Егор Радько нашел сведения об пропавшем без вести прадеде-красноармейце, уроженце Поставщины

История

Мінчанін Ягор Радзько ў музейным комплексе «Дарога Памяці. 1418 крокаў да Перамогі» ў Падмаскоўі знайшоў інфармацыю пра прадзеда, які ваяваў на фронце і прапаў без вестак.

Ні ў Агародніках, ні ў ваколіцах няма ўжо тых, хто памятаў бы Антона Радзько. Ён нарадзіўся ў 1908 годзе. Жыў у гэтай вёсцы. З жонкай выхоўвалі сына Яўгена. У 1943-м у сям’і нарадзілася дачушка, але яна пражыла ўсяго паўгода. Немцы, адступаючы, знішчалі вёскі разам з жыхарамі. Аднаго разу перапалоханая маці ў такім стане пакарміла дачку грудным малаком, і тая памерла. У жніўні 1944-га на вайну забралі гаспадара. А ў пераможным 45-м сям’я атрымала паведамленне, што радавы чырвонаармеец Антон Радзько прапаў без вестак. З часам удаве прызначылі 8 рублёў дзяржаўнай дапамогі з прычыны страты карміцеля.

— Бабулі, нашаму тату, нам, тром унукам, і шасці яго праўнукам хацелася ведаць пра лёс дарагога чалавека, — расказвала ўнучка ветэрана Наталля Ганчарова. — Спрабавалі праз архівы адшукаць звесткі, дзе ваяваў і дзе загінуў. Але безвынікова. Балела душа яшчэ і таму, што яго прозвішча не значыцца на помніку загінулым землякам у Савічах.

Штогод у Дзень Перамогі ўнукі разам з праўнукамі і прапраўнукамі ветэрана звычайна бяруць цюльпаны і едуць у Савічы, каб ушанаваць памяць пра яго. 40 гадоў таму памерла ўдава Марыя, а 15 таму — сын Яўген. Жаданне штосьці даведацца пра продка перадалося праўнукам. Адзін з іх, Ягор Радзько, нядаўна з сям’ёй паехаў на адпачынак у Санкт-Пецярбург. Па дарозе вырашыў наведаць музейны комплекс «Дарога Памяці. 1418 крокаў да Перамогі», што знаходзіцца ў падмаскоўным горадзе Кубінка.

— Назва музея сімвалізуе колькасць дзён вайны, — расказваў Ягор. — І па кожным дні ёсць асобная інфармацыя. Усе 34 залы музейнага комплексу маюць сваю назву. 27 з іх — з эфектам поўнага або частковага пагружэння ў інтэрактыўную рэальнасць. У многіх без перапынку дэманструюцца фотаздымкі «Бессмяротнага палка».

Ягор вырашыў праверыць, ці ёсць тут звесткі пра прадзеда. Набраў яго даныя на тэрмінале і быў вельмі ўражаны, калі на экране высвецілася: «Радько Антон Петрович. Годы жизни — 1908—01.1945. Звание — рядовой, красноармеец. Место рождения: Белорусская ССР, Вилейская область, Поставский район, Савичский сельсовет, д. Огородники. Место службы: пп. 05864 ш, 38 усп. Место призыва: Белорусская ССР, Молодечненская обл., Поставский райвоенкомат». Фотаздымка няма. Замест яго — вечны агонь. Затое колькі інфармацыі! І яна захоўваецца ў такім знакавым месцы. На жаль, ні месца смерці, ні месца пахавання невядомыя.

— Калі прачытаў, мурашкі пабеглі па целе, — працягваў Ягор. — Паклікаў сыноў Данілу і Ціхана і коратка расказаў гісторыю сям’і. Сеўшы ў машыну, хлопцы задавалі шмат пытанняў. І ў Санкт-Пецярбургу мы не раз вярталіся да гэтай тэмы. Увогуле, музей вельмі ўразіў. У першай зале дакладна можна ўявіць, як немцы бамбілі Беларусь: праз празрыстую падлогу бачныя дзіцячыя цацкі, бітае шкло. Пагранічны слуп сімвалізуе Брэст, які першым прыняў на сябе ўдар ворага. Тут жа мост, што вя­дзе да варот Брэсцкай крэпасці. А блакадны Ленінград?! Адчуць тую атмасферу голаду, холаду дапамагае неверагодны холад у зале.

Пакінуўшы музей, Ягор патэлефанаваў бацькам і падзяліўся навінамі і фотаздымкамі, зробленымі ў ім. Тыя разаслалі інфармацыю родным. Цяпер яны будуць хадайнічаць аб занясенні імя і прозвішча Антона Радзько на помнік у Савічах. А таксама адправяць фотаздымак ветэрана ў «Дарогу Памяці. 1418 крокаў да Перамогі».

— Усё менш застаецца людзей, якія прайшлі пекла Вялікай Айчыннай, — гаварыў Ягор. — Але па­мяць пра тыя жудасныя гады павінна жыць. І мы абавязаны рабіць усё магчымае, каб больш не паўтарыліся тыя жахі, каб мірным было неба над галавой. Вельмі добра, што створана лічбавая гісторыя, даступная нашчадкам герояў.

Анна Анішкевіч
Фота даслаў Ягор Радзько



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.