны герояў – у назвах вуліц. Праект пад такой назвай распачалі раённы краязнаўчы музей, рэдакцыя «Паставы ТБ» і рэдакцыя Пастаўскага краю»

Ён накіраваны на тое, каб данесці жыхарам раёна, асабліва маладому пакаленню, як мага больш поўную інфармацыю пра знакамітых людзей, чые імёны ўвекавечаны ў назвах вуліц, бо гэта частка гісторыі нашай краіны. А гісторыю трэба ведаць, і найперш для таго, каб ніхто не спрабаваў яе перапісаць і сказіць.

Першае мерапрыемства ў рамках праекта прайшло на мінулым тыдні ў музеі. Яно было прысвечана памяці Героя Савецкага Саюза Фёдара Маркава. 24 снежня спаўняецца 110 гадоў з дня яго нараджэння. Імя героя носяць вуліцы ў райцэнтры і ў Лынтупах, пярвічная арганізацыя БРСМ Пастаўскага дзяржкаледжа, на яго тэрыторыі ўстаноўлены бюст Фёдара Маркава.

А хіба не заслугоўваюць увагі такія назвы вуліц у горадзе і сельскай мясцовасці раёна, як Кляра, Кірычука, Сідарэнкі, Галубкова, Красільнікава і многія іншыя? Даведаемся больш падрабязна і пра іх.

Узначальваў партызанскі рух

Фёдар Рыгоравіч Маркаў нарадзіўся 24 снежня 1913 года ў в. Качанішкі Дзісненскага павета Віленскай губерні. Скончыў Свянцянскую настаўніцкую семінарыю. 20-гадовым юнаком стаў членам КПЗБ. За ўдзел у рэвалюцыйным руху ў Заходняй Беларусі ў 1936—1939 гадах адбываў зняволенне ў Бяроза-Картузскім канцлагеры, а потым у віленскай турме «Лукішкі». Пасля ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі ў верасні 1939-га вызваліўся з турмы. Працаваў старшынёй Свянцянскага гарсавета, намеснікам старшыні Вілейскага аблвыканкама. З’яўляўся дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі, а з 1940 года — дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Пачалася Вялікая Айчынная вайна — і Фёдар Маркаў добраахвотнікам пайшоў на фронт. Быў палітруком роты, ваяваў пад Полацкам, Віцебскам, на Бранскім фронце. У жніўні 1941-га рашэннем ЦК КП(б)Б яго адклікалі з фронту і накіравалі ў Вілейскую вобласць для разгортвання партызанскай барацьбы. За два месяцы падпольнай работы ў Вільнюсе, Золаве і Лынтупах ён арганізаваў дыверсійную партызанскую групу. Яна ажыццяўляла дыверсіі на чыгунцы, зрабіўшы засаду, знішчыла гітлераўскага гебітскамісара Бэка і шэфа жандармерыі Крыля, знішчыла карны атрад. У маі 1942-га на базе гэтай і яшчэ дзвюх партызанскіх груп — С. А. Пронькі і Г. З. Крукава—А. А. Сударыкава, якія з восені 1941-га дзейнічалі на тэрыторыі Пастаўскага і Дунілавіцкага раёнаў, быў створаны партызанскі атрад у колькасці 86 чалавек на чале з Маркавым. Атрад разграміў праціўніка ў Груздаве, Кабыльніку, Мядзеле.

За ўзорнае выкананне баявых заданняў у тыле ворага і асобыя заслугі ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР палкоўніку Маркаву Фёдару Рыгоравічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У канцы лістапада 1942 года на базе атрадаў імя Суворава і «Знішчальнік», якія дзейнічалі на Мядзельшчыне, была створана партызанская брыгада імя Варашылава. Камандзірам назначылі Маркава. Брыгада была адной з самых буйных і баяздольных у вобласці — да кастрычніка 1943-га ў яе радах змагалася з фашыстамі 1 196 партызан. З лета 1943-га Фёдар Маркаў узначаліў ваенна-аператыўны аддзел пры Вілейскім падпольным абкаме партыі і кіраваў партызанскім рухам у Вілейскай вобласці.

У мірны час Фёдар Маркаў працаваў намеснікам старшыні Вілейскага і Маладзечанскага аблвыканкамаў. Яго неаднаразова выбіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, многімі медалямі.

Жыццёвы шлях Фёдара Рыгоравіча завяршыўся ў 1958 годзе, ён пахаваны ў Маладзечне.

Пра ўсё расказаў, а таксама прадэманстраваў відэакадры дырэктар музея Аляксандр Кузняцоў.

Шануюць памяць

Найбольшую частку прысутных на мерапрыемстве складалі навучэнцы дзяржаўнага каледжа. І вось з якой прычыны: пярвічная арганізацыя БРСМ гэтай навучальнай установы носіць імя Маркава. Навучэнкі Надзея Пахолка і Анастасія Данілава, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі каледжа Ларыса Жук расказалі пра тое, якая вялікая работа ў 1985—1986 гадах праводзілася ў навучальнай установе за права прысваення камсамольскай арганізацыі імя Фёдара Маркава. Педагогі і навучэнцы знаходзілі адрасы тых, хто ваяваў або працаваў побач з Фёдарам Рыгоравічам, запісвалі іх успаміны, ездзілі ў музеі ў іншыя гарады, афармлялі альбомы, стварылі цэлы куток, прысвечаны яму.

Пасля таго, як райкам камсамола прыняў рашэнне аб прысваенні пярвічнай камсамольскай арганізацыі вучылішча (зараз дзяржкаледж) імя Фёдара Маркава, тут сталі праводзіцца суботнікі з мэтай збору грошай на выраб і ўстанаўленне бюста героя. І ён быў устаноўлены.

Змяніўся статус навучальнай установы, яе скончылі юнакі і дзяўчаты не аднаго пакалення. Але тут нязменна захоўваецца памяць пра Фёдара Маркава.

Ёсць вуліца прыгожая…

І яна носіць імя Маркава. На мерапрыемстве ў музеі прысутнічалі жыхары гэтай вуліцы ў райцэнтры — муж і жонка Сяргей і Алена Катовічы. Яны вельмі цёпла расказалі пра сваіх сусе­дзяў і заключылі: калі б Фёдар Маркаў быў жывы, ён ганарыўся б імі.

Вуліца невялікая — на ёй усяго 38 дамоў. Засяленне пачалося ў 1972 годзе. Першай тут пабудавала дом сям’я Шчановіч. Гаспадыні зараз 80 гадоў, яна жыве разам з дачкой. У ліку першых навасёлаў на гэтай вуліцы — Міхновічы, Трахімовічы, Рудзікі, Андрэевы, Жук’яны, Лашукі. Старажыл — былая настаўніца Яўгенія Пятроўна Антаневіч, якую ў Паставах ведаюць і паважаюць многія. Як і Галіну Латочку, Фёдара і Тамару Грыгор’евых, мнагадзетную сям’ю Ганны і Рамана Голубаў і іншых. Мажэйкі, Махнісы, Мялешкі, Зелюковы, Авіны, Скіпары, Дзеравянкі таксама з гэтай вуліцы.

— Усе нашы суседзі — цудоўныя людзі, — расказвалі Алена і Сяргей Катовічы. — Калі трэба, падкажуць, дапамогуць. Раздзяляюць радасць, не застаюцца раўнадушнымі, калі ў каго здараецца бяда. Усе вельмі многае робяць па добраўпарадкаванні сваіх сядзіб, разам абсталявалі месца адпачынку ля ракі, якая працякае непадалёк вуліцы.

Сяргей Катовіч прывёў і такі прыклад. Калі ён у каман­дзі­роўках прад’яўляе пашпарт і, ўбачыўшы прапіску па вуліцы Маркава, у яго іншы раз цікавяцца, хто такі Маркаў, ён з гонарам расказвае пра Героя Савецкага Саюза.

А ці раскажаце вы пра таго, чыё імя носіць вуліца, на якой жывяце?

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.